Даведацца, што новага адбываецца ў свеце беларусістыкі і задаць свае пытанні даследчыкам можна будзе 1 і 2 чэрвеня. На міжнародную навуковую канферэнцыю “Мова, літаратура і культура Беларусі ў Польшчы і ў свеце” прыедуць навукоўцы з Польшчы, Беларусі, Чэхіі, Латвіі, Літвы, Славеніі і нават Вялікабрытаніі. Упершыню на кафедры беларусістыкі, якая з’яўляецца арганізатарам канферэнцыі, будзе працаваць і студэнцкая секцыя. Пагарталі праграму і паразмаўлялі з тымі, хто рыхтуе свае даклады.
Максім Фіёнік, студэнт I курса кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта. Студэнцкая секцыя.
– Я раскажу пра гаворкі, якія можна пачуць на Падляшшы паміж рэкамі Буг і Нараў. Гэта мясцовая мова, якой карыстаюцца людзі, што ідэнтыфікуюць сябе як беларусы Падляшша, адкуль паходжу і я. У XX стагоддзі можна было пачуць, што нашая гаворка – каралеўская. І сапраўды, як мы пачытаем літоўскі Статут або іншыя дакументы, дзе выкарыстоўваецца старабеларуская мова, то пачуем, што яна вельмі блізкая да гаворак з-пад Бельску ці з-пад Гайнаўкі. Я распавяду, як гаворка выкарыстоўваюцца ў нашым рэгіёне на працягу апошніх 10 гадоў. Дзе яна знаходзіцца ў інтэрнэце, інстаграме, фэйбску і розных мясцовых сайтах. Падзялюся сваімі думкамі і наконт таго, ці будзе гэтая мясцовая мова развівацца, жыць. Так што вельмі запрашаю на канферэнцыю ў пятніцу.
Анхела Эспіноса Руіс, кандыдатка філалагічных навук, выкладчыца кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта. Літаратуразнаўчая секцыя.
– Я буду распавядаць пра беларускі пераклад „Маленькага прынца” Антуана дэ Сент-Экзюперы. Кнігу пераклала Ніна Мацяш. „Маленькага прынца” я адкрыла для сябе наноў, хаця гэта твор я перачытваю кожны год з узросту сямі гадоў. Атрымліваецца ўжо 22 разы! „Маленькі прынц” – гэта помнік сусветнай культуры, сучасная класіка. У сваім дакладзе я раблю націск на тым, наколькі важна мець такія творы на беларускай мове і таксама перакладаць нашыя шэдэўры на розныя мовы свету. Каб гэтыя пераклады спрыялі развіццю нацыянальнай беларускай культуры ў кантэксце еўрапейскай, сусветнай літаратуры.
Алена Ляшкевіч, кандыдатка філалагічных навук. Культуразнаўчая секцыя.
– Мой даклад называецца «Ад абраду да забавы: трансфармацыя абыходу двароў на традыцыйныя каляндарныя святы ў Беларусі і Польшчы». Я буду распавядаць пра калядны абрад «Конікі» ў Давыд-Гарадку і пра абыход з казой на запусты перад Вялікім Постам на Куявах. Гэта групы пераапранутых людзей, усё выглядае вельмі калярова, весела, жыва. Сёння побач з традыцыйнымі персанажамі з’яўляюцца героі з масавай культуры – Спайдэрмэн, персанажы дзіснэеўскіх ці савецкіх мульцікаў. І калі раней, магчыма, як відаць з сімволікі абрадаў, абыходы былі накіраваныя ў вялікай ступені на незамужніх дзяўчат, то цяпер гэта проста агульнае свята, калі віншуюць усіх. Вельмі раю наведаць, а калі не атрымліваецца даехаць, то запрашаю паслухаць мой даклад. Я пакажу свае экспедыцыйныя фота і відэа, падзялюся ўражаннямі і вынікамі сваіх даследаванняў.
А вось яшчэ некалькі дакладаў з праграмы:
- „Кішэнны” фармат тэатра: праект Аляксея Стрэльнікава
- Выкарыстанне беларускага фальклора філаматамі-літаратарамі
- Як перадаць па-беларуску зьяву небінарнасьці: новыя выклікі гендарнай лінгвістыкі
- Канцэпт Радзімы ў моўнай карціне свету беларусаў
На канферэнцыю ўваход вольны. Падзея будзе адбывацца па адрасе Dobra, 55. З праграмай і раскладам секцый можна пазнаёміцца тут.
Comments are closed.