Loading

Роўна 3 гады таму – 9 жніўня 2020 года – адбыліся тыя самыя прэзідэнцкія выбары без выбару, пасля якіх Беларусь прачнулася і змянілася. Большасць беларусаў зразумела ўзровень дзяржаўнай хлусні і гвалту супраць свайго ж народу і паўстала. Потым была рэакцыя. Былі рэпрэсіі. І многія, хто ўсё гэта зведаў на ўласным досведзе, знайшлі дапамогу ў фондах салідарнасці – спачатку гэта быў ByHelp, потым BySol. Лепей пра тое, як салідарызаваліся беларусы распавядзе кіраўнік фонду беларускай салідарнасці BySol Андрэй Стрыжак, з якім мы абмеркавалі апошнія тры гады змагання беларусаў за свабоду.

Фота: Руслан Серадзюк.

— Усе мы памятаем, што ініцыятыва збору сродкаў талакой, так бы мовіць, выбухнула падчас разгару пандэміі ўвесну 2020 і потым трансфармавалася ў структуры дапамогі людзям, якія зазналі палітычна матываваны пераслед. Для вялікай часткі беларускага грамадства 9 жніўня падзяліла жыццё на да і пасля. Калі вось так прыгадаць вашу працу хранаметрычна – калі вам давялося з кавіднай ініцыятывы трансфармавацца ў палітычную і калі пачаліся першыя звароты па дапамогу ахвярам палітычнага пераследу? Ці стала дата 9 жніўня нейкім рубіконам у маштабах палітычных рэпрэсіяў?

— Ну тут дакладна трэба сказаць, што я бы не абагульняў досвед ByCovidа і досвед ByHelpа, які ўжо тады існаваў, і досвед BySolа, які яшчэ не з’явіўся на свет 9 жніўня. Гэта тры розныя трэкі, нягледзячы на тое, што падобныя людзі займаліся тым, што рабілі яго.

ByCovid ствараўся менавіта як грамадская ініцыятыва, якая не мае ніводнай палітычнай падаплёкі. У прынцыпе, толькі дзякуючы таму, што мы паўсюль транслявалі і казалі, што ByCovid-19 не мае палітычных ніякіх мэтаў, і ўдалося дасягнуць таго, што ўдалося. Бо як толькі мы б сказалі нешта пра палітыку, мы б проста не змаглі бы заходзіць у шпіталі. У мяне было вельмі дзіўнае адчуванне, што я свой сярод чужых і чужы сярод сваіх. Таму што тады мае сябры, мае вельмі паважаныя калегі з незалежнай журналістыкі не разумелі, чаму я не магу ім расказваць нейкія факты з таго, што адбываецца ў шпіталях.

Зараз ужо зразумела, што гэта была слушная стратэгія і на той момант яна была правільна абраная. Бо менавіта ByCovid-19 быў такой пясочніцай шмат для каго, хто ўпершыню прыйшоў у грамадскую дзейнасць, у валанцёрства ў прыватнасці. Я потым бачыў гэтых жа самых людзей, якія, прайшоўшы праз ByCovid, зразумелі ў чым сутнасць праблемы, чаму пытанні зусім не на ўзроўні там галоўнага доктара раённай бальніцы альбо нават «аблздрава», а праблемы на ўзроўні дзяржавы. І шмат хто ўпершыню асэнсаваў, што гэта дзяржава павінна быць іншай.

