Loading

23 жніўня Міністэрства ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь прызнала экстрэмісцкім фармаваннем Праваабарончы цэнтр «Вясна». Пры гэтым сярод так бы мовіць складовых частак гэтага нібыта фармавання пералічаныя розныя інтэрнэт-сайты, чаты і суполкі ў Тэлеграме, Фэйсбуку, нават Аднакласніках і ЎКантакце, ютуб-каналы, цік-ток старонкі і нават асабістыя акаўнты і адрасы электроннай пошты праваабаронцаў «Вясны» і журналістаў, якія супрацоўнічаюць з найстарэйшай і найвядомейшай праваабарончай арганізацыяй Беларусі. Пра тое, як прызнанне праваабарончай арганізацыі экстрэмісцкім фармаваннем можа быць расцэнена з гледзішча міжнароднага права аб правах чалавека мы паразмаўлялі з юрыстам Праваабарончага цэнтра «Вясна» Паўлам Сапелкам.

— Ці можаце Вы ўдакладніць, што канкрэтна было прызнана складнікамі так званага экстрэмісцкага фармавання «Праваабарончы цэнтр «Вясна»?

— Калі адштурхоўвацца ад тых звестак, якія апублікавала Міністэрства ўнутраных справаў, то Праваабарончы цэнтр «Вясна» прызнаны экстрэмісцкім фармаваннем. І пералічаны ў гэтым паведамленні аб прыняцці рашэння цэлы шэраг электронных адрасоў рознага кшталту рэсурсаў, электронных поштаў, уліковых запісаў у Тэлеграме, у сацсетках.

— А ці ёсць інфармацыя пра тое, што карныя органы Беларусі назвалі прычынай ці падставай для абвяшчэння «Вясны» экстрэмісцкім фармаваннем?

— У самой інфармацыі, якая з’яўляецца больш-менш афіцыйнай, якая публікуецца на сайце МУС, гаворыцца пра тое, што фізічныя асобы ажыццяўляюць экстрэмісцкую дзейнасць. А ўсё астатняе – гэта там нейкія яшчэ дапаўненні, дамысліванні дзяржаўных прапагандыстаў. Я іх рэтрансляваць не буду.

— Якія наступствы гэтага прызнання могуць быць для супрацоўнікаў «Вясны» і для тых, хто з імі кантактуе?

— За стварэнне і кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем прадугледжана крымінальная адказнасць. Паводле практыкі, якая існуе зараз у Беларусі, гэта, як правіла, цягне за сабой пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі. Таксама прадугледжана крымінальная адказнасць за далучэнне да экстрэмісцкага фармавання. Само па сабе сяброўства, нібыта, з нармалёвага пункту гледжання, наколькі ўвогуле ён можа ў гэтай сітуацыі ўжывацца – нармальны пункт гледжання, дык быццам бы ніякая адказнасці. Але мы разумеем так, што над усімі сябрамі Праваабарончага цэнтра «Вясна» і над тымі, хто дапамагае Праваабарончаму цэнтру «Вясна», навісла пагроза крымінальнага пераследу.

— А наколькі падобныя прызнанні адпавядаюць прынцыпам і патрабаванням міжнароднага права аб правах чалавека і тым міжнародным дакументам, якія Беларусь падпісала, ратыфікавала і абавязалася выконваць?

— Улічваючы тое, што Праваабарончы цэнтр «Вясна» вядзе цалкам легітымную дзейнасць, мы ведаем цудоўна, што не здзяйсняем ніякага роду злачынстваў нават паводле недэмакратычнага беларускага заканадаўства. Тым не менш, прызнанне Праваабарончага цэнтру «Вясна» экстрэмісцкім фармаваннем парушае права сябраў арганізацыі на асацыяцыю, і права на свабоднае выказванне свайго меркавання. І, безумоўна, гэта такія дастаткова сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека, якія не застануцца без увагі.

— Магчыма ўжо ёсць нейкая рэакцыя вашых калег па праваабарончай сферы ці міжнародных арганізацыяў?

— Быў твіт камісара ў правах чалавека ААН, які асудзіў гэтую сітуацыю. Выйшла заява беларускіх праваабарончых арганізацыяў, якія асудзілі прызнанне «Вясны» экстрэмісцкім фармаваннем і парушэнне правоў на свабоду меркавання і свабоду асацыяцыяў.

Comments are closed.