Loading

Беларускі бард і пісьменнік Зміцер Бартосік напрыканцы 2022 года выпусціў кнігу «Забіць упалмінзага». У кнізе распавядаюцца невядомыя факты беларускай гісторыі ў пасляваенны час.  Для радыё Ўнэт лаўрэат прэміі Ежы Гедройця распавёў гісторыю стварэння кнігі, прысвечанай археолагу Міхасю Чарняўскаму.

Выхад кнігі… Колькі раз у жыцці вы маглі ў дачыненні да сябе ўжыць гэтае словаспалучэнне?

Мне тут цяжка збіцца з ліку, хопіць пальцаў адной рукі, але мне гэтыя кнігі вельмі дарагія.

Першае выданне — «Чорны пісталет». Гэта была ідэя Сяргея Дубаўца: сабраць гісторыі, якія я пісаў для “Нашай Нівы”. Каму цікава апынуцца ў атмасферы беларускага адраджэння 90-х гадоў, запрашаю пачытаць.

Пасля быў «Верабейка», які даляцеў да прэміі Гедройця. Трэцяя кніга – гэта «Клініка кітайскага дантыста» па забытых адрасах беларускай культуры. І вось зараз – «Забіць упалмінзага».

У мяне з дзяцінства захавалася звычка заглядваць на апошнюю старонку кнігі, якую я толькі збіраюся чытаць. «Забіць упалмінзага» закачваецца так: «Я пацягнуў на сябе цяжкія музэйныя дзьверы. У вочы шыбанула зыркае сонечнае сьвятло, быццам выбухнула тая бомба, якую Чарняўскі усё ж такі рвануў». Уласна, кніга і прысвечана памяці Міхася Чарняўскага, выдатнага беларускага вучонага…

У кнізе я весела апісваю нашу першую сустрэчу. Мой таварыш Сяргей Харэўскі быў вельмі заклапочаны маім халасцяцкім станам, і мы як героі гогалеўскай «Жаніцьбы» бадзяліся па розных прыстойных інтэлігенцкіх беларускіх дамах. Неяк апынуліся ў адным пяціпавярховіку, я пачаў выпендрывацца перад прыгажуняй. Вельмі непрыстойна: спяваў ранняга Высоцкага, распавядаў анекдоты і сам над імі смяяўся. У яе вачах я чытаў толькі адно: «Божа, які ідыёт». Але гаспадар дома мне вельмі спадабаўся, інтэлігент кожным жэстам. І праз 7 гадоў я пабачыў таго самага гаспадара, Міхася Чарняўскага, і я заўсёды баяўся, што я ў яго вачах быў тым самым ідыётам, хаця ён гэта можа той вечар і не памятаў.

Мінула шмат гадоў. Мне пазваніў адзін выдавец і перадаў фотаархіў, зроблены… Міхасём Чарняўскім. Гэта быў архіў Маладзечанскага суда, там было некалькі дзясяткаў судовых спраў, у асноўным гэта 80 артыкул Крымінальнага кодэкса – «бандытызм» і ўсё, што вакол яго: падтрымка бандытаў, контррэвалюцыйная агітацыя, сабатаж, уся антысаветчына.

Кніга чытаецца вельмі лёгка. Прыгадваецца, як хтосьці з рэжысёраў сказаў, што для яго добры мастацкі твор – гэта цікавы мастацкі твор. 

У кніжцы нават на самую змрочную тэматыку, абавязкова павінен прысутнічаць гумар.

У якіх краінах і пры якіх абставінах пераважна адбывалася праца над кнігай?

Так атрымалася, што спачатку я пісаў кнігу ў Беларусі. Пасля быў вымушаны з’ехаць у Адэсу і тры месяца я працаваў над кніжкай там. Пасля, калі я пераехаў у Польшчу, я жыў месяц у сапраўдным нямецкім замку, які знаходзіцца пад Вроцлавам. Далей у мяне была творчая рэзідэнцыя ў Варшаве. Справа ў тым, што кнігу я перапісваў некалькі разоў. Рэдактар Сяргей Дубавец прымушаў перапісваць і перапісваць. Першапачаткова гісторыі я разбіваў паводле геаграфічнага прынцыпу, але ён прымусіў мяне разбіць усё па тэмах.

