Loading

Аб’яднанне былых сілавікоў BYPOL на гэтым тыдні заявіла, што агент беларускага рэжыму Вячаслаў Быстроў дэпартаваны з Польшчы. Па данных арганізацыі, Быстроў прыехаў у Польшчу пад выглядам палітычнага ўцекача, каб шпіёніць за беларусамі. Ён патрапіў у поле зроку супрацоўнікаў BYPOL, якія правялі расследаванне і выявілі агентурную працу Быстрова. Таксама сцвярджалася, што яго асоба зацікавіла польскія праваахоўныя органы і стала падставай для дэпартацыі беларуса. Праўда на наступны дзень «агент» Быстроў запісаў відэазварот, у якім пацвердзіў, што знаходзіцца ў Польшчы.

У размове з радыё Ўнэт Вячаслаў Быстроў адзначыў, што ніякай цікавасці з боку сілавых структур Польшчы да сваёй асобы не заўважыў, ён нават сам звяртаўся ў паліцыю з заявай на кіраўніка BYPOL Аляксандра Азарава. І ўвогуле ўсю гэтую сітуацыю ён лічыць помстай Азарава за канфлікт мінулага.

Крыніца: euroradio.fm

— Я ніякі не шпіён, я былы крымінальнік. Просты хлопец. Зараз я вельмі цяжка хворы, у мяне СНІД, таму я адной нагой у магіле. Шпіён ва ўсёй гэтай гісторыі Азараў. Не так даўно людзі Азарава зрабілі мне ін’екцыю, там былі гепатыт і іншыя інфекцыі. У мяне ёсць аналізы і я магу ўсё гэта даказаць ( заўв. – выпіскі з клінікі Быстроў прадаставіў рэдакцыі радыё Ўнэт). Мяне проста скралі ў Варшаве ўвечары. Манжэт на вочы, я быў у слухаўках, але некаторыя словы чуў. Першапачаткова яны хацелі, каб я адмовіўся ад сваёй веры, адмовіўся ад абвінавачваняў, а таксама добраахвотна вярнуўся ў Беларусь і здаўся беларускім уладам. Я пачаў чытаць шахаду і адзін з іх іх кажа: «А навошта вам увогуле яго вера патрэбна была? Вы што, папы?». Іншы адказвае: «Гэта Алесю трэба было, Алесь прасіў»–«Ідыёты, ён зараз увогуле нічога не скажа». Пасля яны ўкалолі мне ў плячо нейкі ўкол. Я нічога не зразумеў, падумаў, што гэта нейкі «дуразін». Тры дні мне было вельмі дрэнна, а праз месяц стала зусім блага: у мяне пайшла кроў, 12 дзён за мяне ўрачы змагаліся. Да гэтага часу я з цяжкасцю рухаюся, толькі нядаўна аднавілася мова. У шпіталь я патрапіў 28 верасня, выйшаў 10 кастрычніка. Мяне «хуткая» завезла дамоў, таму што я сам хадзіць не мог. Таму я і не змог прысутнічаць на судзе па справе Азарава, які праходзіў у гэты дзень. Да гэтага на мяне было арганізавана яшчэ і нападзенне: мяне скінулі з вышыні, я пераламаў ногі. Мяне проста спіхнулі. І я пазнаў аднаго чалавека, які падыходзіў да мяне, калі я ляжаў унізе. Ён думаў, што я вырубіўся, але яго бачыў.

— А Вы зараз знаходзіцеся ў Польшчы?

— Так, я знаходжуся ў Польшчы, у Варшаве. Я чакаю рашэння аб міжнароднай абароне. Ён (Азараў – рэд.) пастаянна расказвае, што і як у мяне адбываецца, хоць гэта незаконна. Што мне адмовілі, што я падаў апеляцыю. Навошта? Гэта мая асабістая інфармацыя. Я вось зараз прыехаў у хостэл. Мне тут пашукаюць лёгкую працу, каб я мог набываць сабе ежу. Я не магу пасля гэтай ін’екцыі есці нічога, акрамя ёгуртаў, пратэінавай пасты.

— Доказам таго, что Вы агент з’яўляецца Ваш удзел у акцыях дыяспары ў Варшаве, нібыта Вы здымалі людзей, якія туды прыходзяць.

— Я нічога не здымаў. На акцыі я хадзіў, таму што гэта нармальна. Я і ў Беларусі хадзіў. Калі пратэсты былі, я хадзіў, каб мянтоў пабіць. На мяне пасля і выйшлі людзі, якія гэтаму прыдалі крыху палітычную афарбоўку. А я выходзіў, біць мянтоў. Я ненавіжу Лукашэнку, ненавіжу мянтоў.

— А Вы асабіста знаёмы з Азаравым?

— Я ведаю Азарава з 2014 года. Ён прыйшоў да мяне «на кабінеты», пасля таго, як да мяне прыходзілі іншыя начальнікі розныя, хацелі, каб я зрабіў рэчы, якія я не хацеў рабіць. Я адмовіўся. Прыйшоў пасля Азараў, як каральная мера. Пачаў пагражаць, спрабаваў мяне завербаваць, я яго паслаў. Ён пачаў пужаць мяне дзецьмі, жонкамі, я сарваўся і «апусціў» яго прама «на кабінетах». Ён ляматаваў у куце, забег яго начальнік і іншыя мянты, пабачылі гэта, а яны ж горш за базарных баб, гэтая ўсё хутка разляцелася. Пасля ён прыязджаў да мяне, у 2015 годзе ён прыехаў да мяне са сваёй групай захопу. Выбілі мне зубы, пабілі мяне моцна. Так ён мне помсціў. Пасля ён прыязджаў, забіраў мяне ў РУУС Фрунзенскі, гэта ж яго падкантрольны РУУС. Там мяне пыталі. Ён хацеў, каб я даў паказанні супраць «Пумы», а я яго і не ведаў, ведаў толькі, што гэта быў паважаны хлопец. Спрабаваў усіх пераканаць, што я «агент». Той жа «Пума» ён пабачыў бы ў справе, там жа няма маіх паказанняў, я адмовіўся казаць супраць яго. Пасля Азараў прыязджаў да мяне з АМАПаўцамі, паламалі мне ўсю кватэру. У мяне жылі ў кватэры знаёмыя, так іх выжылі адтуль, усё зламалі. Кватэра арыштавана, усе мае рахункі, усё, што мне бацька ў спадчыну пакінуў, усе заблакавана і арыштавана.

