Loading

На гэтым тыдні дзяржаўны тэлеканал АНТ расказаў, што ў Беларусі затрымана як мінімум 14 чалавек пасля таго, як сілавікі атрымалі доступ да базы даных “Кадравага рэзерву для новай Беларусі”. Адначасова  Следчы камітэт паведаміў, што распачаў супраць удзельнікаў адпаведнай ініцыятывы крымінальную справу паводле артыкула аб стварэнні экстрэмісцкага фармавання. 

Ці адпавядае рэчаіснасці прадэманстраванае па беларускім тэлебачанні і ці сапраўды паказаныя людзі былі ўдзельнікамі курса “Кадравы рэзерв для новай Беларусі”, радыё Ўнэт спытала ў адказнага за гэты праект у Аб’яднаным пераходным кабінеце Юрася Губарэвіча. 

Ініцыятыва “Кадравы рэзерв” наносіць удар па асноўнай тэзе беларускай прапаганды, якая гаворыць пра тое, што альтэрнатывы рэжыму Лукашэнкі няма, ніхто не здольны замяніць створаную ім армію чыноўнікаў на дзяржаўных пасадах у сістэме дзяржаўнага альбо рэгіянальнага кіравання. І гэта азначае, што з сыходам рэжыму Лукашэнкі краіна абрынецца ў хаос. 

Рыхтуючы новых дзяржслужбоўцаў, мы даказваем, што такога хаосу не адбудзецца. Ёсць людзі, якія гатовыя пераняць кіраванне дзяржавай на розных узроўнях, і зрабіць гэта нашмат больш прафесійна, чым сёняшнія паслухмяныя вінцікі сістэмы, створанай рэжымам.  

Доступ да баз даных 

Адразу адзначу, што ніякага доступу да тых, хто ўдзельнічае ў Zoom-вебінарах, яны не атрымалі. Гэта нават тэхнічна немагчыма. Сістэма Zoom-вебінар прадугледжвае аўтаномнае знаходжанне кожнага з гледачоў. Яны могуць бачыць выключна выкладчыка. Яны не маюць правоў на ўключэнне ўласнага відэа альбо аўдыё. І камунікацыя, якая адбываецца з выкладчыкам, ідзе праз мадэратара, праз персанальную перапіску. 

Гэта азначае, што ніхто з іншых удзельнікаў не можа пабачыць тых, хто знаходзіцца побач, хто таксама прымае ўдзел у сесіі. Ні іхнія прозвішчы, ні іхні голас, ні іхняе відэа. І, больш за тое, наша сістэма прадугледжвае рэгістрацыю ў сістэме Zoom-вебінар не па асабістых прозвішчах і імёнах, а па ўліковых нумарах анкет. Нават, калі такі спіс нумароў хтосьці скачае, то гэта нікому нічога не дасць. Таму ўся заява прапаганды – гэта выключна хлусня. 

Рэгістрацыя ў кампаніі “Кадравы рэзерв для новай Беларусі” адбываецца праз анкету, размешчаную на афіцыйных старонках сайта, дзе кожны жадаючы можа ўказаць нейкія свае базавыя персанальныя дадзеныя, па якіх мы вызначаем, што гэта рэальны чалавек. Але больш нас цікавіць досвед працы, узровень адукацыі, ну і, натуральна, тое месца, якое бачыць патэнцыйны ўдзельнік у сістэме кіравання ў новай дэмакратычнай Беларусі. 

І наступным крокам мы аддзяляем персанальныя дадзеныя ад асноўнага масіву і працуем з тым масівам, які дае поўную характарыстыку асобы, але не раскрывае гэтую асобу. Базы захоўваюцца ў розных месцах, доступ да базаў выключаны. 

У нас апошнія паўтара месяцы адбываюцца атакі на сайт, напэўна, як спроба праламіць абарону і знайсці там нейкія звесткі пра карыстальнікаў. Але гэта зноў-такі бессэнсоўнае дзеянне, таму што на сайце “Кадравага рэзерву” ніякай інфармацыі не захоўваецца. 

Пра затрыманых 

На гэты момант працэс высвятлення асоб паказаных у сюжэце людзей працягваецца. Некаторых з іх мы ўжо ідэнтыфікавалі. І магу адназначна запэўніць, што сярод нашых удзельнікаў іх не было. Канешне, у дачыненні да іх могуць быць сфабрыкаваныя розныя справы, альбо могуць прымушаць прызнавацца, пагражаючы адказнасцю па нейкіх больш сур’ёзных артыкулах. Такое, на жаль, нярэдка ў Беларусі адбываецца. Але прамых доказаў удзелу гэтых людзей у  “Кадравым рэзерве”, я перакананы, няма. Як і адносна ўсіх іншых людзей, якіх патэнцыйна могуць хапаць сілавікі, каб сфабрыкаваць гэтую справу. 

На жаль, метад правакацыі ўжо даволі стала ўвайшоў у набор методык працы спецслужбаў. І ў дачыненні да “Кадравага рэзерву” адбываецца нешта падобнае. Яшчэ ўвосень мінулага году мы заўважылі, што быў створаны фэйкавы акаунт “Кадравага рэзерву” у Тэлеграме. Гэта пляцоўка, якая дублюе ўсе паведамленні афіцыйнай нашай пляцоўкі, але мае ўласныя кантакты для сувязі. І, калі па неасцярожнасці хтосьці выйшаў праз гэтыя кантакты ці спрабаваў звязацца нібыта з намі, канешне, ён знаходзіцца ў зоне рызыкі.

Іншы метад – гэта, хіба што, нешта новае, але тут трэба быць асцярожным і іншым ініцыятывам, якія прызнаны экстрэмісцкімі рэсурсамі. Да сайта “Кадравага рэзерву” быў адкрыты доступ з тэрыторыі Беларусі, хаця такі доступ ужо амаль год, як быў заблакаваны. Робіцца гэта з мэтай адсочвання наведвальнасці сайта па ІР карыстальнікаў. Гэта цалкам тэхнічна магчыма зрабіць датычна тых, хто карыстаецца паслугамі беларускіх правайдэраў і не выкарыстоўвае VPN. І вось ужо па аналізе такой наведвальнасці сілавікі могуць рабіць выснову, што чалавек нібыта прыналежыць да “Кадравага рэзерву”, прыходзіць з вобшукам. 

І тут ужо працуе часам, на жаль, трэці момант, адказнасць за які, мусяць несці перадусім самі карыстальнікі. Гэта сляды перапіскі ці наведвання сайтаў на іхняй тэхніцы – кампутарах ці тэлефонах. Мы рэгулярна звяртаем увагу на тое, што неабходна падчышчаць вось гэтыя магчымыя доказы, сціраць інфармацыю пра ўсе сесіі і далучэнні, альбо перапіску. Але, ізноў, сітуацыя ў Беларусі паказвае, што вельмі часта людзі трапляюцца толькі таму, што яны былі неабачлівыя. Поўны набор можа выкарыстоўвацца. І тут нялішнім будзе нагадаць чарговы раз, што бяспека вельмі шмат у чым залежыць ад саміх карыстальнікаў. 

Comments are closed.