А што такое ці хто такі, уласна, «упалмінзаг»?

Гэта страшная пачвара. Гэта скарот, які расшыфроўваецца як «уполномоченный министерства заготовок». Гэта чалавек, у абавязках якога было знайсці тое, што селянін хавае ад савецкай улады. І замест таго, каб здаць нормы па мясу, жыту ці нечым яшчэ, селянін гэта хаваў і упалмінзаг быў «уполномочен» гэта забраць.

Цягам дваццаці гадоў вы вандравалі па Беларусі ў пошуках жывой гісторыі і вусных сюжэтаў для сваіх радыёперадач. Вы размаўлялі з людзьмі іншага пакалення. Пакалення, якое, як вы пішаце, незваротна адыходзіць. Што за якасці былі ўласцівыя тым людзям і чым адрозніваемся ад іх мы сённяшнія?

Людзі супраціўляліся калектывізацыі і змагаліся з савецкай уладай са зброяй у руках. Гэта былі людзі абсалютна незалежныя ад дзяржавы, гэта былі хутаране, гаспадары, які ўспрымалі таварышча упалмінзага як рабаўніка.

У 2020 годзе былі абсалютна мірныя пратэсты і гэта ў асноўным былі незалежныя ад дзяржавы людзі. Гэта былі людзі, каторыя ўжо сталі гаспадарамі свайго лёсу. Вось і ўсе адрозненні.

А ці падаравала вам жыццё такое шчасце паразмаўляць са сваімі дзядамі, прадзедамі? І якія пытанні (што, канешне, застануцца без адказу) вы б ім сёння задалі?

У свайго адэскага дзядулі Анатоля Бартосіка я б спытаў, дзе яны жылі, хто з продкаў прыехаў у Адэсу. Я яго вельмі дрэнна памятаю, бо мне было 4 гады, калі ён сышоў. Ужо пасля я даведаўся, што ён быў сталініст. Мне было б цікава, гэта было шчыра, ці ён хаваўся за сталінізмам, каб яго не арыштавалі за ягоную польскасць. Яго жонка жыла ў Крамлі, на адной лесвічнай пляцоўцы з Калініным. Яна жыла там з першым мужам, палкоўнікам. Цікава, як яны жылі ў Маскве ў 1937 годзе і глядзелі на таварыша Сталіна.

Спадар Зміцер, хацела яшчэ запытацца вось пра што. Не так даўно вы агучылі «Жэтон на метро» Андрэя Федарэнкі. Распавядзіце, калі ласка, як вам працавалася над гэтым неверагодна захапляльным сюжэтам.

Над агучкай цяжка працавалася, бо я не магу чытаць хутка. Я падбіраю характар. Думаю, якімі галасамі героі павінны размаўляць. Там жа на канале Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка Kamunikat ёсць і іншыя кнігі, агучаныя ў тым ліку і сваімі аўтарамі. Ёсць што паслухаць.

У Федарэнкі ёсць адна вельмі цікавая жыццёвая заўвага: «На свеце толькі дзве сапраўдныя непрыемнасці: першая – не дабіцца чаго хацеў, другая – дабіцца чаго хацеў». Ці пагадзіліся б з калегам?

Паглядзець бы на гэтага чалавека, які дабіўся ўсяго, чаго хацеў. Ці магчыма гэта?..

Вашая кніга выйшла ў межах серыі «Падарожжаў Свабоды». А ці ёсць штосьці, што сёння вам дорыць гэтае пачуццё – пачуццё свабоды? 

Працуючы над гэтымі перадачамі і кнігамі, я сам сабе выбіраў маршрут, суразмоўцаў. Мне ніхто не замінаў. І гэта была вышэйшая ступень свабоды, калі ты рабіў усё сам. Больш такой свабоды, баюся, у мяне ўжо не будзе. З’ехаўшы з несвабоднай Беларусі, са свабодай сапраўднай я і развітаўся.

Поўную размову слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.