Loading

21 траўня – Дзень палітвязня ў Беларусі. Што прапануе зрабіць у гэты дзень «Вясна»?
Беларускія праваабаронцы ініцыявалі правядзенне 21 траўня Дня палітвязня ў Беларусі. Менавіта ў гэты дзень два гады таму ў калоніі ў Шклове памёр палітычны зняволены, актывіст з Ліды Вітольд Ашурак. Станам на 17 траўня гэтага года з палітычных матываў у беларускіх вязніцах утрымліваецца 1480 чалавек. Пра тое, што мяркуецца рабіць да Дня палітвязня ў Беларусі распавяла праваабаронца «Вясны» Марына Кастылянчанка.

Крыніца: spring96.org. Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч.

У мінулым годзе была абраная жоўтая бірка, як сімвал таго, што людзі, якія знаходзяцца за кратамі, ставяцца на прафілактычны ўлік, як схільныя да экстрэмізму. Гэты сімвал актуальны і дагэтуль, я думаю, што і ў гэтым годзе выкарыстанне жоўтых бірак таксама вельмі дарэчна. Таму што сітуацыя, на жаль, не змяняецца, людзі як прызнаваліся «экстрэмістамі», так і прызнаюцца. На дадзены момант 2800 чалавек налічваецца ў гэтым «Спісе асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці» так званай нібыта.

У гэтым годзе мы абралі тэму Дня (палітвязня) такую, як ліставанне і права на ліставанне. Таму што, з пачаткам паўнавартаснага ўварвання Расіі ва Украіну вельмі шмат праблемаў стварылася менавіта з ліставаннем і людзі не атрымоўваюць ці вельмі мала атрымоўваюць інфармацыі з волі. Блакада лістоў была непасрэдна пасля ўварвання, але і агулам сітуацыя пагоршылася. Варта адзначыць, што, калі ў СІЗА яшчэ людзі знаходзяцца, да іх раз-пораз даходзяць нейкія лісты ад несваякоў, то, калі іх пераводзяць у калонію, то гэтая сувязь са знешнім светам увогуле губляецца, і толькі лісты ад родных даходзяць палітвязням і таксама ад іх выходзяць лісты толькі да родных.

Людзі, калі знаходзяцца за кратамі, адчуваюць вось такую нібыта пакінутасць і забыццё. Але насамрэч гэта не так. Мы бачым, што шмат акцый праходзіць па падпісанні паштовак. Мы самі час ад часу ладзім такія падпісанні. Беларусы Масквы ўвогуле кожную нядзелю збіраюцца і пішуць, і пішуць. І ў розных іншых краінах і гарадах людзі неабыякавыя працягваюць ліставанне, нават, калі не атрымоўваюць адказ.

Таму мы вырашылі, што вельмі важна нагадаць менавіта ў гэтым годзе пра гэтае права – права на ліставанне. Яно замацавана ў заканадаўстве Беларусі. Але вось так вось нахабна парушаецца з боку цэнзараў і супрацоўнікаў месцаў няволі.

Мы даволі шырока заклікаем людзей прыняць удзел у розных мерапрыемствах у тых гарадах, дзе яны непасрэдна знаходзяцца, далучыцца да нейкіх акцыяў ці арганізаваць такія акцыі самім. Гэта могуць быць рознага кшталту мерапрыемствы. Гэта можа быць і падпісанне паштовак, гэта можа быць і акцыя ў непасрэдна ў гарадской прасторы.

І на дадзены момант шмат да нас прыходзіць звестак у якіх менавіта гарадах і ў якіх краінах адбудуцца тыя ці іншыя падзеі. Мы іх збіраем і будзем публікаваць у нашых сацсетках і на нашым сайце па меры таго, як яны будуць з’яўляцца. Таму можа зайсці і паглядзець, што менавіта будзе ў тым горадзе, дзе зараз чалавек знаходзіцца.

Ну і, канешне, заклікаем далучацца. Гэта можна рабіць і ў камандзе, можна рабіць і ў асабістым парадку. Можна напісаць у гэты дзень нейкі ліст, ці нейкую паштоўку падпісаць. І таксама мы прапануем шэраг дзеянняў. Да прыкладу, падпісваць нейкія петыцыі за вызваленне палітвязняў. Зразумела, што гэта не надта дзейсны інструмент, але гэта тое, што паказвае ўладам тую нязгоду, якую людзі працягваюць выказваць. Ці «шарыць» неяк інфармацыю пра сваіх сябрукоў ці незнаёмых людзей у сваіх сацсетках з адпаведнымі хэш-тэгамі #дзень_палітвязняў, ці #свабоду_палітвязням. Можна выкарыстоўваць англамоўныя хэш-тэгі.

І гэта могуць быць абсалютна розныя дзеянні. Тут даволі шырокая прастора для дзейнасці. Я ведаю, што ў Вільні будзе праходзіць чытанне імёнаў усіх палітзняволеных. Далучацца да гэтага дзеяння прадстаўнікі амбасадаў, якія тут знаходзяцца. І пасля будзе таксама вялікая акцыя на Кафедральнай плошчы. У Варшаве таксама ўжо анансаваны шэраг падзей у розных лакацыях з розным кантэкстам, але нагода – гэта Дзень палітвязняў і Дзень салідарнасці з палітвязнямі ў Беларусі.

Comments are closed.