Loading

Завяршыўся 11-ы кангрэс даследчыкаў Беларусі. Сёлета ён праходзіў у польскім Гданьску, традыцыйна, нагадаем, беларускія навукоўцы збіраюцца ў літоўскім Коўне. Сёлетні кангрэс стаў рэкордным па колькасці ўдзельнікаў у посткавідны і пострэвалюцыйны час. Навукоўцы з’язджаліся з розных краін, бо беларускіх палітолагаў, эканамістаў, філолагаў, мастацтвазнаўцаў і перакладчыкаў таксама раскідала па свеце.

Вынікі кангрэса радыё Ўнэт падвяло са старшынёй арганізацыйнага камітэта, дырэктарам інстытута «Палітычная сфера» Андрэем Казакевічам.

Андрэй Казакевіч на 10-ым Міжнародным кангрэсе даследчыкаў Беларусі

— 11-ы кангрэс я ацэньваю паспяхова. Вельмі ўдалы атрымаўся кангрэс. Маем рэкордную колькасць удзельнікаў пасля 2021 года, то бок пасля рэпрэсій, пасля пандэміі. Зразумела змянілася і структура ўдзельнікаў і колькасць, іх колькасць расце. Само месца Гданьск вельмі зручным аказалася, дзякуючы нашым парнёрам –музею Другой Сусветнай вайны, Цэнтру Салідарнасці, Марскому музею. Адчуваецца вялікая цікавасць да Беларусі з боку польскай акадэмічнай супольнасці, з боку Украіны, Нямеччыны. З Беларусі людзі прыехалі, што таксама вельмі важна. І адчуваецца, што ў самім Гданьску ёсць беларуская супольнасць і ёсць цікавасць да гэтай тэмы.

— А як тэмы панэляў фарміраваліся і на што хацелася зрабіць ухіл у гэтым годзе?

— Арганізацыйны камітэт не вызначае тэмы. Тэмы падаюцца навукоўцамі, лідарамі акадэмічнай супольнасці і арганізацыямі, і ў адпаведнасці з іх чаканнямі і пажаданнямі структура кангрэса і вызначаецца. Відавочна, што аб’яднаць нейкай агульнай тэмай такіх розных даследчыкаў немагчыма, таму што ёсць і лінгвісты, і палітолагі, і эканамісты. Ёсць панэлі і секцыі, якія працуюць у рэжыме фундаментальнай навукі, яны не звязаны з дзеючай кан’юнктурай. Чым бліжэй мы да сацыяльных і палітычных дысцыплін, тым больш мы бачым актуальных праблем, гэта і праблемы міграцыі, праблемы бяспекі ў рэгіёне, у тым ліку і ваеннай бяспекі, гэта крызіс знешняй палітыкі ў рэгіёне, напружанасць у стасунках афіцыйнага Мінска з Украінай, Польшчай і Літвой, магчымасці супрацоўніцтва суседніх краін з беларускім грамадствам – усе гэтыя тэмы вельмі глыбока і падрабязна разглядаліся ў межах панэлей і секцый кангрэса. Акрамя гэтага адпаведныя тэмы ўздымаліся ў фармаце дыскусій і гэта павінна зрабіць свой унёсак у разуменне таго, што сёння адбываецца ў Беларусі і рэгіёне.

— Цэнтральны даклад рабілі Вы, па развіцці беларускай навукі. Вы спецыяльна правялі адпаведнае даследаванне да кангрэса?

— Мы падумалі, што лагічным працягам місіі кангрэса будзе маніторынг стану акадэмічнай сферы ў Беларусі, тым больш, што ў гэтай сферы існуе досыць вялікая колькасць міфаў, стэрэатыпаў. Мы не асабліва ведаем, што там адбываецца, асабліва пасля 2020 года, калі сфера стала больш закрытай. Тым больш, мы мала ведаем, як звычайныя грамадзяне ставяцца да дасягненняў беларускай навукі ці, прынамсі, да працэсаў, якія там адбываюцца. Таму мэта нашага даследавання была, з аднаго боку, правесці апытанне грамадскай думкі па шэрагу праблем, у прыватнасці нам было важна ацаніць, як грамадзяне ставяцца да ўзроўню развіцця дысцыплін, да ўзроўню імплементацый тэхналогій і інавацый у Беларусі, як яны бачаць прыярытэты фінансавання навукі. І другі блок быў, каб проста сабраць лічбы, звязаныя з навуковай дзейнасцю, напрыклад, ацаніць колькасць людзей, якія працуюць у гэтай сферы, паглядзець на доўгатэрміновыя трэнды, паглядзець, як фінансуецца беларуская навука, паглядзець колькасць публікацый і дысертацый.

— 12-ты кангрэс дзе будзе?

— Пакуль яшчэ не вырашалі. Праз некалькі тыдняў будзем вызначаць на пасяджэнні аргкамітэта.

— А якія ёсць варыянты ці прапановы ад партнёраў?

— Ёсць ідэя правесці ў Германіі, ёсць да гэтага цікавасць і партнёраў. І ўлічваючы тое, што значная частка беларускай навуковай супольнасці, якая пасля 2020 года пакінула Беларусь, зараз знаходзіцца ў Германіі, гэта таксама важны фактар. Традыцыйна, сувязі з нямецкімі ўніверсітэтамі, з нямецкімі навукоўцамі былі вельмі шчыльнымі. Калі ўвогуле паглядзець ландшафт гэтых сувязяў, то ў тройцы лідараў атрымліваюцца Польшча, Літва і Германія. Мы праводзілі кангрэс ва ўсіх гэтых краінах, акрамя Германіі. Але калі рэалістычна глядзець на рэчы, то планаванне кангрэса на новай пляцоўцы зойме не менш за год, я не думаю, што ў наступным годзе мы зможам правесці кангрэс у Нямеччыне, але паглядзім. Яшчэ такой новай пляцоўкай можа быць Чэхія, гэты варыянт агучваўся нашымі партнёрамі. Ну і вярнуцца ў Коўна, гэта таксама важна. Таму будзем думаць, і ўвогуле ў новых умовах ужо трэба мець планы на будучыню, як мінімум на некалькі гадоў.

Comments are closed.