Loading

Раніцай 28 лютага ў чатах беларусаў, якія жывуць у Літве, пачала з’яўляцца інфармацыя пра званкі нібыта з Дэпартамента дзяржбяспекі  з наступным зместам: Вы ўяўляеце пагрозу Літоўскай дзяржаве, Вам трэба тэрмінова пакінуць краіну, інакш будзе дэпартацыя ў прымусовым парадку. Пасля высветлілася, што тэлефанавалі і расіянам, якія жывуць у Літве. У Дэпартаменце міграцыі расказалі, што не маюць дачынення да гэтых званкоў і папрасілі замежных грамадзян не паддавацца на правакацыі.  

Адна з тых, каму паступіў званок аб “дэпартацыі”, кіраўніца валанцерскай арганізацыі “Дапамога” Наталля Калегава. З ёй радыё Ўнэт  размаўляла як раз у той момант, калі Наталля пісала заяву ў паліцыю.

— Званілі з нумара тэлефона, які выглядае падобным да нумара розных службаў– +870767000. Па-літоўску са мной размаўлялі, і я разумею, наколькі гэта магло напужаць іншых людзей. Голас быў зменены. Тэкст быў такі: “Добры дзень, Вам тэлефануюць з Дэпартамента Дзяржаўнай бяспекі. Атрымана прадпісанне, што Вы прызнаны асобай, якая ўяўляе пагрозу нацыянальнай бяспецы для Літоўскай дзяржавы. Вам трэба пакінуць Літву да 3 сакавіка. У адваротным выпадку Вы будзеце дэпартаваны прымусова”. Пасля я пытаюся па-расійску: а Вы не маглі б паўтарыць?  Голас паўтарае і кажа: “за інфармацыяй Вам трэба прыйсці на  Vytenio g,18” (там знаходзіцца Вільнюскі офіс Дэпартамента па міграцыі). То бок сэнс такі, што да прыкладу, некалькі сотняў чалавек, якім паступілі такія званкі, прыйдуць па гэтым адрасе.

— І Ваш далейшая рэакцыя?

— Я спачатку падумала, што гэта нейкая правакацыя супраць мяне асабіста, бо раней здараліся падобныя выпадкі. Дарэчы, яны звярталіся да мяне па імені, то бок яны ведалі не толькі нумар тэлефона, але і як мяне завуць. Я хутка патэлефанавала ў адпаведныя структуры па сваім выпадку, у мяне ўсе дакументы ў парадку. Але заяву ў паліцыю вырашыла напісаць. А пасля ў чатах пачала з’яўляцца інфармацыя, што людзям таксама званілі з адпаведнымі “прадпісаннямі”. Людзі разгубліліся, бо часта не ведаюць, як працуе сістэма: спачатку павінны ліст даслаць, ёсць час на абскаржванне, што пазбавіць бежанства, як у маім выпадку, – гэта вельмі складаная працэдура.

Зараз на сайце Дэпартамента Літвы з’явілася афіцыйнае паведамленне, што замежнікам  тэлефануюць злачынцы.  У чым менавіта заключаецца злачынная схема, пакуль не зразумела, бо ў ахвяр не прасілі ні грошай ні іншай  плацежнай інфармацыі. Ведамства заклікае захоўваць спакой і правяраць свае акаўнты на сайце MIGRIS. Калі паведамленняў не было, значыць, нікуды хадзіць і звяртацца не трэба. Усіх, каму паступаюць такія званкі, таксама заклікаюць тэлефанаваць па нумары 112.

 

Comments are closed.