Варта ці не варта весці гандаль з рэжымам Лукашэнкі, каб ён выпусціў людзей з турмаў – тэма, якая апошні месяц актыўна дыскутуецца ў беларускім грамадстве. Меркаванні падзяліліся, і сёння цяжка сказаць, прыхільнікаў якога варыянту большасць. Аб’яднанне сваякоў і колішніх палітвязняў апублікавала адкрыты ліст, дзе заклікае перагледзіць падыходы дэмакратычных сіл да пытання палітзняволеных: маўляў, за два гады палітыка ізаляцыі і санкцый нічога не дала, людзі як сядзелі, так і сядзець, таму трэба змяняць тактыку. З іншага боку ім кажуць: рэжым выпусціць адных, але набярэ другіх, і гэты гандаль будзе працягвацца да таго часу, пакуль Лукашэнка сядзіць пры ўладзе. Таму асноўная задача – яго скінуць і тады выйдуць усе.
Андрэй Шарэнда, муж палітзняволенай Паліны Шарэнда-Панасюк, сябе адносіць да лагеру праціўнікаў перамоў. Радыё Ўнэт выслухала яго аргументы.
Да любых перамоў з дыктатарскім рэжымам, пакуль ён захоплівае людзей, пакуль працягваецца гвалт, я не тое што як-небудзь стаўлюся, пра гэта не можа ісці гаворкі. Па-першае, ёсць маральныя прынцыпы, па якіх гэта нельга рабіць. Мы бачым, што два гады таму пачалася рэвалюцыя і яна працягваецца. Людзі працягваюць барацьбу. Працягваюць барацьбу як у Беларусі, так і за яе межамі, а таксама працягваюць барацьбу нашыя палітвязні. Напрыклад, мая жонка, Паліна, яна нават знаходзячыся за кратамі, працягвае змагаецца. Яна ўвогуле не прызнае гэты рэжым. І яна заўсёды заклікала да таго, каб рэжым быў поўным ізгоем у свеце ва ўсіх сферах: эканамічнай, палітычнай і нават спартовай.
Таму зараз весці нейкія перамовы – гэта здрада нашай барацьбе і здрада тым людзям, якія зараз працягваюць барацьбу.
Асноўны аргумент: за два гады нічога не змянілася, і што трэба мяняць тактыку наконт палітвязняў і дамаўляцца. А як Вы лічыце, ці прыносіць плён цяперашняя тактыка ізаляцыі рэжыму і санкцый?
Ёсць наша галоўная мэта – гэта поўнае руйнаванне рэжыму Лукашэнкі.Бо пакуль гэты рэжым існуе, Беларусь не будзе вольнай. І калі гэты рэжым цалкам зруйнуецца, то на волю выйдуць усе палітвязні. І вельмі важная таксама рэабілітацыя ўсіх ахвяраў рэжыму.
Зараз сапраўды існуюць ініцыятывы, якія заклікаюць да перамоў з рэжымам Лукашэнкі. Па іх словах, два гады нічога не рабілася, санкцыі не працуюць, не працуюць цяперашнія метады, трэба рабіць штосьці іншае. Але нічога іншага не прапануюць, каб ісці з паклонам ці з нейкім мэсаджам: дайце Лукашэнку тое, што ён просіць, хай бы ён вызваліў палітвязняў. Па-першае, гэта не працуе. Па-другое, у нас ёсць строгая лінія – звяржэнне рэжыму Лукашэнкі. Усё астатняе, не тое, што другаснае, але трэба разумець, што нават, калі ўдасца вызваліць ці выкупіць некалькі – два, тры, дзесяць ці сто чалавек – Лукашэнку нішто не замінае набраць новыя сотні ці тысячы людзей, каб працягваць гандаль далей. І гэта можа адбывацца да бясконцасці. Напрыклад, пасля 2010 года, калі санкцыі пачалі дзейнічаць, Лукашэнка пайшоў на гандаль палітвязнямі, выпусціў большасць з іх і ЕС зняў абмежаванні. Але гэта прывяло да таго, што праз некалькі год Лукашэнка, набраўшы моцы, узмацніўшы сілавы апарат і трохі падлатаўшы эканоміку, да нашай рэвалюцыі быў ужо падрыхтаваны. Загінулі людзі, тысячы рэпрэсаваных, сотні тысяч пакінулі краіну, і калі зараз паўтарыць гэта на новае кола, то праз два гады можа быць яшчэ горш.
Таму асноўнае, што павінны рабіць людзі, гэта не ўпадаць у адчай, бо вось гэты зварот родных палітвязняў, гэта знак адчаю. У мяне таксама не самая лёгкая сітуацыя: жонка за кратамі, я адзін з двума дзецьмі ў чужой краіне, але гэта не повад упадаць у адчай. Нельга сыходзіць з той барацьбы, якую мы пачалі два гады таму.
А што Вам дапамагае супрацьстаяць адчаю?
Па-першае, у мяне няма часу на адчай: прыходзіцца працаваць на дзвюх працах, каб пракарміць дзяцей. Таксама я актыўна займаюся валанцёрскай дзейнасцю: дапамагаю Украіне, дапамагаю Беларусі. Я кожны дзень змагаюся за то, каб Беларусь стала свабоднай. І менавіта гэта мне не дае магчымасці адчайвацца. А па-другое, у мяне ёсць цудоўная жонка, якая зараз знаходзіцца ў палоне. Яна за кратамі ўжо два гады, але за гэты час яна ні на сантыметр не адхілілася ад той мэты, да якой яна ідзе – гэта свабодная і незалежная Беларусь. Яна ахвяруе сабой дзеля будучыні Беларусі, і для мяне трохі недарэчна гучыць пытанне аб перамовах з рэжымам. Трымацца да канца, трымацца мэты – вось мой галоўны жыццёвы план на будучыню.
Comments are closed.