Loading

Грамадскі актывіст, сябра Партыі БНФ з горада Бярозаўка Сяргей Пантус у выніку інсульту апынуўся на бальнічным ложку ў Беластоку. Дзякуючы салідарнасці беларусаў, грошы на яго рэабілітацыю, аплату арэндаванага жылля і іншыя патрэбы сабралі літаральна за адны суткі.

Імя Сяргея Пантуса, які шмат гадоў займаўся грамадска-палітычнай дзейнасцю на Гарадзеншчыне, многім беларусам у замежжы стала вядома пасля яго эміграцыі ў Польшчу ў мінулым годзе. Прычынай пераезду стаў палітычны пераслед і рэпрэсіі ў Беларусі. Ён – блізкі сябар забітага ў шклоўскай калоніі Вітольда Ашурка. У траўні з нагоды двух гадоў з моманту трагічнай падзеі спадар Сяргей распавядаў нашаму радыё пра іх сумесную палітычную актыўнасць. За гэтую сваю дзейнасць натуральна Сяргей Пантус неаднаразова станавіўся аб’ектам павышанай увагі лукашэнкаўскіх сілавікоў. Пасля пераезду ў Польшчу ўжо ў Беластоку ён уладкаваўся працаваць на будоўлю. Там 19 чэрвеня гэтага года нечакана страціў прытомнасць і ў выніку апынуўся ў шпіталі. Што здарылася, радыё Ўнэт патлумачыў Сяргей Верамеенка, актывіст Беларускай хрысціянскай дэмакратыі з Гродна, які добра ведае Сяргея Пантуса.

— Ён працаваў на будоўлі. На жаль, чалавек хоць і малады, але ўсё ж такі, калі табе бліжэй да 50, на будоўлі працаваць цяжка. Было вельмі спякотнае надвор’е. Сяржуку стала блага, ён страціў прытомнасць. Як потым мы даведаліся, у яго апошнім часам уздымаўся ціск, асабліва пасля смерці Вітольда Ашурка. Ён, як дарэчы і мы ўсе блізкія Вітольда, вельмі цяжка перажыў яго смерць. І добра, што яго калегі па працы паспелі выклікаць хуткую. Хуткая яго адвезла ў шпіталь, аказалася, што інсульт. Зрабілі яму тры аперацыі. Цяпер яго вывелі са штучнай комы. Спадзяемся, што ён адновіцца, яго арганізм дазволіць яму жыць далей, працаваць далей.

— Ці можна сказаць, што ён ачуняў і ёсць дынаміка да лепшага? Ці такое яшчэ заўчасна казаць?

— Пакуль яшчэ не вядома, таму што на самым пачатку ён яшчэ рэагаваў на нас добра, хоць не гаварыў, толькі асобныя гукі былі. Цяпер трошкі лепш становіцца, але гэта ўсё роўна не стабільны стан. Бывае, што часам пазнае людзей, часам – не. Дактары кажуць, што рэабілітацыя, хутчэй за ўсё будзе доўгая. Інсульт гэта заўсёды такая цяжкая штуковіна, што невядома, што потым будзе з арганізмам. Тым больш, што гэта траўма мозга, як арганізм на гэта будзе рэагаваць.

— То бок ён ляжыць у ложку, не падымаецца, не ходзіць, і пэўна, сядзець яшчэ не можа?

— Ён спрабаваў падымацца, і гэта добрыя знакі, але гаварыць пра поўнае аднаўленне арганізму яшчэ рана. Ну канешне, працаваць на будоўлі ён ужо не зможа. Гэта цяжкая праца, тым больш на адкрытым паветры. А зараз яшчэ і спякотнае надвор’е такое. Трэба будзе шукаць яму іншую працу.

— Вы, Сяргей, з Гродна, ён – з Бярозаўкі, таксама з Гарадзеншчыны. Чым ён вядомы, як грамадскі і палітычны дзеяч?

— Сяргей Пантус актыўна ў палітыцы даўно. Я ўжо не памятую, з якога года. Памятую яго самыя вялікія актыўнасці, пачынаючы з 2010 года. Гэта Плошча. Ну і Бярозаўка наша лідская, гарадзенская заўсёды была насычана актывістамі партыйнымі, грамадскімі. Сяргей быў грамадскім актывістам, удзельнічаў разам з Вітольдам у тым ліку ў розных праграмах, у першую чаргу экалагічных праграмах. Яны змагаліся за тое, каб навакольнае асяроддзе было чыстым – за чысціню рэчак, за чысціню выкідаў, якія выходзілі з завода шкловаты. Ну і канешне, палітычная дзейнасць. Сяргей – сябра Сойму Партыі БНФ. Шматлікія гістарычныя праграмы, якія мы ладзілі, напрыклад, «Крыжы паўстанцаў», якія мы ставілі на Берасцейшчыне, на Лідчыне, на Гарадзеншчыне. Гэта была такая наша ініцыятыва, калі мы фактычна збіралі за свае ўласныя грошы, з дапамогай нашых гісторыкаў высвятлялі знакамітыя месцы баёў, месцы пахаванняў паўстанцаў і ставілі там памятныя крыжы. У нас была свая каманда. Адным з ініцыятараў у тым ліку быў Вадзім Саранчукоў, каторы зараз з’яўляецца намеснікам, фактычна выконваючым абавязкі старшыні Партыі БНФ. І кожны прыкладаў свае намаганні. Вадзім вырабляў таблічкі з надпісам «Айчына абаронцам сваім». Ну і мы іх вазілі, усталёўвалі часам таемна, часам не надта таемна. Планавалася паставіць да 500 крыжоў.

