Loading

19 снежня стартаваў афіцыйны продаж першай часткі легендарнай сагі Джона Толкіна ў новым перакладзе Ігара Кулікова. «Брацтва пярсцёнкаў» з’явілася на анлайн-пляцоўках і цяпер выданне можна замовіць у розныя еўрапейскія краіны і нават у Беларусь. А самыя нецярплівыя чытачы маглі ў гэты дзень купіць кнігу ў Беларускім моладзевым хабе наўпрост у выдаўца Андрэя Янушкевіча. Мы пагаварылі з ім пра прэм’ерны фаліянт, які мае ўсе шанцы стаць умілаваннем для кожнага кнігалюба.

Цвёрдая вокладка смарагдавага колеру ў стылістыцы выцінанкі, прыгожая закладка-лясэ і амаль 600 старонак фантастычнага сюжэту на прэміяльнай шведскай паперы: як нам і абяцалі, кніга атрымалася сапраўды шыкоўнай. А дзякуючы мастацкаму афармленню Настассі Пазняк з першага погляду зразумела, што гэта выданне – беларускае, натхнёна распавядае Андрэй Янушкевіч.

«Думаю, кожны выдавец трымае ў галаве спіс тысячы кніг, якія хоча выдаць. Безумоўна, трылогія Толкіна – адна з такіх кніжак, – кажа Андрэй Янушкевіч. – Яна проста павінна гучаць на нашай роднай мове, калі мы лічым нашую культуру паўнавартаснай сярод еўрапейскага брацтва моў. З іншага боку, мы ніколі не будзем хаваць, што для нас гэта камерцыйны праект. Мы цудоўна ведаем, што Толкін – адзін з самых чытаных аўтараў на свеце, і беларусы – не выключэнне. І мы разлічваем на камерцыйны поспех. Гэта нам дасць рэсурсы далей выконваць сваю культурную місію і матэрыялізаваць на практыцы новыя кніжныя праекты».

На беларускую мову «Валадара пярсцёнкаў» пераклаў Ігар Кулікоў. Чытачу ён можа быць вядомы сваім зборнікам шыкоўных перакладаў са стараангельскай мовы, за якія ў 2019 атрымаў прэмію Карласа Шэрмана. Таксама гэты аўтар перакладаў раман Чарльза Букоўскі «Чытво», тлумачыў з санскрыту Рыгведу і ўрыўкі з Махабхараты. Цяпер на яго рахунку будзе таксама класіка сусветнага фэнтэзі. Неверагодна, але культавую трылогію ён пераклаў усяго за 2 гады, распавядае пра закуліссе творчай працы Андрэй Янушкевіч.

«Я думаю, што гэты беларускі тэкст, які зрабіў Ігар Кулікоў, проста прымусіць палюбіць беларускую мову яшчэ раз. Камусьці пазнаёміцца з ёю, з жывой і непадобнай на іншыя мовы – а камусьці закахацца яшчэ раз. Мяне захапіла багатая лексіка, вырашэнні, бо перакладаць Толкіна не так проста, у ім вельмі шмат архаічных стараангельскіх элементаў, а Ігар вядомы тым, што займаўся перакладамі стараангельскай паэзіі. То-бок ён ведае матэрыял, аснову, і стараўся як мага лепей і дакладней перадаць дух Толкіна ў беларускай мове. Судзіць, канечне, чытачам, але на мой погляд спроба вельмі ўдалая і нашае выдавецтва будзе гэтым тэкстам толькі ганарыцца».

Шляхі распаўсюду «Брацтва пярсцёнкаў» будуць традыцыйнымі – кнігу можна замовіць на сайце knihauka.com або зрабіць заказ на вядомым польским маркетплэйсе allegro.pl. Неўзабаве выданне Джона Толкіна з’явіцца і на Amazon, раскрывае сакрэт Андрэй Янушевіч.

«Я спадзяюся, што цягам аднаго-двух тыдняў працэсы будуць адладжаны і ўсе тыя людзі, якія жывуць у заходнееўрапейскіх краінах – Брытаніі, Францыі, Іспаніі, Італіі, Германіі – змогуць карыстацца «Амазонам» для пакупкі кніг», – дзеліцца навінамі выдавец.

Comments are closed.