Loading

У Варшаве на пляцоўцы «Witryny domu wschodniego» адбылася прэзентацыя беларускага каляндара аб выбітных беларускіх жанчынах «Беларускі культурны код: Створана жанчынамі». Ён быў створаны камандай byProsvet і стаў лагічным працягам аднаго з іх папярэдніх праектаў, прысвечаных 8 сакавіка. У гэтым праекце тэма выбітных жанчын была пашыраная, бо як кажуць арганізатары, роля мужчын у гісторыі Беларусі апісана вельмі добра, а вось пра выбітных жанчын і іх унёсак мы не ведаем. Унікальным жа гэты каляндар зрабіла не толькі тэматыка, але і тое, што ўсе надпісы ў ім выкананы на беларускай лацінцы.

«Гэта безумоўна прэцэдэнт, такога раней не было. Усё нацыянальнае трэба зараз падтрымліваць, а тут нацыянальнае і яшчэ жаночае. На маю думку, гэты вось каляндар увойдзе ў гісторыю жаночага руху ў Беларусі, яго, вось, увасаблення і спадзяюся, што такія каляндары будуць у наступным годзе і далей» – кажа гендэрная даследчыца Ірына Сідорская.

У першы выпуск календара ўвайшлі выбітныя беларускі з перыяду ад 15 стагоддзя да нашых дзён. Гэта Соф’я Гальшанская, Францішка Уршуля Радзівіл, Саламея Русецкая, Ганна Цюндавіцкая, Эмілія Плятэр, Рохля Фрумкіна, Каміля Марцінкевіч, Алаіза Пашкевіч, Надзея Хадасевіч-Льежэ, Алена Аладава, Ларыса Геніюш і Марыя Калеснікава. Як адзначыла падчас размовы Ірына Сідорская, роля жанчын у беларускай гісторыі недаацэненая, а пра некаторых беларускіх выбітных жанчын мы ўвогуле не памятаем.

«Яны адбіраліся так, каб паказаць розныя сферы. Там было мастацтва, там было прадпрымальніцтва і там былі тыя, каго б мы назвалі гістарычнымі асобамі. Напрыклад Соф’я Гальшанская, якая была і маці князёў, і сама князёўна і гэтак далей. Трэба было паказаць жанчын з розных сфер».

Было адзначана і сённяшняе стаўленне беларускіх уладаў да жанчын. Рэжым Лукашэнкі і ён персанальна па-ранейшаму вельмі непаважліва ставіцца да ролі жанчыны ў грамадскім жыцці і ў палітыцы. Такое стаўленне ў тым ліку праявілася і праз негалосную забарону рэабілітаваць выбітную беларускую паэтку Ларысу Геніюш. Але, як адзначыў у каментары нашаму радыё Ігар Станкевіч, зараз існуюць планы па рэабілітацыі яе ў Чэхіі, грамадзянкай якой, Ларыса Геніюш заставалася да самай смерці.

«Напрыканцы 90-ых гадоў Хельсінскі Камітэт, праваабаронцы спрабавалі дамагчыся яе рэабілітацыі. Справа дайшла да пракуратуры, справа дайшла да Вярхоўнага Суда, але Вярхоўны Суд адмовіў у рэабілітацыі і тое, што мне распавядалі людзі, якія гэтым займаліся, што, хутчэй за ўсё, забарону на рэабілітацыю даў асабіста Лукашэнка. Зараз ёсць ідэя вярнуцца да гэтай тэмы крышачку з іншага боку. Ужо ў Беларусі мы, натуральна, нічога зрабіць не можам, але мы зможам паспрабаваць, каб чэшскія ўлады нейкім чынам прасоўвалі гэтую тэму, бо гэта іх грамадзянка і яны могуць спрабаваць уздымаць гэтае пытанне па меншай меры на дыпламатычным узроўні».

Як адзначылі арганізатары прэзентацыі і аўтары жаночага каляндару, усе сродкі, атрыманыя з яго продажы, пойдуць на падтрымку незалежных СМІ ў Беларусі.

Comments are closed.