І таму я быў не здзіўлены, бачачы валанцёраў ByCovidа сярод тых людзей, якія збіралі подпісы за незалежных кандыдатаў, сярод тых жа людзей, якія потым спрабавалі вылучыцца ў камісіі. Я бачыў тых жа людзей, якія потым выходзілі на пратэсты. І, на жаль, частка з іх стала потым палітвязнямі, хтосьці з’ехаў з краіны – па-рознаму лёсы склаліся. Але сама па сабе сітуацыя, што ByCovid дакладна быў такой пясочніцай грамадскай актыўнасці ўзору 2020 году, я падкрэсліваю – да 20-га году нешта ў Беларусі існавала, зразумела, гэта была дастаткова развітая грамадзянская супольнасць, але яна была трохі такая, на мой погляд, элітарная. А масавай, народнай, «ад сахі», яна якраз зрабілася ў 20-м годзе, калі шырокія народныя масы зразумелі сутнасць праблемы, зразумелі, што далей так быць не можа.

Калі мы кажам пра ByHelp, то ён пачаў працаваць адразу ж пасля таго, як скончыўся ByCovid. Афіцыйна завіў пра сваю рэактывацыю. Гэта была абсалютна вывераная пазіцыя, каб не змешваць гэтыя дзве гісторыі. І ByHelp на пачатак жнівеньскіх падзеяў ужо меў на сваіх рахунках і выплочваў гэтыя грошы на штрафы, якія тады ўжо сыпаліся, калі 250 тысяч еўра. Ён у чэрвені-ліпені стартаваў і пачаў аказваць дапамогу людзям, якія траплялі пад прэс рэпрэсіяў ужо падчас выбарчай кампаніі.

А, калі мы кажам пра BySol, то ён быў створаны, калі мы зразумелі, што ByHelp не выцягне ўсіх задач, якія стаяць перад сістэмамі дапамогі, скажам так. Мы вылучылі асобную каманду, гэта былі асобныя людзі. Яны пачалі займацца дапамогай палітычным звольненым і стыхійна фармуючымся на прадпрыемствах страйкамам. Гэта была асноўная задача BySolа на першым этапе ягонай працы.

Адразу пасля падзеяў 9 жніўня мы пашырылі мандат на дапамогу параненым, збітым людзям, якія пацярпелі ад гвалту сілавікоў, і сем’ям тых, хто загінуў у сувязі з дзеяннямі сілавікоў.

— Зараз часта, і не толькі ад дзяржаўных прапагандыстаў, але і ў эмігранцкім дэмакратычным асяродку можна пачуць, што Стрыжаку, маўляў, Лукашэнка мусіць даць ордэн за тое, што ён прыдумаў схему фінансавання апарату рэпрэсіяў грашыма саміх жа праціўнікаў рэжыму праз збор грошай на аплату штрафаў, прызначаных гэтым рэпрэсіўным апаратам. Ці лічыце вы слушнымі такія закіды на ваш адрас? Што б Вы адказалі тым, хто сцвярджае, што такім чынам мы самі легітымізавалі ўладу, якую не абралі на выбарах, прыняўшы іхнія правілы гульні?

— Ёсць сітуацыі, калі ты дапамагаеш, чым можаш. Наконт ордэнаў і ўсяго астатняга – я думаю, што не Лукашэнку мне гэтыя ордэны даваць, а ўжо новай уладзе, калі людзі вырашаць, што гэта трэба рабіць. У той канкрэтнай сітуацыі, калі мы кажам не папулісцкімі закідамі, што вось там «чаму вы не скінуліся на снайпера, а скінуліся на штрафы 18 тысячам чалавек?», наша задача была ў тым, што мы проста працягвалі тое, што рабілі раней. І мы працягвалі тое, што рабілі праваабаронцы, нашыя калегі, увесь час існавання праваабарончага сектару. Мы дапамагалі людзям, якія трапілі ў бяду.

І, калі сітуацыя на 2020 год была той, якая яна ёсць, ніхто не думаў нават блізка, што людзей праз тры гады пасля выбараў будуць тузаць, штырхаць і саджаць у турмы за нейкія там налепкі на прапусках на працу. І абсалютна слушна ў той момант мы думалі, што самае галоўнае – закрыць гэтыя патрэбы і дазволіць людзям расплаціцца з гэтымі штрафамі.

