Loading

Кіраўнік Дабрачыннага фонду «Вільна Білорусь» Аляксей Францкевіч 4 жніўня сустрэўся з рэктарам і навуковымі супрацоўнікамі Драгобыцкага дзяржаўнага педагагічанага ўніверсітэта імя Івана Франка. Падчас сустрэчы бакі дамовіліся аб падрыхтоўцы і выданні навучальна-метадычнага дапаможніка па супольнай гісторыі барацьбы беларусаў і ўкраінцаў супраць спачатку Маскоўскага княства, а пазней – Расіі.

Момант падпісання дамовы на падрыхтоўку навуковай працы і Аляксей Францкевіч і прадстаўнікі Драгобыцкага педуніверсітэта назвалі гістарычным. Аляксей Францкевіч адзначыў, што пасля таго, як рэжым Аляксандра Лукашэнкі ўцягнуў Беларусь, у якасці суагрэсара ў вайну Расіі супраць Украіны, для ўсіх адэкватных беларусаў і ўкраінцаў важным стала паказваць, што сапраўдныя беларусы засталіся адданымі шматстагоддзеваму сяброўству з украінцамі і, як могуць, падтрымліваюць Украіну. Некаторыя нават коштам сваіх жыццяў. Гэта, паводле меркавання Аляксея Францквіча, неабходна асабліва на будучыню, каб пасля гэтай вайны беларусы не засталіся ворагамі для ўкраінцаў. Менавіта таму разлік тут будзе рабіцца на моладзь – школьнікаў і студэнтаў, якія стануць асноўнымі адрасатамі выдання. Аляксей Францкевіч распавёў як нарадзілася ідэя стварэння такога дапаможніка:

«Гэта пачалося з выставы, прысвечанай беларускім героям, потым стварэння сайту «Трыбунал», потым музея ў Бучы. І, калі пачалі збіраць інфармацыю пра загінулых герояў, пра тых беларускіх герояў, якія зараз працягваюць гэтую барацьбу супраць расійскай імперыі, стала зразумела, што патрэбна звязвацца з навучальнымі ўстановамі і рабіць навуковую працу, якая б паказвала моладзі гістарычныя моманты нашых дзвюх краінаў, адлюстроўвала б, чаму беларусы сёння ваююць тут ва Украіне супраць расійскай імперыі, і самае галоўнае – навошта гэта нам патрэбна.

На маё здзіўленне, гэта было неімаверна: мы ўпершыню ў Драгобыч заехалі, таму што ён (Драгобыцкі педуніверсітэт) быў сярод профільных універсітэтаў у мінулым годзе на першым месцы, і ён блізка ад Львова. І я быў здзіўлены: яны зацікавіліся і адразу адгукнуліся, дамовіліся, зрабілі працоўную групу. А самае галоўнае, што мяне здзівіла – што яны самі зацікаўленыя ў гэтай працы. Па-першае, гэта супрацьдзеянне расійскай прапагандзе. Па-другое, усё ж-такі, нашы народы звязваюць шматстагоддзевая супольная гісторыя і агульны вораг. То бок, сёння ў нас адзін вораг, і нам – і беларускаму, і ўкраінскаму народам, патрэбна перамагаць».

Тое, чаму кіраўніцтва Драгобыцкага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэту зацікавіліся супрацай з беларускай ініцыятывай ва Украіне і вырашыла ўзяць непасрэдны ўдзел у стварэнні кнігі, дзе было б адлюстравана супольнае змаганне беларусаў і ўкраінцаў супраць усходняга агрэсара, акрэсліла рэктарка ўніверсітэту, доктарка філасофскіх навук Валянціна Бодак:

«Заўжды пытанне гісторыі было і ёсць актуальным для кожнага народу. Калі мы гаворым сёння падчас вайны, калі мы – украінцы, поплеч з беларусамі трымаем гэты бой супраць Расіі, то мы разумеем, што нашыя дзеці мусяць ведаць праўду: хто стаў на абарону нашай дзяржавы, хто ёсць у шэрагах тых байцоў, якія побач з нашымі ўкраінскімі ваярамі абараняюць абшары нашай дзяржавы і разам з тым і трымаюць мір сёння ў Еўропе.

