Loading

Тыдзень таму стала вядома, што палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк, якая адбывае тэрмін у калоніі ў Зарэччы, вырашыла адмовіцца ад беларускага грамадзянства. Жанчыну з-за гэтага накіравалі на судова-псіхіятрычную экспертызу. Дзе яна зараз, невядома – расказаў радыё Ўнэт муж Паліны Андрэй Шарэнда. Ён прызнаўся, што ведаў пра такое рашэнне сваёй жонкі раней, але без пацвярджэння не мог яго агучваць.

— Андрэй, прайшоў тыдзень, як было агучана рашэнне Паліны адмовіцца ад беларускага грамадзянства. Ад яе па-ранейшаму няма навін?

— Больш за паўтара месяцы ад Паліны няма ніякіх навін. Інфармацыя прыйшла толькі ад адваката, што судова-псіхіятрычная экспертыза скончыцца недзе 5 чэрвеня. Пасля гэтай даты стане вядома, што далей будзе з судом, будзе вядома, дзе Паліна знаходзіцца. Зараз такую інфармацыю атрымаць ніяк не магчыма.

— А заяву, што яна адмаўляецца ад беларускага грамадзянства, яна Вам як перадала?

— Яна перадала праз адваката і напісала ў лісце. Фактычна, што яна адмаўляецца ад грамадзянства, стала вядома ўжо некалькі тыдняў таму. Ліст, які яна напісала ішоў месяц. І таму мы чакалі пацвярджэння, што яна дакладна прыняла такое рашэнне. Раней гэта было вядома праз так званыя «турэмныя сувязі». Тое, што з ёй зараз адбываецца, што яе трымаюць у ШЫЗА, што ёй прызначылі гэтую экспертызу, фактычна сведчыць, што ўлады на гэты зварот Паліны адрэагавалі. Зразумела, што ва ўмовах турмы адмовіцца ад грамадзянства складана, бо ёсць працэдуры, якія трэба прайсці. Але Паліна падкрэслівае, што яна больш не з’яўляецца грамадзянкай Беларусі, гэта яе прынцыпова пазіцыя. Яна будзе адмаўляцца ад усіх тых рэжымаў, ад усіх тых працэдур, якія трэба выконваць, знаходзячыся ў турме. І зразумела, што з-за гэтага будуць наступствы, і надалей з яе будуць здзекавацца.

— У яе звароце быў заклік да Міжнародных арганізацый, каб яны гэтую тэму трымалі на кантролі. З Вамі ўжо хтосьці звязваўся?

— Так, звязваліся. Зараз рыхтуецца зварот у ААН, каб была рэакцыя з іх боку. «Хросная» Паліны Ізабель Сантуш рыхтуе зварот у Еўрапарламент, каб сітуацыя з Палінай была агучана і была нейкая рэакцыя з боку міжнароднай супольнасці.

Comments are closed.