Loading

З 24 па 26 лістапада ў варшаўскім кінатэатры Iluzjon можна было сустрэць сотні беларусаў. Усе яны прышлі на фестываль Bulbamovie. Гэта ўжо дзявяты па ліку форум, які пасля 2020 года стаў самым выразным індыкатарам сучаснага стану беларускага кіно.

Падчас фестывалю традыцыйна праходзілі паказы фільмаў, дыскусіі, сустрэчы з рэжысёрамі і іншыя мерапрыемствы. Спыталі ў іх удзельнікаў і гасцей, як ім сёлетні «Бульбамуві».

Вітаўт Сіўчык, журналіст:

– Я прыйшоў, каб паглядзець першы серыял Беласату «Працэсы» і, шчыра кажучы, мяне не пусцілі, бо не хапіла месцаў. Але я тут яшчэ і таму, што трэба падтрымліваць сваіх творцаў, сваё кіно, выдаткоўваць на гэта час. У мінулыя гады я таксама быў на «Бульбамуві». Нягледзячы на тое, што кіно ў Беларусі спрабуюць трохі маргіналізаваць, і нам здаецца, што на фоне астатніх краінаў, дзе ёсць бюджэты і спонсары, нашае кіно трошкі бляклае, акурат гэты фестываль спрабуе даказаць адваротнае і выцягвае на паверхню цікавыя працы. І гэта файна.

Паўлюк Канавальчык, рэжысёр:

– Я цікаўлюся кіно ў цэлым і беларускім у прыватнасці. Прыйшоў сюды паглядзець, якія тэндэнцыі цяпер існуюць. Гэта кіно беларускае, альбо кіно беларускае эмігранцкае? Якія трэнды кожны з творцаў задае і прэзентуе для публікі? Акрамя таго, «Бульбамуві» – гэта не толькі фестываль як агляд фільмаў. Гэта яшчэ і тусоўка ў кулуарах. Можна сустрэць сяброў, пастасавацца, паразмаўляць, адпаведна дамовіцца на нейкія паказы. Вы самі бачыце, якая тут прыязная атмасфера.

Караліна Палякова, фатографка і дызайнерка:

– Была саманадзейнай, не набыла квіток і засталася «з носам». Стаю вось цяпер і не магу трапіць у залу. Тут солдаўт, людзі ў вялікай чарзе. Увогуле, я была на папярэдніх «Бульбамуві», і было супер. Мне вельмі спадабалася, што можна паглядзець тое, чаго не пабачыш у інтэрнэце. Гэта глыбокія гісторыі, звязаныя з Беларуссю, беларусамі і іх досведам, ён заўжды вельмі глыбокі, цікавы. І праз гэта я вельмі дзякую камандзе, якая робіць гэты фестываль.

Андрусь Такінданг, музыка і мастак:

– Я даволі даўно ўдзельнічаю ў «Бульбамуві». Калісьці мы разам з гуртом Recha нават атрымалі ўзнагароду за анімацыйны кліп. А сёлета так склалася, што я дапамог Янушу Гаўрылюку з яго фільмам «Бусел». Рабіў для карціны анімацыйныя ўстаўкі. Якія ўражанні ад фестывалю? Я толькі прыйшоў, але не магу патрапіць у кіназалу, бо вельмі шмат людзей. З аднаго боку, гэта цудоўна, што людзі прыходзяць на беларускае кіно. З іншага, класна было б, каб мы ўсе сабраліся ў Мінску, і там былі б такія ж велічэзныя чэргі, як у Варшаве.

Януш Гаўрылюк, дырэктар кінафестывалю «Бульбамуві»:

– Калі я гляджу на публіку, я бачу адно – людзі гэтым цікавяцца. Бо калісьці была вялікая праблема зацягнуць іх на паказы. На фестывалі ёсць розныя фільмы – лепшыя, горшыя, у кожнага розныя густы. Але галоўнае, што ёсць зацікаўленне. І гэта – выклік для нашых беларускіх кіношнікаў. А што яны зробяць з гэтым? У які бок пойдуць? Паглядзім. Я не прарок…

Comments are closed.