Loading

Сумная навіна прыйшла раніцой 3 кастрычніка з Бельска-Падляшскага. На 78-ым годзе жыцця пасля доўгай хваробы адышла ў лепшы свет знакамітая беларуская паэтэса Надзея Артымовіч. Беларусы Беласточчыны называюць яе «ружай паэзіі».

Крыніца: wrotapodlasia.pl

Надзея Артымовіч нарадзілася ў лютым 1946 года ў вёсцы Аўгустова каля Бельска-Падляшскага. Менавіта ў гэтым горадзе прайшло яе дзяцінства, калі яна хадзіла да пачатковай школы, а потым да беларускага ліцэя імя Браніслава Тарашкевіча. Далей была вучоба на настаўніцкіх курсах у Беластоку і на беларускай філалогіі ў Варшаўскім універсітэце. Аднак родныя мясціны не адпусцілі паэтэсу і далей яна жыла ў Бельску, дзе стварала вершы. Яе паэтычны дэбют адбыўся ў 1970 годзе ў тыднёвіку беларусаў Польшчы «Ніва», дзе потым яна друкавалася шмат гадоў.

Надзея Артымовіч ахвяравала сябе для беларускай паэзіі, беларускай літаратуры, кажа галоўны рэдактар «Нівы» Яўген Вапа.

«Яе вершы гэта той непаўторны свет, праз які яна фільтравала рэчаіснасць, фільтравала нашу беларускую закамплексаванасць. Боль нараджаўся пры кожным яе вершы. Усе свае новыя творы яна друкавала на старонках «Нівы». Апошнія зборнікі таксама былі выдадзены Праграмнай радай тыднёвіка «Ніва». І мне было вельмі важна працаваць з ёй у якасці рэдактара гэтых зборнікаў. Яе апошні зборнік, выдадзены па-беларуску і па-польску ў перакладзе Марціна Рэмбача, стаў вядомым. Менавіта ён паказаў яе творчасць, пачынаючы з першага верша «Ой, ляцелі гусі», якім яна паднялася над Бельскам і паляцела ў недасяжную многім сферу паэзіі. Таму паэты, відаць, захацелі, каб «ружа на ўзбоччы», як я яе называў у адным са сваіх тэкстаў, пішучы пра Надзею, далей расла ў нябесным агародчыку».

«Вечар у Бельску, камень і крыж
Вечар у Бельску, блакітны туман
Бельск, ікона, малітва, сон, жыццё».

«Дзякуючы Надзеі Артымовіч мы захавалі вобраз Бельска», кажа мастак і музыкант Юрка Асеннік. Дарэчы, менавіта ён рабіў дызайн да апошняга зборніка вершаў паэтэсы «Краявід з невідочнай памылкай», які быў выдадзены «Нівай» у 2018 годзе.

«Дзякуючы ёй мы захавалі вельмі настальгічны, вельмі такі ўзрушальны вобраз Бельска, Бельшчыны, Беласточчыны, беларушчыны, свет, якога ўжо няма. Як вельмі трапна яе назваў Яўген Вапа, адышла «ружа».

«Паэты паміраюць тады,
Калі першы раз заблудзяць у жывое слова
І разаб’ецца пшанічнае рэха аб камень.
Паэты паміраюць тады,
Калі ўсміхаецца добры час для паперы.
Паэты паміраюць тады,
Калі знойдзены дакладныя адрасы, сытыя жэсты.
Паэты паміраюць тады,
Калі нараджаюцца чорныя лістапады».

У матэрыяле выкарыстаны вершы Надзеі Артымовіч, прачытаныя ёю падчас міжнароднага літаратурнага фестывалю «Месяц аўтарскага чытання», які адбыўся ў Чэхіі ў ліпені 2007 года, і запісаныя яго арганізатарам – выдавецтвам «Ветраныя млыны».

Comments are closed.