І хочацца, каб гэтых герояў, якія аддаюць сёння свае жыцці – найдаражэйшае, што ёсць у іх, гэта жыцці, ведалі паіменна. І менавіта на подзвігу гэтых людзей, я мяркую, мусіць выхоўвацца моладзь – нашыя наступныя пакаленні. І гэта будзе для іх прыкладам не толькі гераізму, але і веры ў будучыню, веры ў тое, што можна жыць у вольным свеце, быць вольнымі людзьмі, мець права выказваць сваю думку, сваю пазіцыю і ўмець адстаяць сваю пазіцыю. Гэта – найгалоўнейшае, што сёння сваім уласным прыкладам паказваюць нам тыя людзі, якія абараняюць межы.

І ўхвала тым, хто сёння далучаецца да таго, каб данесці гэтую гістарычную праўду. Нават, часам у такіх вельмі абмежаваных магчымасцях, але яны гэты робяць. Так, як робяць нашы калегі, якія сёння прысутныя на сустрэчы. І тыя, хто можа гэта зрабіць больш папулярызавана, яны таксама далучаюцца. І нашы навукоўцы ўніверсітэту адразу пагадзіліся на гэты праект, таму што яны бачаць у гэтым таксама вялікую перспектыву.

Мы ведаем, што наперадзе нас чакае вельмі прыгожае супольнае жыццё, сяброўскае паміж нашымі народамі – украінскім і беларускім. І мы зараз гэтай працаю пракладаем масток, мы яшчэ раз даводзім: мы адзіныя, у нас адзіныя мэты, у нас адзіныя заданні і мы прагнем дасягнуць іх разам».

Меркаванне ж навукоўцаў універсітэту пра фармат працы і яе вынік нам распавёў кіраўнік аўтарскага калектыву, кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры сусветнай гісторыі і спецыяльных гістарычных дысцыплін, намеснік дэкана факультэту гісторыі, педагогікі і псіхалогіі ДДПУ Валадымыр Галык.

«У нас створаны аўтарскі калектыў з чатырох чалавек. Узяліся мы, паколькі балюча назіраем сучасныя падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі. Маем намер зрабіць вялікія намаганні, каб дадаць свой непасрэдны ўнёсак у пашырэнне дэмакратычных правоў, свабодаў, каштоўнасцяў. Таму, вядома ж, наш аўтарскі калектыў будзе намагацца па-максімуму паказаць нейкія балючыя праблемы ў гісторыі беларускага народу, у гісторыі ўкраінскага народу. І прасачыць той ціск, які чыніла і чыніць спачатку Маскоўскае княства, потым Расійская імперыя і цяпер пуцінская вярхушка.

Наша гэтая праца будзе закумуляваная на чатырох аспектах: прасочванне пэўных нарысаў гісторыі ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы жыцця беларусаў з боку расійцаў, аналагічна гэтую паралель хочам правесці і ў кантэксце вывучэння ўкраінскай гісторыі. Разам з тым, адзначыць сённяшнія перыпетыі і менавіта заслугі пэўных беларускіх прадстаўнікоў, якія ўжо ёсць героямі, якія пралілі кроў за ўкраінскую дзяржаўнасць. Яшчэ аўтарамі будзе звернутая ўвага менавіта на чыннік валанцёрскай дзейнасці, паколькі ведаем шмат прыкладаў як беларусы далучаюцца да таго, каб нейкім чынам дапамагчы Украіне. Канешне, яны не ў межах дзяржавы, а збольшага гэта беларусы з дыяспары.

Нашая праца мусіць завяршыцца апублікаванем навучальна-метадычнага дапаможніка. Хутчэй за ўсё гэта будзе разлічана на тое, каб пашыраць гэтыя інфармацыйныя моманты ў плане прадстаўлення падрастаючаму пакаленню, школьнікам, вучням ці студэнтам вышэйшых навучальных установаў.

Маем вялікае спадзяванне, што найбліжэйшым часам перамога супраць агрэсара будзе здабытая. Агрэсар, як заўжды прадстаўлена ў гістарычнай думцы, гістарычнай традыцыі, заўжды зазнае паразу. Так яно і ёсць – усе агрэсары рана ці позна былі пакараныя за свае дзеянні».

Паводле складзенай дамовы, найбліжэйшым часам з удзелам дабрачыннага фонду «Вільна Беларусь» будуць сабраныя крыніцы і факталагічны матэрыял. Падрыхтоўку ж тэксту і публікацыю выдання плануецца ажыццявіць да канца 2023 года.

Comments are closed.