Loading

У Беластоку сёння 30 чэрвеня завяршаецца прыём заявак у «Дом творцаў», які па аналогіі з Варшавай ствараецца на Падляшшы. Першая рэзідэнцыя, у якой прымуць удзел рэпрэсаваныя беларускія мастакі, запланавана на 7-23 ліпеня. Яны прадставяць свае карціны на двух выставах, адна з якіх пройдзе на фестывале «Тутака». Для чаго трэба было ствараць такі дом у Беластоку і чым ён будзе займацца, Уладзімір Лапцэвіч пагутарыў з арганізатарам пляцоўкі Сяржуком Доўгушавым.

— Ну тут два моманты. Першы – тое, што мы разам супрацоўнічаем і сябруем з фондам «Тутака» і яго кіраўніком Паўлам Станкевічам. Другі – я вельмі люблю Беласток і Падляшша, дзе можна за мяжой адчуць сябе ў Беларусі. Там сапраўды вельмі ўтульна, і розныя шпацыры на прыродзе, гэта ўсё мне нагадвае сваё роднае, беларускае, дзе спакойна душа адпачывае.

— Якая асноўная мэта стварэння «Дома творцаў» у Беластоку?

— Агулам як і ў першым доме ў Варшаве наша асноўная мэта – гэта рэабілітацыя творцаў і дапамога ім у рэалізацыі іх творчых праектаў. Таму ў нас адбываюцца розныя рэзідэнцыі мастацкія, тэатральныя, музычныя. І каб сучасная культура беларуская працягвала існаваць, працягваліся стварацца новыя праекты, новыя творы мастацтва, пісалася музыка, рабіліся спектаклі і т.д.

— Гэта больш арыентавана на творцаў, якія былі рэпрэсаваныя і былі вымушаны з’ехаць альбо і на тых, хто застаўся ў Беларусі?

— Запрашаем розных, але перавага тым, для каго патрэбна рэабілітацыя ці адпачынак і падтрымка. Асабліва ў эміграцыі людзі таксама перажываюць стрэс, тут тэрмінова трэба шукаць сабе працу, і вядома, што на творчую частку не хапае ні часу, ні грошай, нічога не хапае. І тут ёсць такая падтрымка. Мы падтрымліваем таленавітых творцаў, якія вымушана эмігруюць ці якія адбылі бязвінна тэрміны ў турмах. Іх трэба падтрымаць у тым, што яны робяць лепш за ўсё – у іх прафесійнай дзейнасці і ў іх творчасці. Рэзідэнцыі і для таго, каб творцы зноў маглі ствараць, творцы маглі зноў займацца любімай справай.

— Сёння апошні дзень прыёму заявак на ўдзел у першай рэзідэнцыі. Ці там усе людзі, якія пражываюць за мяжой, альбо ёсць і тыя, хто ў Беларусі?

— Мы яшчэ не праглядалі самі заяўкі. У нас ёсць некалькі чалавек, якія будуць весці адбор. Раней, канешне, перавага была для тых, хто прыязджаў з Беларусі, а зараз магчыма тут ёсць такі момант, што няма часу зрабіць візу. Таму ў гэтай рэзідэнцыі будуць людзі, якія ўжо маюць візу і могуць прыехаць з Беларусі альбо якія эмігравалі нядаўна ці даўно. А далей мы будзем дапамагаць і ў адкрыцці візы, каб людзі атрымалі візы і прыехалі да нас у рэзідэнцыю.

— Людзі падаюць заяўкі, а вы адбіраеце. А якія крытэрыі адбору?

— Першае, гэта ў залежнасці ад таго, якая рэзідэнцыя. У мастацкай ёсць куратар – мастацкі кіраўнік рэзідэнцыі, які праглядае партфоліа, глядзіць, што ўжо дасягнута, што зроблена і адбірае тых, хто, па-першае, падпадае пад сам праект, які будзе рэалізаваны. У мастацкага кіраўніка ёсць задумка, што будзе выніковая прэзентацыя. З другога боку будзе перавага тым, хто быў рэпрэсаваны, каго звольнілі з працы, хто адбываў тэрмін, хто вымушана з’ехаў. Такіх будзем таксама праглядаць і звяртаць на такі чыннік увагу.

— Заявак больш чым месцаў? І колькі ўвогуле месц?

— Месцаў будзе на 12, максімальна на 15 чалавек. На сённяшні дзень колькасць заявак у паўтары-два разы перавышае. Сёння-заўтра будуць больш за ўсё пісаць, больш за ўсё звяртацца. Але мы плануем не проста адмаўляць. Мы плануем, перш за ўсё, ствараць базу тых людзей, творцаў, якія нам напісалі, каб можна было ім потым дасылаць запрашэнні на наступныя нашы рэзідэнцыі.

Comments are closed.