Loading

Заканчэнне другога ўжо сезона курсаў «Мова нанова» ў Беластоку адбылося ў беларускім хабе «Новая зямля». Гэтым разам навучэнцы не толькі даведаліся пра асаблівасці беларускай мовы, але і праслухалі канцэрт вядомага музыкі і мастака Андруся Такінданга, які выступіў перад беластоцкай публікай упершыню за многія гады.

Андрусь Такінданг – гэта адзін з нешматлікіх музыкантаў, які сур’ёзныя і злабадзённыя тэмы можа аформіць у іранічныя песні. А ў цяперашняй сітуацыі, калі мноства беларусаў адчуваць моцную тугу па радзіме, позірк з ухмылкай нават на ўласныя пакуты дае энергію перажыць складаныя часы і ўмацаваць надзею на лепшае. Магчыма, менавіта таму, на апошнія 18-ыя па ліку заняткі «Мовы нанова» ў хаб «Новая зямля» прыйшла вялікая колькасць людзей. І для іх песні Андруся Такінданга сталі глытком такой надзеі.

Андрусь Такінданг, які з’яўляецца ўдзельнкам гуртоў «Рэха» і «Гаротніца», узгадаў, калі апошні раз быў у сталіцы Падляшша, і распавёў пра сваю цяперашнюю творчую актыўнасць.

— Мы гралі ў Беластоку яшчэ на фестывалі «Бардаўская восень». Гэта быў дуэт з Алесем Ясінскім. Гэта такі беларуска-чэшскі музыка. Магчыма, таксама і гурт «Рэха» выступаў у Беластоку гадоў 10 таму.

— Публіка значна змянілася?

— Вядома, зараз уся «свежая» публіка – нядаўнія гарадзенцы, нядаўнія жыхары Маладзечна, Берасця.

— У вас актыўная канцэртная дзейнасць?

— Апошнім часам я вырашыў, што ўсё ж такі трэба граць. Не заўсёды ёсць настрой, таму што такія падзеі і вайна, і ўсё на свеце. І думаеш, ці да месца гэта? Але паколькі я музыка, то я мушу граць канцэрты. А калі я ўжо пачынаю граць, то падчас самога выступу настрой падымаецца і больш радасна глядзіш на свет.

— Гледзячы на ваш канцэрт, які прайшоў у Беластоку, у вас былі і такія гумарыстычныя песні, і песні, якія былі напісаны пасля падзей 2020 года. Як вы іх пісалі? Ці было натхненне?

— Уласна падзеі дыктавалі тэмы. Калі пачаўся 2020 год, я даў сабе зарок, што не буду нічога пісаць, каб гэта не было такой журналістыкай, бо гэта асобная сфера, і я не мушу як музыкант усё апісваць – для гэтага ёсць медыя. Але падзеі так закраналі, што я ўжо не мог не пісаць, і такім чынам склаўся цэлы альбом песень, якія былі інспіраваны менавіта 2020 годам. А пасля яшчэ дадалася вайна. І ёсць песні, якія па гісторыях людзей, ад уражанняў ад ваенных падзей. Не ўсе песні выжылі, то бок яны запісаныя, але не ўсе песні выконваюцца на канцэртах, таму што адбіраюцца лепшыя.

— Вы зараз жывяце ў Польшчы. Ці часта ездзіце па розных гарадах з канцэртамі? Як вас сустракаюць?

— Для мяне вельмі моцныя словы «жыву ў Польшчы». Хутчэй, гастралюю ў Польшчы, таму што для сябе яшчэ ў галаве не магу прыняць, што я жыхар Польшчы альбо знаходжуся ў эміграцыі. Для мяне гэта такія доўгія гастролі альбо творчая камандзіроўка. І так стараюся ездзіць і па Польшчы, а таксама ў замежжа гастраляваць. Бо ёсць такая нагода – тут знаходжуся, чаму б не ездзіць, не выкарыстоўваць гэты час, – распавёў спявак.

Што ж тычыцца беластоцкіх курсаў «Мова нанова», то вядоўцы – Кацярына Ваданосава, Марыя Грыц і Ігар Палынскі – спадзяюцца, што з верасня распачнецца трэці сезон моўнага навучання ў Беластоку.

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.