Loading

Аб’яднаны пераходны кабінет абвесціў 2023 год – Годам беларускай мовы і нацыянальнага адраджэння. Пра тое, што падштурхнула да надання гэтаму году такога статусу і што мяркуецца рабіць, распавядае прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык.

Ведаеце, напэўна падарожжы і досвед жыцця ў іншых краях дапамагае нам яшчэ больш зразумець пра сябе. І раней – да 20-га года, беларусы лічыліся адной з тых нацый, якія, хіба, найлепей прыстасоўваліся і рабіліся вельмі незаўважнымі. Па-шчырасці, у нас амаль не было такой моцнай беларускай дыяспары, хоць багата беларусаў было раскідана па розных краях. Але досвед 20-га года даў нам разуменне салідарнасці і вярнуў нас у пэўным сэнсе да сваіх каранёў, даў нам магчымасць ганарыцца сваёй Бацькаўшчынай, ганарыцца нашымі суайчыннікамі, ганарыцца тым, што мы беларусы. І гэта, я думаю, вялікае дасягненне, якое вядзе нас да нацыяўтварэння ў такім поўным гэтага сэнса вымярэнні.

Абвяшчэнне 2023 года годам беларускай мовы і нацыянальнага адраджэння Аб’яднаным пераходным кабінетам стала працягам палітыкі, якую вядуць аб’яднаныя дэмакратычныя сілы. Пасля з’яўлення ў Аб’яднаным пераходным кабінеце пасады, якую я займаю, гэта прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні, стала зразумела, што пытанні нацыяўтварэння, пытанні гістарычнай памяці, пытанні беларускай мовы для нас усіх вельмі важныя.

Таму для мяне, па-шчырасці, кожны год павінен быць годам беларускай мовы, пакуль беларуская мова не стане сапраўды народнай мовай і мовай, якую будзем чуць у розных кутках нашай Беларусі і ад беларусаў не толькі ў Беларусі. І, па-шчырасці, вось гэты працэс паступова ідзе. І гэтая беларусізацыя, выкарыстанне беларускай мовы, пашыраецца. Мы, натуральна, ведаем, што ў Беларусі за карыстанне беларускай мовай вы можаце зазнаць рэпрэсіі. Але я бачу, як людзі пераходзяць на беларускую мову ў тых асяроддзях, дзе ім камфортна і дзе яны пачуваюць сябе бяспечна – некаторыя ў сацыяльных сетках, некаторыя сярод сяброў, некаторыя пачынаюць размаўляць з дзецьмі альбо чытаць ім беларускія казкі. І гэта абсалютна натуральны працэс, які стаў працягам гэтага нашага нацыянальнага абуджэння 2020 года. Я гэтаму вельмі рада і таму мы, як Аб’яднаны пераходны кабінет, паспрабуем паспрыяць, каб беларускай мовы, беларускіх сімвалаў, беларускіх праектаў было яшчэ больш у наступным годзе. І абяцаю, што гэта будзе не адзін год беларускай мовы, а мы зробім усё, каб сапраўды беларуская мова стала неад’емнай часткай Беларусі.

А што маецца на ўвазе? У вас запланаваныя нейкія імпрэзы, мерапрыемствы, ці нейкія канкрэтныя крокі, каб беларусы, усё ж, былі бачныя і чутныя, як беларусы – прыкладна, як зараз украінцы ў свеце чуюцца ўсюды па-ўкраінску, альбо, каб мы маглі, прынамсі, унутры сваёй дыяспары альбо пасля вяртання ў сваю ўжо Беларусь беларускую, жыць проста па-беларуску?

