Loading

У розных краінах свету палітычныя дзеячы ды інстытуцыі выказвалі сваю падтрымку змаганню беларусаў за свабоду і дэмакратыю.

Жазэп Барэль, вярхоўны камісар Еўрасаюзу па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі ў сваёй заяве звяртае ўвагу на тое, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі працягвае толькі пагаршацца: «Рэжым правёў больш за 40 000 палітычна матываваных арыштаў, завёў не менш за 12 000 палітычна матываваных крымінальных спраў і ўтрымлівае амаль 1 500 палітычных зняволеных». Жазэп Барэль сцвярджае, што ЕС будзе з беларускім народам, пакуль ён ідзе на шляху да незалежнай, дэмакратычнай і квітнеючай краіны як часткі мірнай Еўропы.

Кіраўнік групы «За дэмакратычную Беларусь» у Еўрапарламенце, дэпутат ЕП ад Літвы Юозас Алекас у сваім твітары ў Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю прыгадвае нагоду, з якой такі дзень вызначаны менавіта 12 лістапада: «У гэты дзень, тры гады таму, у Мінску бандыты Лукашэнкі забілі 31-гадовага Рамана Бандарэнку. Стаім за беларусаў, якія імкнуцца да дэмакратыі! Падтрымаем іх у барацьбе за свабоду!».

Дарэчы, Юозас Алекас выказаў падтрымку беларусам асабіста і наведаў акцыю памяці Рамана Бандарэнкі, якая праходзіла ў нядзелю ў Вільні.

«Дзень 12 лістапада стаў адной са шматлікіх трагічных датаў у найноўшай гісторыі нашых блізкіх суседзяў, які нагадвае пра драматычныя падзеі, што адбываюцца ў Беларусі», – звяртае ўвагу Міністэрства замежных спраў Польшчы. Ведамства ў сваім рэлізе падкрэсліла, што чакае ад уладаў у Мінску вызвалення ўсіх палітвязняў і пачатку адкрытага дыялогу з грамадствам з мэтай дэмакратычнай трансфармацыі, якая адпавядае жаданню беларускага народу і якая з’яўляецца падмуркам захавання незалежнасці.

Адзначыла сваю салідарнасць з Беларуссю і Пастаяннае прадстаўніцтва Польшчы пры Савеце Еўропы:

«1500. Такая колькасць палітвязняў у Беларусі сёння, паводле звестак праваабаронцаў «Вясны». Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі – адзін з іх. Жорсткія рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі неабходна спыніць!», – заклікае Міністэрства замежных спраў Швецыі.

У допісе міністра замежных спраў Нідэрландаў Ханке Бруінз Слот гаворыцца: «Мы падтрымліваем многіх мужных беларусаў, якія імкнуцца да свабоды і дэмакратыі».

Пасол Літвы ў Беларусі па асобых даручэннях Аста Андрыяускене зрабіла свой твіт на беларускай мове, напісаўшы: «Вечная памяць Раману Бандарэнку і ўсім загінуўшым за свабоду і праўду».

Клара Добры, ценявы прэм’ер-міністр Венгрыі, і Ферэнц Дзюрчань, прэзідэнт Дэмакратычнай кааліцыі Венгрыі ў сваім пасце з нагоды Міжнароднага дня салідарнасці з Беларуссю адзначылі асаблівую ролю жанчын у беларускім змаганні за свабоду: «Найбольшую павагу выклікаюць тыя беларускія жанчыны, якія ўстаюць на месца сваіх зняволеных мужоў, сыноў і калег-мужчын і працягваюць барацьбу з прыгнётам». Ад імя ценявога ўраду і Дэмакратычнай кааліцыі Венгрыі Клара Добры і Ферэнц Дзюрчань заклікалі ўрад Віктара Орбана спыніць супрацоўніцтва з дыктатарам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

Comments are closed.