Loading

У Мінску распачаўся суд над стваральнікамі і ўдзельнікамі арганізацыі ByPol. Іх абвінавачваюць паводле цэлага шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса, сярод якіх распальванне варажнечы, стварэнне экстрэмісцкага фармавання, здрада дзяржаве, змова з мэтай захопу ўлады, ды іншыя. Абвінавачаныя – Аляксандр Азараў, Уладзімір Жыгар, Мацвей Купрэйчык, Андрэй Астаповіч, Ігар Лобан і Алег Талерчык. Справу будзе разглядаць суддзя Дзіна Кучук.

Кіраўнік ByPol Аляксандр Азараў:

Па-першае, я ніякіх злачынстваў не здзяйсняў.  Я служу беларускаму народу. Мая галоўная мэта – гэта аднаўленне законнасці і правапарадку ў Беларусі. Наконт таго, што яны там судзяць нас: Лукашэнка з’яўляецца цяпер злачынцам, які фальсіфікаваў выбары і незаконна захапіў уладу. І ўсе так званыя дзяржаўныя органы, якія дапамагаюць Лукашэнку ўтрымлівацца пры ўладзе, з’яўляюцца саўдзельнікамі гэтага злачынства, якое здзейсніў Лукашэнка – незаконны захоп улады. І таму ўсе іх выракі, усе іх пастановы і ўсе іх дзеянні незаконныя. І фактычна яны злачынныя. Таму гэтыя людзі будуць таксама несці за свае дзеянні адказнасць у будучым, калі ўлада будзе зменена.

Абвінавачванне 

Насамрэч, я не бачыў самога абвінавачвання і не ведаю, што яны там прапісалі. Бачыў толькі гэтыя артыкулы крымінальныя, якія яны агучылі. Канешне, я не згодны з гэтым артыкуламі. Напрыклад, калі яны пашкоджанне нейкіх там шляхоў чыгункі мне інкрымінуюць, то я скажу, што гэта беларусы. Яны ўдзельнічалі ў барацьбе з расійскімі акупантамі, яны не здзяйснялі ніякіх злачынстваў, яны наадварот паўсталі супраць акупацыі Беларусі і супраць злачыннай вайны Расіі ва Украіне. Лукашэнка – гэта памагаты Пуціна, які дапамагаў яму здзейсніць злачынны напад на Украіну. І таму абавязак кожнага грамадзяніна дапамагчы Украіне змагацца з гэтымі злачынцамі.  Да мяне ніхто не пісаў, ніякіх дакументаў мне ніхто не высылаў. Хаця, мае кантакты можа знайсці кожны, хто захоча.  

Я не ведаю, што яны там мне прысудзяць, але думаю, што могуць і смяротнае пакаранне. Паглядзім. А што я зраблю? Нічога. Як працаваў, так і буду далей працаваць. Ніяк на нашу працу гэта не паўплывае. І чым больш яны ціснуць, тым больш у нас збіраецца злосць і тым лепей мы будзем працаваць, лепей змагацца з гэтым злачынным рэжымам да перамогі. 

План „Перамога” 

Мы працягваем працаваць у накірунку плана «Перамога», але апошнім часам з новай камандай мы вырашылі перагледзець план, бо вельмі змяніліся абставіны. Змянілася сітуацыя ва Украіне, у Беларусі, і таксама ў Расіі. Гэта значна паўплывала на план. 

План ужо не скіраваны на масавы выхад людзей. Бо першы план быў скіраваны менавіта на масавы выхад людзей, калі ўсе выйдуць. А мы цяпер бачым, што ўжо людзей вывесці на вуліцы нельга. У выніку рэпрэсій людзі напужаныя так, што мала хто выйдзе. І цяпер мы разлічваем на партызанскі рух. Мы заняліся стварэннем партызанскіх ячэек, іх падрыхтоўкай да моманту, калі зможам мы іх выкарыстаць. 

 

 

Comments are closed.