Loading

7 кастрычніка Нобелеўскі камітэт назваў лаўрэатаў прэміі міру. Узнагароду атрымалі беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі, украінскі Цэнтр грамадзянскіх свабод і расійскі праваабарончы цэнтр «Мемарыял». Ва ўкраінскім грамадстве рашэнне Нобелеўскага камітэта падтрымкі не знайшло, крытыка гучала нават на высокім палітычным узроўні.

Пагаварылі з экспертам Цэнтра грамадзянскіх свабод, праваабаронцам Уладзімірам Яворскім аб прэміі, рэакцыі ўкраінцаў і дзейнасці Цэнтра.

Уладзімір Яворскі

Мы даведаліся пра рашэнне Нобелеўскага камітэта з навін, і для нас гэта быў вялікі сюрпрыз. Мы нават не ведалі, што намінаваны, што мы дзесь у шорт-лісце. Гэта абсалютная неспадзяванка. Таму ніхто да гэтага не быў гатовы. І мы яшчэ цалкам не перыварылі сітуацыю, у якой апынуліся. Але насамрэч мы вельмі рады. Мы лічым, што правы чалавека – гэта антыдот да вайны. І калі б Беларусь і Расія былі вольнымі краінамі і там лічыліся з правамі чалавека, то, хутчэй за ўсе, ніякай вайны б не было. І гэта вельмі важна разумець, таму што дэмакратычныя краіны паміж сабой не ваююць, я не ведаю такіх прыкладаў. Гэта вельмі важны момант, і я разумею, чаму прысутнічаюць украінскія, беларускія і расійскія праваабаронцы.

Чаму менавіта выдзелілі Цэнтр грамадзянскіх свабод? Бо ва Украіне шмат праваабрончых арганізацый.

Цяжка сказаць. Так, ва Украіне шмат добрых праваабрончых арганізацый. Што да нашага Цэнтра, то мы працуем у многіх сферах. Гэта расследаванне і дакументаванне ваенных злачынстваў, міжнародная адвакацыя, мы займаліся вельмі шмат вызваленнем украінскіх ваеннапалонных. А пытанне, чаму менавіта мы, пэўна трэба задаваць тым, хто вылучаў намінантаў на гэтую прэмію. Але мы ўспрымаем гэтую прэмію як адзнаку ўсяго праваабрончага руху Украіны. ЦГС супрацоўнічае са многімі праваахоўнымі арганізацыямі, і я думаю, што гэта прэмія для ўсіх украінскіх праваабаронцаў.

У 2020 годзе, калі пачаўся прыток беларускіх палітычных уцекачоў ва Украіну, Цэнтр грамадзянскіх свабод адразу пачаў падтрымліваць беларусаў. Чаму вы ўзяліся за гэты напрамак?

У нас насамрэч вельмі шмат працы не толькі з Беларуссю, але з Расіяй і з іншымі постсавецкімі краінамі. Таму што праблемы ў нас агульныя: аўтарытарныя рэжымы, якія выраслі з савецкага мінулага. Мы ў прынцыпе змагаліся менавіта з такімі рэжымамі. Таму падтрымка і беларусаў і расіян была для нас адным з накірункаў дзейнасці арганізацыі. Бо, калі б у гэтых краінах была дэмакратыя, то гэта было б бяспечна для Украіны. А па-другое, правы чалавека – гэта наш прыярытэт, і яны не маюць межаў. Для мяне асабіста гэта важна: я пражыў некалькі гадоў у Беларусі і таму я разумею ўсе рэпрэсіі, якія там былі. І зараз у глабальным кантэксце людзі звярнулі ўвагу на правы чалавека ў гэтых краінах.

Прэмію атрымалі праваабронцы з Украіны, Беларусі і Расіі. І многім ва Украіне гэты факт не спадабаўся. Ваша стаўленне да такога рашэння Нобелеўскага камітэта?

Я бачу тут дзве праблемы. Першае, што нас спрабуюць памірыць. Але мы, правааабронцы, не ваюем адзін з адным. На Украіну напалі аўтарытарная Расія і аўтарытарная Беларусь, супраць якіх ваююць тыя ж праваабаронцы: «Мемарыял», Алесь Бяляцкі і мы. Таму мы на самой справе з аднаго боку фронта. Мы змагаемся за дэмакратыю і правы чалавека. Другі момант, што нас спрабуюць як бы аб’яднаць у такую «трыаду». Лічыць, што лаўрэаты прадстаўляюць Расію і Беларусь, неправільна. Калі ўзяць Алеся Бяляцкага, то ён ні ў якім разе не прадстаўляе рэжым Лукашэнкі. Тое ж самае і «Мемарыял», ён не прадстаўляе «пуцінскую» Расію. Наадварот, гэта ворагі нумар адзін гэтых рэжымаў. І менавіта таму іх і ўзнагароджваюць, бо яны змагаюцца супраць гэтых рэжымаў шмат гадоў, і, па сутнасці, з’яўляюцца нашымі саюзнікамі.

Але ёсць вялікая паліталагічная праблема, што Беларусь, Украіна, Расія пастаянна разам, у грамадскай свядомасці іх не могуць падзяліць і штосьці даць асобна Украіне, напрыклад. Гэта псіхалагічна складана зрабіць на міжнародным узроўні. У цэлым я лічу, калі б міжнародная супольнасць надавала правам чалавека больш увагі, у нас не было б аўтарытарных Беларусі і Расіі і не было б вайны.

А ці адмовіцеся Вы ад Нобелеўскай прэміі, як некаторыя Вам раяць зрабіць?

Так, ва Украіне гучаць галасы, што мы павінны адмовіцца ад гэтай прэміі, таму што там прадстаўнікі краін, якія ваююць з Украінай. Але мы дакладна не адмовімся, нават калі з кожнага кута нам будуць пра гэта казаць. У нас ёсць свае разуменне гэтай прэміі і таго, што мы ўнеслі ў яе. Для нас важна вярнуць тэму правоў чалавека ў цэнтр міжнароднай палітыкі. Гэтай тэме апошнія дзесяцігоддзі перастала надавацца належная ўвагу, і гэта прывяло нас да такіх катастрафічных наступстваў.

 

Comments are closed.