Таму што, калі мы кажам пра агульныя памеры фінансавання той жа самай сілавой структуры Беларусі, то яны зусім не параўнальныя з нават тымі трыма, пяццю ці васьмю мільёнамі еўра, якімі больш-менш маглі размяркоўваць дзве ініыятывы – BySol і ByHelp.

Таму на закіды можна сказаць: калі хтосьці ведае, як зрабіць лепш, ён можа стаць і зрабіць. Ён можа стварыць сістэму, ён можа зарабіць сабе рэпутацыю, ён можа зрабіць усё, каб сістэма працавала як трэба, як ён сабе бачыць.

Але збольшага такіх людзей я ўвогуле не ўспрымаю, як нейкіх адэкватных, канструктыўных крытыкаў, таму што ёсць такая катэгорыя людзей, якая заўсёды ведае, як лепш, але ніколі нічога сама не робіць. Абсалютна спакойна стаўлюся да гэтых закідаў – сабака брэша, а караван ідзе.

— На Ваш погляд, гэтыя тры гады – ці гэта гісторыя паразы беларускага грамадства ці гэта проста – гісторыя?

— Мы дакладна прайгралі бітву. Гэта трэба прызнаць, гэта таксама частка рэфлексіі. Пакуль мы не пройдзем гэтую рэфлексію, пакуль будзем увесь час чапляцца да рэаліяў 2020 года, мы не зможам зрабіць далейшы крок.
Як бы гэта не было прыкра казаць, 2020 год – гэта была спроба, якая не была завершаная. У нас не атрымалася ў той момант перамагчы. 2023 год – новыя выклікі, новыя запыты ад грамадства. Трэба іх разумець, трэба іх адчуваць і быць гатовым да новага акна магчымасцяў.

Немагчыма перамагаць у тых бітвах, якія ўжо прайшлі. Вайна працягваецца. І гэта вайна ў прамым сэнсе слова. Беларусь зараз за некалькі крокаў да таго, каб на нашу тэрыторыю таксама магла перакінуцца гэтая агрэсіўная вайна, якая была развязана Расіяй. Ніколі, хіба, мы не былі так блізка да страты незалежнасці пасля яе атрымання ў 1991 годзе. Ніколі мы не былі так блізка да такой геапалітычнай катастрофы.

Сама па сабе сітуацыя зараз такая, што Лукашэнка хваліцца тым, што ён захаваў суверэнітэт. Ну, чувак, за 30 год усе твае суседзі не тое, што захавалі, яны памножылі, яны ўступілі ў нейкія міжнародныя саюзы, з імі ўсё больш-менш добра, у людзей расце дабрабыт, усё працуе. А тое, што Лукашэнка зараз кажа, як свае дасягненні – гэта, канешне, смешна.

Але самае галоўнае – трэба не губляць імпэту, трэба разумець, што гэта ўсё можа быць вельмі надоўга. І памятаць пра тое, што ў той жа Польшчы, напрыклад, пасля разгрому «Салідарнасці» і ўстанаўлення ваеннага стану, а потым і скасавання ваеннага стану, была найвялікшая дэпрэсія, людзі думалі, што ўсё згублена, што ўсё – усе сядзяць, усе інтэрнаваныя, хто па турмах, хто па замежжах, нічога не адбудзецца. Ніхто не думаў, што савок разваліцца настолькі хутка. Ніхто не думаў, што камунізм настолькі хутка ляснецца.

Я амаль упэўнены ў тым, што зараз гісторыя робіць новы віток сваёй спіралі. І мы ствараем гэтую гісторыю. Таму не спыняемся, працуем далей. У нас іншага выйсця няма. Мы не можам здацца, таму што адзіны шлях да перамогі – гэта працаваць далей.

Гэта скарочаная тэкставая версія размовы з Андрэем Стрыжаком. Цалкам гутарку можна паслухаць у плэеры ніжэй:

Comments are closed.