2020 год даў усплеск жаночаму актывізму ў Беларусі і яго хваля да гэтага часу не спадае. Нягледзячы на небяспеку і пераслед, жанчыны працягваюць сваю барацьбу ўнутры краіны. Тыя, хто вымушаны быў з’ехаць, актыўнічаюць за мяжой. Што ўяўляе сёння жаночы актывізм у Беларусі, хто бярэ ўдзел у гэтых ініцыятывах, чаго апасаюцца нераўнадушныя беларускі – радыё Ўнэт пагаварыла з Аленай Агарэлышавай, адной з аўтарак даследавання пра беларускі жаночы актывізм, якое ў сераду прэзентавалі ў Вільні.
Ці можам мы казаць, што 2020 год даў усплеск жаночаму актывізму ў Беларусі і чым гэты актывізм адрозніваецца ад таго, што было раней?
Так. Абапіраючыся на даследаванне, кожная другая апытаная жанчына распавяла, што яна адчувала сябе актывісткай і прыйшла ў актывізм менавіта ў жніўні 20 года, ці жнівеньскія падзеі сталі каталізатарам. У жніўні 2020 года актывізм стаў палітызаваным, гэта забастоўкі, акцыі, пратэсты. Палітызаваным ён застаецца і да гэтага часу, але зараз, усё, што ты робіш не пра рэжым – гэта ўсе палітыка.
А колькі беларускіх актывістак засталося ў Беларусі?
Калі казаць пра нашае даследаванне: у 2020 годзе ў нас 2.5% актывістак жылі не ў Беларусі, а ў 2022 годзе – ужо 40%. І частка тых, хто знаходзіцца ў Беларусі казалі, што яны чакаюць дакументаў, сядзяць на валізках і знаходзяцца ў працэсе пераезду. Гэта гісторыя пра тое, што мала хто хоча з’язджаць, але частка вымушана гэта рабіць праз палітычны пераслед.
Хто такая сёння беларуская актывістка?
Белсат заўседы на 8 сакавіка публікуе такі партрэт сярэднестатыстычнай беларускай жанчыны, да прыкладу жанчына 35 год з двума дзецьмі і т.д. А што тычыцца беларускай актывісткі, то мы не можам зрабіць такога партрэта, бо гэта самыя розныя жанчыны. Калі глядзець па ўзросце, то раўнацэнна задзейнічаны ў актывізме жанчыны ад 25 да 70 гадоў. 60 на 40 – гэта жанчыны, якія засталіся ў Беларусі ці з’ехалі. Беларуская актывістка напалову ў шлюбе, напалову не. Яна адначасова займаецца ўсім: праца, сям’я, дом, ад трох да пяці відаў актывізму і валанцёрская дзейнасць. Наша актывістка з надзеяй глядзіць у будучыню і разумее, што пры любым раскладзе забяспечыць сябе і сваіх дзяцей.
А чаго беларускія актывісткі зараз апасаюцца?
Перш за ўсе гэта страх не за сябе, а за сваіх блізкіх праз небяспеку, ці знаходзяцца яны ў Беларусі ці за межамі. Па-другое, страх наступнага дня, тое, што ты не зможаш справіцца. Часам жанчыны хвалююцца, што недастаткова добрыя. Часам яны выгарэлі ўшчэнт. Але ў іх ёсць надзея і вялікія матывацыя працягваць. Таму што: а хто як не мы?
Украінскае пытанне: колькі беларускіх актывістак адрэагавала на яго і ў чым заключаецца дапамога?
Як мінімум кожная чацвертая, а можа і нават кожная трэцяя беларуска ўключыліся ў дапамогу Украіне і ўкраінцам. Па розных напрамках. Але з большага гэта была рэлакацыя, гэта распаўсюд інфармацыі пра тое, што адбываецца ва Украіне, а таксама ўдзел у акцыях пратэсту. Калі мы кажам пра Беларусь, то ўсе, што тычыцца падтрымкі Украіны гэта яшчэ і небяспечна.
Вашыя апытанні паказалі, што жаночы актывізм у Беларусі жывы, хоць зараз такая дзейнасць не трапляе ў паблік.
Так. Я чакала, што будзе нашмат менш адказаў з Беларусі. Мы думалі ці варта ўвогуле задаваць пытанні пра ўдзел у акцыях пратэсту, наколькі бяспечна для жанчын будзе запаўняць апытанку. Але 60% актывістак прынялі ўдзел у апытанні менавіта з Беларусі.
Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.
Comments are closed.