Loading

Традыцыйны канцэрт пад назвай «Свята беларускай культуры» прайшоў на мінулых выходных у Беластоку. Акрамя цудоўных танцавальных выступленняў і прыгожых беларускіх песень, са сцэны гучалі заклікі з падпісвацца пад петыцыяй за захаванне двух ліцэяў з вывучэннем беларускай мовы ў Гайнаўцы і Бельску, над якімі навісла пагроза скасавання іх беларускасці. Таксама ў асяродку беларускай нацыянальнай меншасці чуваць галасы аб несправядлівым стаўленні з боку беластоцкіх гарадскіх улад.

Песняй «Мой беластоцкі край» на вершы паэта Аляксандра Баршчэўскага распачалося «Свята беларускай культуры» – канцэрт, які ўжо не адно дзесяцігоддзе праходзіць у Беластоку і арганізатарам якога выступае Беларускае грамадска-культурнае таварыства. «Мы збіраемся тут, каб у чарговы раз паказаць, што беларусы ў Беластоку прысутныя і маюць сваю багатую, прыгожую культуру», – заявіў, адкрываючы мерапрыемства старшыня таварыства Васіль Сегень, які адначасова быў і ўдзельнікам аднаго з гуртоў, што выступілі на канцэрце. Усяго, дарэчы, было каля 30 выступленняў, а сам канцэрт у беластоцкім парку Плянты цягнуўся больш за чатыры гадзіны. Таксама працаваў невялікі кірмаш, дзе можна было набыць беларускія кнігі альбо вырабы мясцовых беларускіх рамеснікаў.

Ад мясцовых улад на канцэрце прысутнічаў упаўнаважаны па справах нацыянальных меншасцяў Падляшскага ваяводы Войцех Пшыгоньскі. Больш ніякіх афіцыйных асоб сярод прысутных не было. Між тым раней падобнае мерапрыемства публічна наведвалі і гарадскія чыноўнікі, і прадстаўнікі генеральнага консульства Беларусі ў Беластоку. Фінансава канцэрт падтрымалі Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі і Маршалкоўская ўправа ваяводства.

Васіль Сегень заклікаў ганарыцца прыналежнасцю да беларускай нацыі, хоць, паводле яго, час зараз не вельмі спрыяе гэтаму. «Сёння любяць больш украінцаў, чым беларусаў. Але мы павінны адстаяць сваё», – падкрэсліў ён.

— Мы паўнапраўныя грамадзяне гэтай краіны і павінны змагацца за належнае месца ў гэтай жа краіне і тут на Беласточчыне, і ў самім Беластоку. Так што, ганарыцеся сваёй прыналежнасцю да беларускай нацыі і да таго, што мы беларусы. Не цурайцеся гэтага. А наша нацыя будзе жыць яшчэ доўга, – прамовіў старшыня таварыства са сцэны.

У інтэрвью радыё Ўнэт Васіль Сегень распавёў аб асаблівасцях, якімі адрозніваецца сёлетняе правядзенне Свята беларускай культуры ад папярэдніх.

— На мой погляд, калі шукаць пазітываў у развіцці і эвалюцыі нашага свята, то ў гэтым годзе нашмат болей дзяцей і моладзі ў канцэрце прыймае ўдзел, чым гэта было ў мінулым. Гэта для нас, як беларусаў у Польшчы, плюс, паколькі вядома, што ў маладым пакаленні надзея на ратаванне беларускай меншасці ў Польшчы. Ёсць і такія менш станоўчыя моманты, звязаныя з агульнай геапалітычнай сітуацыяй, дзе нам як бы рыкашэтам дастаецца за тое, як улады Беларусі ставяцца да вайны на Украіне і наогул да дэмакратыі. Мы, беларусы, адчуваем гэта таксама ў адносінах перш за ўсё мясцовых самаўпраў, уладаў. Гарадскія ўлады не помню, калі апошні раз былі на нашым свяце ці на нашай нейкай імпрэзе. Не заўважаюць Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Беластоку.

У Маршалкоўскай управе сітуацыя крыху лепшая. Прынамсі выдзяляюць нейкія сродкі на правядзенне такіх імпрэз. Але сёння, як бачым, запрашалі ўсю ўправу – не прыйшоў ніхто. Гэта таксама пэўны сімвал, пэўнае сведчанне адносін і Маршалкоўскай управы, і гарадской управы да беларускай ініцыятывы ці беларускай культуры ў Беластоку ці наогул на Падляшшы.

— Пэўна гэта вы мелі на ўвазе, калі параўноўвалі адносіны да ўкраінцаў і да беларусаў?

— Так, канешне. Я гэта пазначыў ужо сёння. Украінцаў усе любяць, а беларусаў… Адкрыта як бы не гавораць, але гэта адчуваецца – што беларусы ў нейкай ступені не патрэбныя тут у Польшчы, на Падляшшы, у Беластоку», – адзначыў Васіль Сегень.

Васіль Сегень

І хоць праблем у падляшскіх беларусаў у плане захавання ўласнай тоеснасці сёння хапае, надзея на лепшае не пакідае іх. Па меншай меры такі жыццяствярджальны настой пры цёплым сонечным надвор’і стваралі песні і пляскі на часова ўсталяванай сцэне.

Сваім уражаннем ад арганізацыі Свята беларускай культуры падзяліўся гродзенскі артыст Васіль Калач, які быў вымушаны з’ехаць з Беларусі і які на пару са сваёй калегай вёў канцэрт. Прычым ролю вядучага ён выконваў упершыню.

— Чым адрозніваюцца такія канцэрты ад канцэртаў у Беларусі? Тут на Беласточчыне гэта шчыра, гэта ад сэрца, і гледачы не пад прымусам прыходзяць на гэты канцэрт, а проста таму, што ім цікава, – распавеў вядучы.

Васіль Калач

Падрабязней пра «Свята беларускай культуры» у Беластоку слухайце і глядзіце ніжэй.

Comments are closed.