У нашым Топ-5 мы сабралі для вас беларускія кніжныя навінкі гэтай восені. Ёсць раманы, паэзія і нават сюжэты японскай мангі.
1. Ева Вайтоўская «Гарэзлівы пацалунак. Кніга 2»
У другой кнізе «Гарэзлівага пацалунку» падзеі разгортваюцца на філалагічным факультэце беларускага ўніверсітэта, у экалагічным летніку для дзяцей Чарнобыля і ў офісе сусветна вядомай беларускай IT-кампаніі. Але ўсё гэта толькі дэкарацыі, у якіх праходзяць праверку пачуцці галоўных герояў, іх сяброў, сябровак, мам і татаў.
У аснове рамана — сюжэт культавай японскай мангі «Ітадзура на кіс» («Гарэзлівы пацалунак»), якая выходзіла ў Японіі ў 1990-х гадах. Раман прызначаны для аўдыторыі young adult ад 16 да 25 гадоў, а таксама для ўсіх аматараў папулярнай літаратуры.
2. Андрэй Хадановіч «На беразе Волі»
Новая кніга вершаў самага медыйнага беларускага паэта выйшла ў лістападзе гэтага года. «Гэтым разам не выбранае, а менавіта новае!», — падкрэсліваў Андрэй Хадановіч.
Атрымалася паэтычныя квінтэсэнцыя перажытага за апошнія тры гады — вершы, якія Хадановіч напісаў у Менску, Варшаве, Краснагрудзе, Батумі, Вене, Кракаве і Гданьску. Візуальны ўступ да тэкстаў стварыла мастачка Святлана Дземідовіч, вядомая сваёй бліскучай працай для кнігі «Побач» паэткі Насты Кудасавай.
3.Ганна Янкута «Час пустазелля»
«Час пустазелля» – празаічны дэбют Ганны Янкуты. Над сваім першым раманам яна працавала з сакавіка 2022 года па чэрвень 2023-га, спрабуючы асэнсаваць бясчассе, у якім аказаліся беларусы пасля жніўня-2020.
На старонках яе «Часу» – рэальныя і выдуманыя гісторыі, выпадкова пачутыя фразы на розных мовах, мімалётныя ўражанні, захапленні і ўспаміны — адным словам, усё тое, што можа напаўняць жыццё ў час дыктатуры ў Беларусі і вайны ва Украіне.
Пісьменніца глядзіць на свет вачыма беларускі, якая апынулася ў вымушанай эміграцыі, спрабуючы запомніць і захаваць уласную самасць у момант, калі рушыцца свет, у якім мы некалі навучыліся жыць.
4.Эрых Марыя Рэмарк «Чорны абеліск»
Апошні і адзіны раз кнігі гэтага знакамітага аўтара ў арыгінальным перакладзе на беларускую мову выходзілі ў 1994 годзе (гэта былі «Тры таварышы» ў перакладзе Уладзіміра Папковіча). «Чорны абеліск» – восеньская навінка гэтага года. Самы філасофскі раман класіка сусветнай літаратуры пераклала Іна Хоміч.
Складаныя гады пасля Першай сусветнай вайны, правінцыйнае нямецкае мястэчка, герой працуе ў фірме па продажы надмагілляў… Але грошай бракуе, у краіне жахлівая інфляцыя, і ён падзарабляе ігрой на аргане ў капліцы пры лякарні. Сваё каханне ён сустракае менавіта там, у псіхіятрычным аддзяленні…
«Чорны абеліск» — раман пра тое, як заставацца чалавекам у бесчалавечных умовах. Як і большасць твораў Рэмарка, «Чорны абеліск» вельмі аўтабіяграфічны. У цэнтры ўвагі – звычайныя людзі, жыццё якіх руйнуецца ў пасляваенным свеце.
5. Вал Клемэнт «Круглая Square»
Васіль Еўдакімаў, які выступае пад псеўданімам Вал Клемэнт, – прадстаўнік даўнейшай хвалі эміграцыі: ён пераехаў жыць у Лондан у пачатку 1990-х гадоў. Яго раман – біяграфічны: пра сталенне ў СССР і сцвярджэнне сябе як беларуса, як еўрапейца, як паспяховага чалавека родам з краіны, дзе паспяховасць не віталася. Іранічны жыццяпіс чалавека і імперыі выйшаў гэтай восенню ў выдавецтве Gutenberg Publisher.
Геня Руд, галоўны герой рамана, нарадзіўся ў Менску і палову жыцця пражыў на Круглай плошчы. Ад «Дзюшэса» да цукерак «Чырвоны мак» – усе радасці савецкага дзяцінства былі яму даступныя, адрозна ад магчымасці проста адкрыць візу і паехаць у капіталістычны свет. Але вось ён ужо п’е India Pale Ale недзе ў ваколіцах Trafalgar square і прапаноўвае нам усім аптымістычна глядзець у будучыню: аднойчы ён ужо назіраў, як разваліўся сімбіёз выпраўленча-працоўнага лагера з казармай і калгасам.
Comments are closed.