Loading

Найбуйнейшая беларуская інтэрнэт-бібліятэка Kamunikat.org, якая больш за 20 гадоў таму была створана ў Беластоку, працягвае актыўна развівацца, нягледзячы на тое, што ў Беларусі яе сайт ад ліпеня заблакаваны Міністэрствам інфармацыі. Напрыканцы верасня ў «Камуніката» істотна абнавіўся інтэрфэйс, які займеў новы дызайн і стаў аптымізаваны пад самыя розныя дэвайсы і прылады. Радыё Ўнэт пагаварыла з кіраўніком Фонду Kamunikat.org, выдаўцом і журналістам Яраславам Іванюком аб гэтых зменах, планах і нападках прапагандыстаў.

Сцісла ў размове:

  • Нападкі лукашэнкаўскіх прапагандыстаў пачаліся з мінулага году. Яны называлі мяне ці то «беглым», ці то «этнічным палякам», хоць усе мае продкі спрадвеку жылі тут, на Падляшшы, і не іх віна, што межы дзяржаў змяняліся.
  • Магчыма, прычынай блакіроўкі «Камуніката» ў Беларусі сталі тэксты з іншых крыніц аб смерці палітзняволенага мастака Алеся Пушкіна. Лукашэнкаўскія чыноўнікі супраць усяго беларускага, а мы за беларусшчыну.
  • Блакіроўка не адбілася на працы сайту, але колькасць наведвальнікаў з Беларусі паменшылася.
  • Цяперашняя змена інтэрфэйсу сайта была раней запланавана і не з’яўляецца следствам блакіроўкі ці адказам на яе. Цяпер наша вэб-старонка мае новы дызайн і аптымізавана пад самыя розныя дэвайсы і прылады. Больш лагічнай стала навігацыя. Таксама хутчэй загружаюцца старонкі і выданні. Маем намер яшчэ больш павялічыць функцыянальныя магчымасці сайта.
  • «Камунікат» сёння гэта больш за 50 тыс. беларускіх публікацый – газеты, часопісы, кнігі, аўдыёкнігі, радыёперадачы, тэлеперадачы. Збіраем усё тое, што па-беларуску і на іншых мовах пра Беларусь. Пачалі выдаваць кнігі ў папяровым фармаце. Ніякія блакіроўкі не спыняць нашай дзейнасці!

Comments are closed.