Які я агент? Каб было зразумела: у мяне некалькі агнявых раненняў ад міліцыянераў, мне выбілі ўсе зубы, у мяне 28 сатрасенняў мозгу ад міліцыянераў, у мяне жывога месца на целе няма.

— А што яны хацелі?

— Яны хацелі, каб я даў паказанні па старых справах, яшчэ 90-ых гадоў. Беларуская ўлада не хоча, каб «паважаныя» арыштанты выйшлі на волю, таму што гэта рэальная сіла, за якой пойдзе не толькі крымінальны свет, а таксама іх родныя, блізкія. Яны спрабуюць стравіць «палітычных» і крымінальнікаў, але ніхто больш ненавідзіць Лукашэнку, мянтоў і рэжым, чым крымінальнікі. І калі яны аб’яднаюцца з «палітычнымі» гэта будзе моц. Крымінальнікі сядзяць па надуманых артыкулах, бо яны – пагроза для рэжыму, бо яны, выйшаўшы на вуліцы, не будуць махаць кветачкамі, а возьмуць біты і будуць біць мянтоў. Шэйман, Наўмаў – яны забівалі нашых людзей. Я гэтае пытанне ўздымаў, і, калі ў Польшчу прыехаў. Азараў больш за ўсіх абураўся. Чаму? Таму што Шэйман гэта і ёсць «дах» Азарава. Менавіта Шэйман выцягнуў Азарава з «пленных следакоў» і спрычыніўся да яго імклівай кар’еры.

— А як Вы ў Польшчу патрапілі? І калі?

— Я адвучыўся на зваршчыка, атрымаў прафесію, працаваў. Падаў заяўку легальна на працу ў Польшчы. Мне выслалі афіцыйную дамову, запрашэнне. Я зрабіў біяметрычны пашпарт, мне сабралі хлопцы грошы на яго і дапамаглі пагасіць штрафы. Падаў дакументы, атрымаў літаральна праз тыдзень працоўную візу і выехаў. Гэта быў 2021 год, здаецца, 5 лістапада я выехаў з Мінска, а 6-га быў ужо ў Польшчы.

— А што за гісторыя з бутэлькай гарэлкі? 

Бутэлька гарэлкі, якую быццам бы скралі? Глядзіце, я ў гэтага чалавека, які дарэчы зараз знаходзіцца ў Варшаве, ніякай бутэлькі гарэлкі не краў. Я ўзяў у яго тэлек, паглядзець. А мяне з гэтым тэлекам затрымала міліцыя. Прымушалі прызнацца, што я яго скраў. Я іду да гэтага чалавека, расказваю, што міліцыя забрала тэлек, ён пайшоў да іх, а яны выклікалі следчую групу, сфабрыкавалі справу, мяне затрымалі, пасля прывязлі ў суд. Хлопец гэты прыйшоў у суд, кажа, што ніякай заявы не падаваў, проста ён даў мне тэлек паглядзець. Пракурор, дарэчы, запытаў для мяне 3,5 года. Суддзя пытаецца: а нічога нармальнага прыдумаць не маглі, я не магу яго пасадзіць, бо нават пацярпелага няма. Усё, што я магу зрабіць, гэта даць тры месяцы арышту. У выніку столькі мне і далі. Я даседзеў пару дзён і мяне адпусцілі. Не было там гарэлкі, там быў тэлевізар. І мой знаёмы, калі ўсё гэта пачуў, ён пісаў у ByPol, у яго пасля таксама пачаліся праблемы.

— ByPol паведаміў, што польскія органы зацікавіліся вашай асобай. Ці звязваліся з Вамі, ці можа пераслед быў у Польшчы?

Не, ніхто на мяне не выходзіў. Я польскім спецслужбам сам перадаваў матэрыялы, поштай высылаў. Матэрыялы на Азарава. Бо ён працаваў на мянтоў, працуе і будзе працаваць.

— А чаму Вы вырашылі прыняць іслам? ByPol сцвярджае, што, нібыта, для таго, каб пазбегнуць дэпартацыі.

Я даўно цягнуўся да іслама. Я быў у кантакце з мусульманамі яшчэ ў Беларусі. Я проста ў адзін момант вырашыў гэта зрабіць, гэта маё і я шчаслівы. А зараз глядзіце, мусульманіну цяжэй атрымаць міжнародную абарону. І яшчэ пра Азарава: літаральна за месяц да майго прыезду ён здымаў фільм пра вядомых агентаў, якія працуюць «на турмах». І там няма ні слова пра мяне, таму што і быць такога не можа. А тут я прыязджаю ў Польшчу, ён мяне пабачыў, а ён разумее, што я пра яго ведаю ўсё, любая інфармацыя пра яго пасля нашага канфлікта сцякалася да мяне. Я ведаю пра яго столькі, што яго ліхаманка б’е ад гэтага. І калі я такі суперкілер, такі агент – так што ж ты раней маўчаў?

Comments are closed.