Так, натуральна, мы распрацуем цэлы план захадаў, якія будуць спрыяць таму, каб беларуская мова была, развівалася, бо мы ведаем, што эксперты ЮНЭСКА залічваюць нашу мову да моў, якія выміраюць, таму мы пастараемся зрабіць усё, каб гэтая мова змяніла статус. Для гэтага мы зможам зрабіць розныя рэчы: паспрыяць таму, каб было прасцей вывучаць беларускую мову – для дарослых, для дзяцей, будзем спрыяць стварэнню беларускіх школ, паспрабуем спрыяць таму, каб медыя таксама больш карысталіся беларускай мовай у сваіх матэрыялах, будзем спрыяць працы блогераў і адзначаць тых, хто шмат робіць дзеля, каб мы лепей ведалі нашу гісторыю, нашыя традыцыі. А такіх праектаў вельмі шмат. Вы не ўяўляеце сабе, колькі зараз беларускіх праектаў на прасторах інтэрнэта. Вельмі часта гэта такія мікрапраекты, але абсалютна цудоўныя, вельмі цёплыя, якія робяць шчырыя беларусы і беларускі. І мне бы хацелася, каб пра гэтыя праекты даведалася як мага больш людзей.

Таксама будзем спрыяць кнігавыданню на беларускай мове. Мы разумеем, што зараз ужо не толькі людзей, не толькі СМІ прызнаюць экстрэмісцкімі, але і кніжкі прызнаюць экстрэмісцкімі, выключаюць са школьнай праграмы, ледзь не спальваць хочуць беларускую кнігу. Але мы зробім усё дзеля таго, каб беларускія кнігі выходзілі, каб яны былі дасяжныя таксама ў Беларусі. Можа, нам будзе цяжка даставіць туды партыі кніжак, але напэўна, мы зробім так, каб кніжкі ў электронным выглядзе, ці ў выглядзе аўдыёбукаў з’яўляліся і былі дасяжныя для ўсіх нас для чытання, для слухання, для разумення. Для таго, каб мы станавіліся яшчэ больш свядомымі, адукаванымі грамадзянамі нашай краіны.

А што асабіста Вы ўкладаеце ў паняцце нацыянальнага адраджэння? Што павінна адбыцца з беларускім грамадствам, каб можна было сказаць – так, беларуская нацыя адрадзілася?

Я думаю, што кожны з нас будзе ўкладваць нешта іншае ў панятак «нацыянальнае адраджэнне». Я ўкладваю перш за ўсё пачуццё нацыянальнага гонару, гонару за тое, што мы беларусы, і жаданне быць і дзейнічаць як беларусы і спрыяць таму, каб наша беларуская прастора пашыралася. Гэта магчыма рабіць на розных узроўнях, у розных сферах. І кожны для сябе можа знайсці нешта іншае.

Я працую як прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні і стараюся аб’ядноўваць розныя сферы – гэта культура, гэта адукацыя, гэта пытанні гістарычнай памяці, пашырэнне ўжытку беларускай мовы. Я перакананая, што гэтае наша вялікае адраджэнне беларускай нацыі будзе стварацца менавіта з гэтых маленькіх крокаў кожнага з нас.

Вельмі важна, каб нашае маладое пакаленне, нашыя дзеці, не забыліся адкуль яны, не забыліся дзе нашыя карані, адкуль нашая гісторыя. Гэта вялікая праца для нас, каб наступнае пакаленне беларусаў засталося беларусамі.

На жаль, у гэтыя часы, калі ідзе страшная, несправядлівая вайна, якую распачала Расія супраць Украіны, мы бачым як наступае «рускі мір» і мы бачым, што падрыхтоўка гэтай вайны ідзе праз татальную русіфікацыю. Гэтая татальная русіфікацыя ідзе таксама поўнаю хадою па Беларусі. І вось, што мяне асабіста падштурхнула да гэтай ініцыятывы – назваць 2023 год годам беларускай мовы, гэта, хіба што, навіна пасля сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна ў Пецярбургу, дзе было прапанавана назваць наступны год годам расійскай мовы. Мы – беларусы, не згаджаемся на гэта, нас ніхто не пытаў. Мы хочам заставацца беларусамі і мы будзем рабіць усё, каб спрыяць развіццю нашай роднай мовы.

Поўную размову слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.