Loading

Беларусы працягваюць уцякаць з краіны, дзе рэпрэсіі не спыняюцца ні на дзень. На радыё Ўнэт гучыць чарговая гісторыя пра тое, як чалавек пешшу прыйшоў ва Украіну, дзе ідзе вайна. Бо беларускі «мір» не лепш за вайну. З адной толькі розніцай: катуюць свае ж.

Андрэй родам з Маларыты, працаваў юрыстам, з’яўляецца чальцом сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная грамада». У 2020 годзе ўдзельнічаў у акцыях пратэсту супраць фальсіфікацыяў на выбарах і гвалту, пісаў пасты ў сацсетках.

Апошнія два гады рэпрэсіі яго абыходзілі, але ў верасню брэсцкі ГУБАЗіК і мінскі АМАП прыйшлі і да яго. Адсядзеў пяць содняў у брэсцкім ІЧУ. А 29 лістапада па крымінальнай справе суд прысудзіў Андрэю два гады пазбаўлення волі.

Мужчына прыняў рашэнне бегчы з краіны. Развітаўся з роднымі, узяў заплечнік і літаральны пешшу пайшоў ва Украіну. Праз лясы і балоты прабіраўся пяць дзён. Спачатку ішоў па мапе, а калі тэлефон разрадзіўся, то інтуітыўна.

Ночыў у альтанках на берагах азёраў, паліў вогнішча, каб сагрэцца і чаргаваў адзенне і абутак. Калі ўласныя запасы ежы скончыліся, знайшоў вялікі баравік і засмажыў яго. А потым пашчасціла ў адной альтанцы знайсці ежу.

Праз пяць дзён Андрэй выйшаў да людзей і адразу папрасіў патэлефанаваць у адпаведныя органы. Спачатку з ім размаўлялі байцы мясцовай тэрабароны, затым памежнікі і СБУ. Андрэй кажа, што ўсе ўкраінцы вельмі добра і гасцінна да яго ставіліся і ва ўсім дапамагалі.

Праверка ў СБУ і паліграф занялі пэўны час, але Андрэю няма чаго хаваць, таму праверку ён прайшоў і паехаў да Львова. Там сябры Беларускага антыкрызіснага цэнтру дапамаглі з жыллём і ежай, а таксама з падачай на польскую візу.

Зараз Андрэй чакае на візу, а памагатыя абвесцілі збор грошаў на квіток і першы час пратрымацца ў Польшчы, пакуль не ўладкуецца. Андрэй кажа, што там з жыллём і працай яму дапамогуць сябры па партыі.

Гісторыя Андрэя – чарговае сведчанне таго, што рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца ні на дзень. Рэжым помсціць народу, людзі пакутуюць.

Поўную размову з Андрэем слухайце ў плэеры ніжэй.

 

Падпісвайцеся на наш тэлеграм t.me/radiounetfm

Comments are closed.