У Беларускім моладзевым хабе ў Варшаве ў чацвер адбылася сустрэча «Уплыў беларускай літаратуры». Правяла яе літаратуразнаўца, перакладчыца і выкладчыца беларускай літаратуры Марына Казлоўская. Мерапрыемства праводзілася ў межах месяца беларускай літаратуры. Па словах арганізатаркі, мэта — падзяліцца ведамі аб беларускай літаратуры і ўвогуле пабачыць, наколькі гэта патрэбна аўдыторыі. Як расказала Марына Казлоўская, колькасць удзельнікаў мерапрыемства і іх зацікаўленасць у вывучэнні беларускай літаратуры можа стаць нагодай для далейшага правядзення падобных мерапрыемстваў.
Падчас сустрэчы абмяркоўваліся шэраг тэм. Асноўнай сталі праблемы, з якімі сутыкалася і сутыкаецца беларуская літаратура. Размова ішла ў фармаце дыялога з прысутнымі і беларусы дзяліліся сваімі меркаваннямі, чаму ім часам цяжка было вывучаць родныя творы ў школе, бо, вядома, што першае знаёмства з беларускімі творамі ў большасці адбылося менавіта там. Як адзначыла спадарыня Марына, відавочная праблема з недахопам узроўню валодання мовай для эфектыўнага вывучэння літаратуры, а таксама з падборам саміх тэкстаў. Большасць з іх з’яўляюцца вельмі цяжкімі для вывучэння дзецьмі, гэта ў асноўным тэксты пра вайну альбо іншыя творы, якія маюць высокую каштоўнасць, але для вывучэння якіх патрэбныя добрыя веды аб беларускай гісторыі. Большасць з гэтых праблемаў – гэта праблемы падыхода беларускай сістэмы адукацыі да выкладання дзецям беларускай мовы, літаратуры і гісторыі.
На мерапрыемстве, праведзеным Марынай Казлоўскай можна было даведацца пра іншы бок беларускай літаратуры і цікавыя творы, з якіх варта пачаць вывучэнне літаратуры, каб не страціць да яе цікавасць. Літаратуразнаўца прапануе тым, каму пакуль цяжка даецца беларуская мова, не пачынаць адразу з класікі, а пачаць з твораў на трасянцы, а менавіта з кніг аўтаркі Камілы Цень, а потым можна пераходзіць і да больш глыбокіх, але ўсё яшчэ забаўляльных тэкстаў Людмілы Рублеўскай альбо Валера Гапеева. Пасля можна пераходзіць і да Альгерда Бахарэвіча.
Даволі цікавая, але часам невядомая беларусам частка беларускамоўнай літаратуры – гэта пераклады замежных тэкстаў. Па словах Марыны Казлоўскай, у Беларусі ўжо склалася школа літаратурнага перакладу і ёй ёсць што прапанаваць чытачу. На сённяшні момант перакладзена ўжо шмат і класічных твораў, напрыклад Оруэла альбо Хемінгуэя, і больш сучасная літаратура шырока прадстаўленая, у тым ліку і такіх краінаў як Літва альбо Ізраіль. Тыя, каму цікава даведацца пра некаторыя з перакладзеных замежных твораў, могуць азнаёміцца з адмысловай прэміяй імя Шэрмана, арганізаванай ПЭН-цэнтрам. Так можна знайсці найлепшыя пераклады замежнай літаратуры на беларускую мову.
У цэлым, паводле Марыны Казлоўскай, беларуская літаратура зараз перажывае цяжкія часы, але паволі пачынае зноў адраджацца. На яе думку, тое, што адбывалася з літаратурай пасля 2020 года, інакш як пагромам назваць нельга, але, зараз ідзе адраджэнне літаратуры ў эміграцыі.
«Беларуская літаратура – жывая з’ява. Безумоўна з’яўляюцца новыя пісьменнікі, у літаратуру прыходзіць моладзь і прыносіць тэмы, якія былі не да ўяўлення яшчэ некалькі год таму. Яны дазваляюць сабе эксперыменты, мастацкія выказванні і гэтак далей. Я не веру ў тое, што літаратура можа быць мёртвай, калі ёсць жывое грамадства».
Падрабязней:
Comments are closed.