Loading

Створанае год таму ў Лондане выдавецтва «Скарына Press» надрукуе анталогію гей-літаратуры. Выданне пад назвай «Мальцы выходзяць з-пад кантролю» амаль гатовае да выхаду. Калі ўсё атрымаецца, то ўжо ў кастрычніку кнігу прэзентуюць на варшаўскай «Прадмове».

Выява: skarynapress.com

У інтэрв’ю з заснавальнікам і кіраўніком выдавецтва «Скарына Press» Ігарам Івановым мы паразмаўлялі пра квір-падборку, філасофію выдавецтва і англійскага ды беларускага чытача.

– Мы думалі, што ў кнізе будзе 160 старонак, але набралася больш за 200. Творы – ад 19 стагоддзя і да сённяшняга дня. Ёсць і драматургія, і проза, і паэзія. Мы запаўняем гэтым выданнем прагалы, бо без квір-твораў беларуская літаратура будзе няпоўнай – распавядае Ігар Іваноў аб праекце, рэдактарам якога з’яўляецца Уладзіслаў Гарбацкі.

– Ён займаецца ЛГБТ-тэматыкай дзесяцігоддзямі. Пяць гадоў таму Уладзіслаў пачаў распрацоўваць канцэпцыю анталогіі, шукаць матэрыял. Сёлета мы таксама абвясцілі оўпэн-кол і атрымалі вельмі цікавыя рэчы. 

Рэдактарская каманда «Скарына Press» Караліна Мацкевіч, Ігар Іваноў, Ганна Комар, Таццяна Астроўская.

У гей-анталогіі многія творы надрукуюцца пад псеўданімамі, але з’явяцца на старонках кнігі і добра вядомыя нам імёны. У падборку, напрыклад, трапіць Адам Міцкевіч і яго ўрывак з ліста да Яна Чачота «Трэба было б асобна стварыць пол для сяброў, як гэта ёсць для кахання». Таксама ў анталогіі можна будзе прачытаць апавяданні Адама Глобуса «Гомік» і «Рэктар» або фрагмент з «Маіх дзевяностых» пра блатных, «блакітных» і пустыя бутэлькі Альгерда Бахарэвіча.

Рэдактар анталогіі Уладзіслаў Гарбацкі, выдавец Ігар Іваноў і драматург Мікіта Ільінчык.

– Ці можа выдавецтва ў замежжы сёння ўплываць на літаратурныя працэсы ў Беларусі?

– Я б не падзяляў гэты працэс, ён агульны. Так, мы апынуліся ў дыяспары ў іншай культурнай сітуацыі, але гэтым трэба карыстацца. Таму што ў кожнай краіне свая спецыфіка. Напрыклад, у Брытаніі практычна няма цэнзуры, яна адсутнічае як такая. Скажам, на кніжках не трэба ставіць цэнз, не трэба пра гэта нават думаць. Тут не патрабуецца столькі дазволаў, як у Беларусі, каб выдаваць кнігі. І гэтым варта карыстацца і рабіць тое, што можна зрабіць у канкрэтнай сітуацыі. Новае, наватарскае – гэта потым усё будзе вяртацца на Беларусь.

Я часта расказваю сваю гісторыю пра тое, як я яшчэ падлеткам чытаў часопіс «Спадчына», дзе перадрукоўвалася вельмі шмат артыкулаў з эмігранцкіх часопісаў. То-бок на маё стаўленне ўплывала эмігранцкая літаратура. І з’явяцца наступныя пакаленні, якія будуць вырастаць на тым, што мы сёння робім.

– Што брытанскі чытач ведае пра беларускую літаратуру?

– Амаль нічога. Калі ўзяць шырокую публіку, то ў лепшым выпадку яны чулі пра Святлану Алексіевіч. Канечне, выдаецца Саша Філіпенка. Калі людзі цікавяцца паэзіяй, яны будуць ведаць Юлю Цімафееву, Вальжыну Морт, Ганну Комар. Іх цяпер даволі часта публікуюць па-ангельску. Але ўвогуле ў нас вялікая праца – знайсці ў нашай літаратуры творы, якія былі б цікавыя людзям, што жывуць у іншым культурным кантэксце.

Слухайце поўную версію размовы з Ігарам Івановым:

Comments are closed.