Loading

«Дом творцаў» у Беластоку зараз праводзіць адбор сярод кандыдатур на ўдзел у сваёй другой па ліку рэзідэнцыі, гэтым разам тэатральнай. Як і папярэдняя – мастацкая – яна створана для рэпрэсаваных творцаў, каб яны маглі прайсці рэабілітацыю і папрацаваць у спрыяльных умовах. Плануецца, што завершыцца «Тэатральная рэзідэнцыя» спектаклем, які паставяць яе ўдзельнікі. Тым часам у Варшаве запрацуе «Музычная рэзідэнцыя» з удзелам рэпрэсаванага гурта Irdorath.

«Дом творцаў» у Беластоку з’явіўся напачатку ліпеня і першымі яго жыхарамі сталі 14 мастакоў, якія ўдзельнічалі ў «Мастацкай рэзідэнцыі». Нагадаю, што вынікам іх дзейнасці стала выстава карцін і іншых мастацкіх твораў, прысвечаная забітаму ў зняволенні мастаку, палітвязню Алесю Пушкіну.

Цяпер жа «Дом творцаў» чакае наступных жыхароў – імі павінны стаць рэпрэсаваныя тэатральныя дзеячы, якія выказалі жаданне паўдзельнічаць у праекце. Аб падрабязнасцях «Тэатральнай рэзідэнцыі» распавёў яе арганізатар Сяржук Доўгушаў.

— Будзе запрошаны беларускі рэжысёр Андрэй Саўчанка. Будуць удзельнічаць і акторы, і будуць майстар-класы, рэпетыцыі, сустрэчы. Важна таксама зрабіць нейкія святочныя вячэры, нейкія выезды, экскурсіі ў музей і так далей. Таму будзе весціся праца і вынікам рэзідэнцыі стане новы спектакль. Ён будзе прадстаўлены ў Беластоку.

— То бок усе рэзідэнты будуць граць у гэтым спектаклі?

— Рэзідэнты, якіх адбярэм па разглядзе заявак. Будзе весціся адбор і ўсіх рэзідэнтаў, каго адабралі, запросяць у Беласток, у дом, які таксама ўжо ёсць, і там пачнуцца ўсе мерапрыемствы, усе заняткі. І самае важнае – праца з рэжысёрам і рэпетыцыі новага спектакля.

— Колькі будзе адабраных кандыдатур?

— Не магу сказаць дакладна, але ў нас агулам у рэзідэнцыю запрашаецца да 20 чалавек, а адбіраецца і 12, і 14, 15. І хутчэй за ўсё гэта будуць не толькі акторы. Гэта могуць быць людзі, якія ствараюць дэкарацыі, могуць быць і драматургі, людзі мастацтва. Заўсёды вельмі складана з усіх спісаў заявак выбраць тых, каго запросяць у рэзідэнцыю, але мы дзейнічаем, як у нас было ў папярэдніх рэзідэнцыях па двух прынцыпах: разглядаецца партфоліа кандыдата, тое, што ён ужо зрабіў, робіць, а другі момант – я заўсёды спрыяю таму, каб у першую чаргу глядзелі, гэта рэпрасаванасць, то бок што людзі засталіся без працы, былі звольненыя, якія не могуць займацца сваёй прафесіяй, якія былі ў турме, якія адбылі суткі ці яшчэ што. Сапраўды, такім людзям трэба падтрымка, каб яны вярнуліся да сваёй працы, сваёй творчасці. Таксама перавагу аддаем тым, хто з Беларусі.

Паводле спадара Сяржука, адначасова з тэатральнай рэзідэнцыяй у Беластоку ў Варшаве будзе працаваць рэзідэнцыя музычная і прысвечана яна будзе гурту Irdorath, двое ўдзельнікаў якога – Уладзімір і Надзея Калачы нядаўна вызваліліся з лукашэнкаўскіх засценкаў і зараз знаходзяцца ў Польшчы.

— Наступная рэзідэнцыя – музычная, будзе адбывацца ў Варшаве. Гэта мае сімвалічны вельмі кантэкст, таму што роўна два гады пачыналася стварэнне «Дома творцаў». Мы ехалі ў тэатральную рэзідэнцыю, везлі тэатралаў у рэзідэнцыю, размаўлялі, і тут усіх проста шакуе навіна, што гурт Irdorath… такі проста бандытскі захоп на дзень нараджэння Надзеі. Затрымліваюць проста ўсіх музыкаў. Гэта навіна настолькі шакавала ўсіх. І гэтыя два гады праходзяць з думкай – як там нашы сябры? Бо для мяне, асабліва Вова і Надзя… мы сябравалі добра. І тое, што яны прайшлі праз гэтыя пакуты, выпрабаванні. Усё было неспакойна, пакуль яны там. І яны зараз у бяспецы, зараз на свабодзе. І першае, што яны казалі: «Мы хочам, каб усё, што ў нас было гэтыя два гады, усё, што ў нас набралося… Мы думалі пра гэта, мы напісалі музыку, і мы хацелі б хутчэй вярнуцца да сваёй творчасці, хутчэй вярнуцца да сцэны. Наступная рэзідэнцыя музычная будзе так і называцца «Вяртанне гурта Irdorath».

Паводле арганізатараў, удзел у варшаўскай рэзідэнцыі прымаюць і іншыя беларускія музыкі, якія былі вымушаныя з’ехаць у эміграцыю. Падчас рэзідэнцыі яны аб’ядналіся для самага галоўнага – стварэння музыкі. Гэта будуць не толькі рэпетыцыі, але і запіс паўнавартаснай песні і відэа.

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.