Loading

Відэа-перфоманс грамадскай актывісткі і мастачкі Яны Шостак «Хвіліна крыку для Беларусі» адкрыў у Беластоку 37-ыя Дні сучаснага мастацтва. Крык, які ў якасці мастацкага твору пачаў гучаць два гады таму, з пачаткам расійска-ўкраінскай вайны напоўніўся для яго аўтаркі новымі сэнсамі, а самая яна цяпер плануе стаць дэпутатам Сейму ад партыі зялёных, прычым балатавацца збіраецца на Падляшшы.

Крыкам Яны Шостак з тэлевізара распачаліся мерапрыемствы ў Беластоцкім доме культуры. Яго дырэктар Гражына Дваракоўская патлумачыла выбар арганізатарамі перформанса Яны Шостак у якасці першай акцыі Дзён мастацтва.

«Цэнтральнай тэмай 37-ых Дзён сучаснага мастацтва ёсць клопат. Яна з клопатам думае аб сваёй Айчыне, мы думаем з клопатам аб сваёй Айчыне. Яна такім чынам змагаецца з рэжымам – сваім самотным крыкам выражае свой пратэст супраць таго, што там робіцца. Думаю, што гэты крык яднае нас не толькі з Беларуссю, але таксама з Украінай і з іншымі дзяржавамі, якія мусяць змагацца з рэжымамі і са знішчэннем чалавецтва. Таму гэты крык, як мне падаецца быў добрым пачаткам Дзён сучаснага мастацтва», – паведаміла спадарыня Дваракоўская.

Гражына Дваракоўская

Крык Яны Шостак быў запісаны ў Варшаве, аўтарка перфоманса на яго паказе ў Беластоку не прысутнічала. Але, па яе словах, ведала аб жаданні арганізатараў фестываля, так яна называе Дні сучаснага мастацтва ў Беластоку, выкарыстаць яго на адкрыцці мерапрыемстваў.

— Размаўлялі з куратаркай фестываля і яна папрасіла, каб гэтая «Хвіліна крыку» прагучала на фестывалі, таму што гэта магчымасць успомніць пра наш беларускі боль, які ўсё ніяк не скончыцца.

— То бок гэта ініцыятыва сыходзіла ад арганізатараў?

— Так, я вельмі рада, што на тэрыторыі Польшчы можа гучаць «Хвіліна крыку для Беларусі».

— Апошнім часам неяк не было вас відаць на розных акцыях, датычных Беларусі. Ці вы ўзялі нейкі перапынак?

— Тое, што я не з’яўлялася ў сацсетках, не значыць, што я не дапамагала людзям і не ўдзельнічала ў створанай намі ініцыятыве «Партызанка». Проста, напэўна, выгарала ад прысутнасці ў інфапрасторы. Вырашыла ўзяць перапынак паміж крыкамі, – распавяла грамадская актывістка.

Але аднымі перформансамі і практычнай дапамогай тым, хто яе патрабуе, Яна Шостак не абмяжоўваецца. Былая гарадзенка зараз мае польскае грамадзянства і намерана балатавацца ў дэпутаты Сейму, каб вырашаць пытанні тых, хто знайшоў новы дом у Польшчы. Для ўдзелу ў выбарах яна ўступіла ў партыю зялёных.

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.