Loading

Некалькі дзясяткаў беларусаў Беластока прыйшлі ў першы дзень кастрычніка паслухаць песні пад гітару ад кампазітара і спевака Рамана Арлова, які ладзіў свой творчы вечар у хабе «Новая зямля». У мерапрыемстве прыняў удзел і фронтмэн гурта J:Mors Уладзімір Пугач, якога з Арловым звязвае творчае мінулае.

Адразу адзначу, што днём раней такі ж творчы вечар Рамана Арлова адбыўся ў Варшаве. Таму свае выступленні як у сталіцы Польшчы, так і сталіцы Падляшша музыкі называюць міні-турам. У сваю чаргу Уладзімір Пугач адразу падкрэслівае, гэта выключна творчы вечар Рамана, а ён проста запрошаны госць, каб праспяваць песні з таго далёкага ўжо перыяда, калі яны разам гралі і спявалі ў J:Mors, і паводле яго, правялі тады лепшыя гады сваёй маладосці.

«Я проста запрошаны госць, які ўдзельнічае менавіта з песнямі таго перыяду, калі мы разам працавалі. Мы з Ромай пэўны перыяд займаліся разам музыкай і зрабілі шмат чаго якаснага і вартага. Апошні раз мы выходзілі разам на сцэну 9 гадоў таму, мы падлічылі. І вось зараз зноў згадаць гэтае адчуванне, як гэта было. Гэта прыемна заўсёды. Ну і ў гэтым нешта новае для нас таксама ёсць. У такім фармаце, дарэчы, мы ніколі і не выступалі».

«Я вельмі ўдзячны Уладзіміру за тое, што ён вырашыў мяне падтрымаць сваім аўтарытэтам на гэтым этапе. Гэта вельмі каштоўны досвед. Як правільна сказаў Валодзя, мы разам пачыналі. Гэта кароткая дамова, гэта толькі два вечары, сёння другі ўжо вечар. Гэта міні-тур і сёння «зялёны канцэрт». «Зялёны канцэрт» у туры гэта апошні канцэрт тура».

Раман Арлоў падзяліўся планамі на будучыню сваю і свайго калегі. Будучыню, дарэчы, паасобную, што пацвердзіў і Уладзімір Пугач.

«У Валодзі тур запланаваны па Польшчы і выхад сінгла. А я працую ў Варшаве ў студыі GK над тым, каб пад Каляды выпусціць таксама праграму. Яна, відаць, выйдзе ў дыджытальным такім фармаце. Адно магу сказаць, што там будзе пара песень пра Святога Мікалая, і мяне папрасілі зрабіць польскія версіі».

«У нас 13 кастрычніка выйдзе новая песня, якая трапіць у альбом, які мы рыхтуем. І дарэчы, гэта апошні сінгл, які выйдзе менавіта сінглам, бо наступным разам мы будзем ужо прэзентаваць альбом цалкам. Прыкладна з пачатку лістапада мы распачынаем тур, у асноўным, у польскія гарады, а таксама Літва. Там будуць старыя песні, сучасная наша творчасць і тое, што зусім новае. Дарэчы, у снежні будзем у Беластоку».

Не абыйшлі музыкі і тэму вымушанай эміграцыі, у якой ім цяпер прыходзіцца жыць і ствараць. Не сакрэт, што гэта тэма набыла новае гучанне пасля выпуску Лявонам Вольскім альбома «Эмігранты» і нядаўняга кліпа гурта «Дай дарогу» «Я вернусь домой», у якім зняўся, дарэчы, і Уладзімір Пугач.

«Большасць песень, якія зараз ствараюцца ў J:Mors, яны менавіта пра гэта, можа, іншасказальна неяк. Вось трэк, які ў нас выйдзе 13 кастрычніка, там спяваецца, што там дзе мы, там і святло. То бок пра тое, што дом там, дзе мы. Гэта вымушаная думка большасці эмігрантаў. Мне падаецца, што большасць музыкаў, творчых людзей, якія ў эміграцыі знаходзяцца зараз, наскрозь праз іх творчасць гэтыя думкі праходзяць. Ці яўна, ці інасказальна, але так».

«Я думаю, што эміграцыя гэта такое неадназначнае слова. Я б яго замяніў. Мне здаецца, што беларуская нацыя зараз гэта каўчэг. Яна жыве ў рэжыме каўчэга. Мы як салдаты культуры мусім гэты каўчэг умацаваць, каб гэты каўчэг як мага далей у культурніцкім сэнсе нёс нацыю. Таму гэта не эміграцыя, гэта каўчэг».

Comments are closed.