Loading

Беларусы і палякі Беластока выйшлі 25 студзеня на чарговы пікет салідарнасці з палітзняволеным журналістам і актывістам польскай меншасці ў Беларусі Анджэем Пачобутам, а таксама ўсімі беларускімі палітвязнямі. Выступоўцы падкрэслівалі, што рэжым Лукашэнкі не спыняецца ні перад чым і  ўсё больш узмацняе рэпрэсіі.  

Прысутных на пікеце было не вельмі шмат у параўнанні з папярэднімі аналагічнымі акцыямі, але прамовы выступоўцаў ад гэтага не былі менш палымянымі, прасякнутымі словамі салідарнасці з беларускімі палітвязнямі, у прыватнасці з Анджэем Пачобутам, які ўжо 34 месяцы знаходзіцца ў лукашэнкаўскіх засценках. Якія ёсць ад яго навіны? З гэтым пытаннем радыё Ўнэт звярнулася да яго сябра, гродзенскага журналіста Яна Романа, які праводзіў акцыю.

фота: радыё Ўнэт

“Вядома тое, што было і да гэтага вядома. Ён не атрымлівае адпаведныя лекі, ёсць праблемы сустрэцца з адвакатам. Бывае, што адвакат прыедзе, а яго не пускаюць. Па-ранейшаму знаходзіцца ў памяшканні камернага тыпу. У лютым, калі ўсё будзе добра, скончыцца паўгадовы тэрмін яго знаходжання ў гэтам памяшканні. І невядома, які далейшы лёс, што будуць выдумваць улады, каб пакараць дадаткова. 

Нядаўна ў Польшчу прыязджала Анжаліка Борыс, сустракалася з польскімі ўладамі. Нейкім чынам чынам яе перамовы падштурхнуць да вызваленне Анджэя Пачобута?

Польскія ўлады ўвесь час намагаюцца дыпламатычнымі спосабамі, іншымі, каб вызваліць Анджэя Пачобута. Маршалак Сенату падчас сваёй прамовы ўзгадвала Анджэя і сказала, што яна вельмі моцна спадзяецца, што ў хуткім часе ён будзе на волі. Мы таксама спадзяемся. Я думаю, што гэта не пустыя словы такой уплывовай асобы ў Польшчы, якая калі кажа, то ведае, што кажа.

Складана казаць, пра рэчы, пра якія да канца не ведаеш. Перамовы вядуцца ад моманту яго затрымання, толькі якія ўмовы ставіць беларускі бок – гэта таксама невядома. Напэўна, не можа быць так, каб чалавека выпусцілі проста без нейкіх умоў. Ясна, што яны ставяць гэтыя ўмовы, а наколькі яны выканальныя, гэта ўжо іншае пытанне”.

фота: радыё Ўнэт

Пра бачанне сітуацыі з палітычным пераследам польскай меншасці ў Беларусі распавяла на акцыі кіраўнічка Падляшскага аддзела «Вспульноты Польскай» Ганна Кетліньская.

“Як глядзім на тое, што робіцца ў Беларусі, што робіцца з Анджэем Пачобутам, што робіцца з польскай меншасцю, то ясна бачым, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі робіць усё, каб напужаць грамадства і каб у які-небудзь спосаб сутыкнуць супольнасць беларускую і супольнасць польскую ў Беларусі”.

Comments are closed.