Loading

Інтэрактыўны спектакль для дзяцей «рЭвалюцыя Зайца», пастаўлены па матывах народнай казкі «Ліса і заяц», прадставіла ў Беластоку творчая група пад кіраўніцтвам мастачкі і сцэнографкі Таццяны Дзіваковай. Цягам двух апошніх выходных дзён і чатырох паказаў гледачы маглі назіраць, як да галоўнага героя прыходзіць асэнсаванне вартасці разліку на ўласныя сілы пры змаганні за адабраную хатку.

Сюжэт спектакля знаёмы многім з дзяцінства. Ліса жыла ў ледзяной хатцы, якая растала з надыходам цяпла, і бяздомная папрасілася пераначаваць у драўлянай хатцы Зайца. Але калі прыйшоў час высяляцца, то папросту выгнала гаспадара. Колькі Заяц ні клікаў на дапамогу іншых звяроў, ніхто не мог яму дапамагчы, баючыся пагроз захопніцы. Толькі смелы Пеўнік змог так напужаць яе, што яна і збегла. Але калі ў народнай казцы ролю вызваліцеля выконвае запрошаны для гэтага Пеўнік, то ў пастаноўцы Таццяны Дзіваковай, ён толькі дапамагае, калі Заяц пасля няўдалых просьбаў да іншых звяроў вырашае самастойна выгнаць лісу.

Як кажа аўтарка праекта, спектакль менавіта пра змены, якія адбываюцца ў свядомасці галоўнага героя, таму ў назве пастаноўкі «рЭвалюцыя Зайца» першая літара р маленькая, а другая – Э – вялікая.

«Гэта менавіта пра змену Зайца, як ён расце, як эмацыйна развіваецца, што з ім здараецца і чаму гэта адбываецца, чаму такія змены, і як ён гэта ўсё перажывае, пераадольвае, і ў выніку атрымоўвае тое, за што змагаўся. Гісторыя ўзята з народнай казкі пра Лісу і Зайца. Мы самі перажылі пераезды, змены розныя. І было такое жаданне зрабіць працу пра гэта. Там гісторыі ўвогуле пра булінг і пра дзяцей, якія спрабуюць неяк адаптавацца ў розных умовах і ў розных краінах. Як жыць далей, калі няма звыклага асяродка, звыклых людзей, звыклай мовы, і што рабіць. Гэта і пра нас дарослых, пра тых дзяцей, якія жывуць у нас, дарослых, якія вымушаны таксама нешта рабіць з той сітуацыяй, у якой яны апынуліся. Гэта такі праект, каб падтрымаць, паказаць, што ты не адзін, што вакол нас шмат і мы можам дапамагаць адзін аднаму», – распавяла Таццяна Дзівакова.

Таццяна Дзівакова

Пасля прагляду спектакля дзеці былі запрошаны намаляваць таго героя, які ім спадабаўся.
Да Беластока група Таццяны Дзіваковай з даным праектам ужо пабывала ў Сопаце і Уроцлаве, а ў чэрвені паказы запланаваны ў Варшаве. Над праектам, акрамя аўтаркі, працуюць рэжысёр Юры Дзівакоў, кампазітар Вольга Падгайская, аўдыямайстар Віталь Эпаў.

«Гэты спектакль яшчэ з такімі псіхалагічнымі рэчамі зроблены. Мы супрацоўнічаем з псіхолагамі, якіх знаходзім у розных гарадах, якім цікава разам з намі папрацаваць, сваімі прыёмамі дапамагчы людзям. Людзі могуць прыйсці са сваімі пытаннямі пра адаптацыю. Мы анансавалі гэта як дапамогу дзецям больш, але, канешне, людзі могуць прыходзіць, задаваць свае пытанні, зразумець, дзе яны могуць бесплатную кансультацыю атрымаць у псіхолага», – паведаміла Дзівакова.

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.