Loading

Лекцыяй на гістарычную тэму і квізам у хабе «Новая зямля» беластоцкія беларусы ўзгадалі падзеі лістапада-снежня 1920 года, звязаныя са Слуцкім збройным чынам. Тады ў ваколіцах Слуцка на змаганне з бальшавікамі падняліся мясцовыя жыхары, абвясціўшы прыналежнасць сваёй тэрыторыі да Беларускай Народнай Рэспублікі.

На сёння мы фактычна маем усяго толькі адну кнігу, прысвечаную слуцкім падзеям 1920 года – «Зборнік дакументаў і ўспамінаў Слуцкага збройнага чыну», выданы ў 1990-х гадах. І гэта не цэльная гістарычная праца ў фармаце напрыклад, дысертацыі, распавёў прысутным гісторык і грамадскі дзеяч з Гродна Алесь Кіркевіч.

Ёсць пытанні і з тэрміналогіяй, датычна тых падзей – Слуцкае паўстанне, Слуцкі збройны чын, Слуцкі фронт БНР. Паводле Кіркевіча, гэта не было паўстаннем, напрыклад, супраць бальшавікоў, бо тая тэрыторыя ім у той час не належыла, як і палякам. Напэўна, не зусім дарэчна казаць і пра Слуцкі фронт БНР, бо ніякіх іншых франтоў у БНР не было. Таму, верагодна, лепей карыстацца тэрмінам Слуцкі збройны чын як адзінай вайсковай акцый Беларускай Народнай рэспублікі на тэрыторыі Беларусі. Закончылася яна няўдала – сыходам беларускіх ваяроў пад ціскам бальшавікоў на польскую тэрыторыю, дзе яны былі абяззброены і інтэрнаваны.

Наколькі важны той эпізод узброенага беларускага змагання, які ўклаўся, па сутнасці, у адзін месяц 1920 года, за сваю зямлю і сваю ўладу на ёй, для нас, цяперашніх беларусаў, жывучых як у эміграцыі, так і на Радзіме?

«Я думаю, нам важна і шанаваць, і ведаць, а самае галоўнае – разумець, што там адбылося. Пра гэта і была лекцыя. Не толькі пра гераізм тых людзей, але і пра тыя праблемы, з якімі яны сутыкнуліся – і палітычныя, і вайсковыя. Таму, ушаноўваючы памяць, трэба ведаць і пра гэтыя памылкі. Памылкі ў тым, што беларусы паміж сабой не дамовіліся і не змаглі, магчыма, да канца рэалістычна паглядзець на сітуацыю. Паўтару словы гісторыка Алега Латышонка, што адзіны шанец для Слуцкага збройнага чыну быў аб’яднацца з арміяй Булак-Булаховіча, з булахоўцамі, і тады нешта магло б быць. Але так не адбылося з-за таго, што беларусы традыцыйна вырашалі, хто галоўны, з кім яны згодныя, з кім не згодныя. І мажліва, гэта добры ўрок для нас сённяшніх».

Пасля лекцыі адбыўся квіз. Жадаючыя маглі адказаць на пытанні, датычныя падзей, звязаных са Слуцкім збройным чынам. Тры чалавекі, якія першыя адказалі на прапанаваныя пытанні, атрымалі кубкі з выявай сцяга слуцкіх ваяроў.

Comments are closed.