У Варшаве акцыя памяці Алеся Пушкіна прайшла пад амбасадай Беларусі. Пра яе абвясцілі амаль адразу, як прыйшла сумная навіна аб смерці мастака. Нягледзячы на тое, што акцыя не была зарэгістравана, варшаўская паліцыя з разуменнем паставілася да беларусаў і ніякіх перашкодаў не чыніла. А вось супрацоўнікі амбасады спужаліся і пазачынялі ўсе вокны, пад якімі сабралася больш за сотню чалавек.
Сустаршыня руху Салідарнасці «Разам» Алена Талстая:
«Ён усміхнуўся, апрануў капялюш і сказаў: «Усё будзе добра». Бо ён сядзеў ужо да таго, ён ведаў гэтую лукашэнкаўскую турму. Ён ведаў у сябе моц яе прайсці. Але ён тады не ведаў, што будзе адбывацца проста знішчэнне Беларусі. І ніхто не ведаў яшчэ, што будзе смерць Вітольда Ашурка, што мы будзем развітвацца сёння з Алесям Пушкіным. Што столькі гора і невядома нават колькі смерцяў прынёс нам жнівень 2020 года».
Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі па пытаннях культурнага адраджэння Аліна Коўшык:
«Звычайна смерць блізкай ці знакавай для Беларусі асобы выклікае сум. Але зараз мне хочацца крычаць. Крычаць ад болю. Крычаць ад злосці. Ад нянавісці да тых людзей, якія забіваюць беларусаў за кратамі. Гэта не першая смерць. Мы памятаем Вітольда Ашурка, якога таксама давялі, загубілі, забілі. Цяпер Алесь Пушкін. Мастак. Чысты, сумленны перформер. Чалавек, які заўсёды быў яскравы, які не баяўся казаць праўду, які меў сваё бачанне. Шчыры беларус. Гэта страшная страта для ўсёй нашай нацыі. І гэта толькі паказвае, што мы не павінны спыніцца ў нашай барацьбе. І зрабіць усё, каб такіх смерцяў больш не было. Таму я звяртаюся да міжнароднай супольнасці з заклікам зрабіць усё магчымае, каб вызваліць усіх беларускіх палітвязняў. Людзі не павінны гінуць па выдуманых абвінавачваннях. Людзі павінны быць на волі, бо гэта сумленныя беларусы. Таксама звяртаюся да сваякоў Алеся са шчырымі спачуваннямі. І звяртаюся да ўсіх беларусаў са словамі: знайдзіце ў сабе сілы падтрымаць тых, каму баліць. І знайдзіце ў сабе сілы для барацьбы. Кожны так, як можа на дадзены момант. Але мы не павінны змірыцца. І гэтыя смерці не павінны быць дарэмнымі».
Журналістка Любоў Лунёва:
«Гэтыя катаванні, якія ён перанёс, канешне яны адбіліся на яго здароўі. Але я не магу сабе ўявіць, што яму вось раптам стала кепска і ён памёр. І тое, што яны зараз пішуць – памёр у рэанімацыі. Адкуль мы ведаем, што там было насамрэч? Чалавека ўвесь час трымалі ў адзіночцы. І што там адбылося, як гэта адбылося. Як я лічу – гэта, канешне, забойства. Чалавека пасадзіць за краты ні за што. Толькі за тое, што ён мае гонар і годнасць. Толькі за гэта. І там з яго здзекавацца да такой ступені, што ён памёр – вы мяне прабачце. Што гэта? Чалавек, які заўсёды быў з усмешкай і светлым тварам. Як з гэтым можна жыць далей? Ці можна ўвогуле з гэтым змірыцца?»
Мерапрыемствы прысвечаныя памяці Алеся Пушкіна працягнуцца ў Варшаве на гэтым тыдні. У чацвер у Беларускім Доме а 18:30 адбудзецца вечар памяці загінуўшых ва Украіне беларускіх герояў, падчас якога вырашана, аддаць даніну павагі і закатаванаму Алесю Пушкіну. Арганізатары заклікаюць усіх жадаючых далучыцца да мерапрыемства. А ў нядзелю ў касцёле святога Аляксандра на плошчы Трох Крыжоў у Варшаве адбудзецца імша па Алесю Пушкіну. Яе правядзе ксёндз Вячаслаў Барок.
Comments are closed.