Loading

26 верасня адзначаецца Еўрапейскі дзень моў. Яго галоўная мэта – заахвоціць еўрапейцаў вывучаць розныя мовы як у школах, так і па-за іх межамі цягам усяго жыцця.

Беларускі журналіст Васіль Ядчанка вырашыў дапамагчы суайчыннікам з вывучэннем беларускай мовы. Для гэтага ён завёў блогі ў TikTok, Youtube і Instagram публікуе там жартаўлівыя відэа на роднай мове. Як вынік, мільёны праглядаў і тысячы каментароў.

Пра папулярызацыю мовы, беларускі кантэнт у інтэрнэце, пошук сваёй аўдыторыі і сакрэты поспеху, у эфіры радыё Ўнэт распавёў блогер Васіль Ядчанка.

Сцісла ў размове:

  • Я – журналіст. А журналіст проста абавязаныя даведвацца нешта новае. Як толькі з’явіўся TikTok, я адразу ж там зарэгістраваўся. Спачатку выкладаў абы-што, а пасля пачаў весці кулінарны блог па-руску. І ў адным з выпускаў я запытаўся: ці ведаюць мае гледачы як па-беларуску «картошка кипит»? І сам жа адказаў – «бульба каляхуе». Гэтае відэа імгненна разляцелася і набрала 200 тысяч праглядаў. І я зразумеў, што ў людзей ёсць цікавасць да кароценькіх жартаўлівых відэа пра мову.
  • Пачынаць трэба з сябе. Я люблю калупацца ў мове. Я сам вучуся, памыляюся, але гэтага не трэба баяцца. Не сказаць, што я наўмысна папулярызую мову, але людзі бачаць маю цікавасць да беларускай і самі захапляюцца.
  • Да мяне толькі нядаўна дайшло, што я адзін ахопліваю палову ўсіх інтэрнэт карыстальнікаў Беларусі. Не ведаю дакладна ў чым прычына такой папулярнасці. Магчыма, гледачы адчуваюць, што я шчыра люблю тое, што раблю.

Comments are closed.