— Тут у Беластоку якую актыўнасць ён праяўляў ці займаўся грамадскай дзейнасцю?

— Так, канешне, але жыццё палітычных партый, якія знаходзяцца ў эміграцыі фактычна рэальна аднаўляецца толькі зараз. Да гэтага ўсе актыўнасці належалі іншым структурам. Сяргей быў заўсёды прынцыповых поглядаў, дарэчы, як і я, што Беларусь мае быць незалежный, пра тое, што Беларусь наша на дадзены момант ёсць акупаванай расіянамі. Мы заўсёды зыходзілі з гэтага. Гэта першапачатак і ад гэтага трэба пачынаць усё нашы дзеянні. Зразумела, Сяргей прымаў і я спадзяюся, будзе прымаць удзел ва ўсіх мітынгах салідарнасці, каторыя праходзяць тут у нас у Беластоку. Сяргей Пантус разам з Вольгай Івашынай былі складальнікамі заявы пра факт акупацыі Беларусі. Гэту заяву мы падчас беластоцкай канферэнцыі БХД прынялі за аснову. Гэта была аснова нашай рэзалюцыі пра тое, што Беларусь зараз з’яўляецца акупаванай дзяржавай. Ну і канешне, дзякуй вялікі Сяргею, што ён спрычыніўся да гэтага.

— Тое, што за суткі ўдалося сабраць тую суму, якая на сайце Байсол была пазначана, крыху больш за 8 тысяч еўра, сведчыць аб высокім аўтарытэце Сяргей для тых людзей, якія яго ведаюць ці нават тых, хто яго асабіста не ведае. На што пойдуць гэтыя грошы?

— Перадусім гэта пойдзе на рэабілітацыю, гэта пойдзе на лекі, пойдзе на яго аздараўленне. Ну і не вядома, калі ён пасля сваёй хваробы зможа нармальна, паўнавартасна працаваць. На дадзены момант ён жыве на падставе часовага віда на жыхарства згодна з міжнароднай абаронай. І калі ён адновіць сваю працу таксама не вядома. Тое, што сабралі грошы за такі хуткі час, ну гэта проста вялікі дзякуй. Хачу проста ўсіх абняць і падзякаваць усім.

Акрамя рэабілітацыі, акрамя лекаў неабходных, грошы пойдуць на ўтрыманне жылля, на ўтрыманне кватэры, якую ён здымае. Хтосьці з яго родных павінен будзе ім апеквацца, і зразумела, што гэта вельмі цяжкая справа. Не ведаю, хто прыедзе, але мы ўсе будзем дапамагаць, бо ім таксама будуць патрэбны гэтыя грошы.

Акрамя збору сродкаў, абвешчанага Фондам беларускай салідарнасці Байсол, беластоцкія беларусы таксама са свайго боку збіраюць грошы для патрэб хворага суайчынніка. Сяргей Верамеенка, будучы прадпрымальнікам, які распаўсюджвае прадукцыю з беларускай сімволікай, распавёў і пра сваю ініцыятыву.

— Мы тут усе паміж сабой, гэта наша вялікая беларуская салідарнасць, мы збіраем у рэдакцыях, у суполках, у дыяспары, паўсюды збіраюць грошы. Мы з жонкай зрабілі нават такія нататнічкі, на каторых друкуем «Пагоню» і ў якасці падзякі аддаем тым, хто робіць данаты, любая сума вітаецца. Гэта частка нашай дабрачыннай дзейнасці, каторую мы цяпер накіроўваем не толькі на тых людзей, што знаходзяцца ў Беларусі, але і на нашага Сяржука. І вельмі прыемна, што мы за адзін дзень сабралі 706 злотых.

Варта адзначыць, што праз суткі пасля абвяшчэнне Фондам Байсол сбору сродкаў для Сяргея Пантуса, замест пазначаных 8 250 еўра было сабрана больш за 9 тысяч. Такія даныя размешчаны на сайце-пляцоўцы па зборы ахвяраванняў. Пералічваць грошы на дапамогу бярозаўскага актывіста можна яшчэ больш за 50 дзён.

Comments are closed.