Loading

6 кастрычніка Варшаве распачынаецца фестываль інтэлектуальнай кнігі «Прадмова». Сёлета ён праходзіць у чатырох гарадах – стартаваў у Батумі, а завяршыцца ў Беластоку. Варшаўская кадэнцыя форуму расцягнецца на 4 дні, з 6 па 9 кастрычніка.

У нашым рэпартажы сабралі для вас некалькі нагод наведаць адну з самых галоўных культурных падзей гэтай восені.

1. Сустрэцца з зоркамі белліту

Прызнанымі майстрамі інтэлектуальнай прозы называюць Джойса, Эка, Ірвінга або Фаўлза. Беларускі чытач дадасць у гэты шэраг і сваіх пісьменнікаў. Напрыклад – Альгерда Бахарэвіча. Культавы сучасны аўтар прэзентуе ў Варшаве адразу дзве свае кнігі – «Ператрус у музеі» і «Хлопчык і снег».

2. Паглядзець спектакль Купалаўцаў

Таксама на варшаўскай «Прадмове» дадуць нашумелы спектакль Купалаўцаў «Плошча перамогі». Цікава, што пасля паказу можна будзе паслухаць размову рэжысёра Аляксандра Гарцуева з аўтарам тэкста Альгердам Бахарэвічам.

3. Пабываць на кніжных прэм’ерах

Сёлета на фестывалі будзе адразу некалькі кніжных прэм’ер. Адна з самых неадназначных – прэзентацыя анталогіі беларускага гей-пісьменства «Мальцы выходзяць з-пад кантролю». Вы здзівіцеся, але ў ёй ёсць нават творы Адама Міцкевіча. Выданне аб’ёмам амаль у 300 старонак з Лондана ў Варшаву прывязе яго ўкладальнік Уладзіслаў Гарбацкі.

4. Парадавацца за пераможцаў адразу дзвюх прэмій

Сёлета на фестывалі ўзнагародзяць пераможцаў конкурсу маладых ілюстратараў і дызайнераў. Другая прэмія – кніжная: Гліняны Вялес. Яна была заснаваная ажно ў 1993 годзе Таварыствам вольных літаратараў і з’яўляецца найстарэйшай недзяржаўнай літаратурнай прэміяй Беларусі.

У 2019 годзе з’явілася традыцыя ўручаць Вялеса падчас фестывалю інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA. Так свае статуэткі атрымалі Ганна Севярынец і Ілья Сін. Лаўрэаткай «Глінянага Вялеса» ў мінулым годзе стала паэтка Наста Кудасава. Яна таксама прыедзе ў Варшаву і прачытае вершы са сваёй новай кнігі «Побач».

5. І проста прыйсці

Праграма фестывалю – вялікая і насычаная. Там будуць не толькі пісьменнікі, а яшчэ і філосафы, гісторыкі, выдаўцы. Так што калі хочацца падумаць, паразважаць, убачыць, пагартаць новыя кнігі і паспрабаваць зразумець, што сёння з намі адбываецца – да сустрэчы на «Прадмове».

Comments are closed.