29 кастрычніка 1937 года больш за сто беларускіх культурных і навуковых дзеячаў былі расстраляныя за адну ноч. Гэта злачынства савецкай камуністычнай улады, як і іншыя яе злачынствы, пакуль на дзяржаўным узроўні ў Беларусі не асуджана па зразумелых прычынах. Намаганнямі грамадскіх дзеячаў ушанаванне памяці расстраляных паэтаў на сёння ўжо можна назваць грамадскім рухам.
У гэтым годзе кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін прэзентаваў кнігу «(Не)расстраляныя», якая стала квінтэсенцыяй працы вялікай колькасці людзей над тым, каб памяць аб забітай нацыянальнай эліце жыла, іх творчасць вывучалася людзьмі і была крыніцай натхнення для стварэння сучасных мастацкіх твораў.
У эфіры Радыё Ўнэт Сяргей Будкін распавёў пра кнігу «(Не)расстраляныя» і іншыя складнікі аднайменнага праекту.
Кніга «(Не)расстраляныя» — адна з частак праекту, які першапачаткова называўся «Нерасстраляная паэзія». Ён стартаваў у 2017 годзе з музычнага праекту, у якім беларускія музыкі меліся напісаць песні на вершы загінуўшых паэтаў.
Але хутка праект стаў развівацца ў бок даследніцкага, адукацыйнага і дызайнерскага. На сённяшні дзень у ім дзесяць розных складнікаў, і кніга «Нерастраляныя» стала важкай цаглінай сярод іх. Гісторыі паэтаў напісаны на базе даследчай працы многіх літаратуразнаўцаў, гісторыкаў, даследчыкаў і культуролагаў. Яна таксама мае спасылкі на музычную частку праекту і лекцыі па тэме ў выглядзе QR-кодаў. Кніга праілюстраваная фотаздымкамі, у тым ліку і тымі, якія раней нідзе не друкаваліся. Там ёсць вершы саміх паэтаў, часткі з п’ес Васіля Шышалевіча і Уладзіслава Галубка. Атрымалася грунтоўнае выданне ў 442 старонкі, якое праз гісторыі жыцця 18 паэтаў дае ўяўленне пра тагачаснае жыццё.
«Важна адзначыць, што гэтым праектам мы не ўшаноўваем паэтаў за тое, што іх забілі, мы іх ушаноўваем за тое, што яны зрабілі».
Таму гісторыі паэтаў напісаныя не суха факталагічна — нарадзіўся, вучыўся, расстраляны. Там апісваецца іх жыццё, стасункі, памкненні, мары. Бо місія кнігі і ўсяго праекту — працягнуць жыццё гэтых людзей і прыняць іх у нашым часе, каб іх творчасць працягвала працаваць і ўплываць на сучаснасць праз напісанне новых твораў на аснове іх паэзіі і жыцця.
Кніга — вынік працы больш шасцідзесяці розных спецыялістаў
Праект «(Не)расстраляныя» — гэта з’ява, якая стала большай за сваіх стваральнікаў. Новыя музыкі ўжо натхняюцца творамі, напісанымі раней і ствараюць свае. Працягваецца праца па пераасэнсаванні спадчыны паэтаў. З’яўляюцца кнігі, напісаныя даследчыкамі, якія працавалі ў праекце.
Напрыклад, кніга Андрэя Хадановіча, які падчас працы ў праекце адкрыў для сябе паэта Юлія Таўбіна. Віктар Жыбуль уклаў зборнікі Юркі Лявоннага і Сяргея Астрэйкі. Лекцыі Ганны Севярынец па творчасці Алеся Дудара і Міхася Чарота. І шмат іншых твораў многіх людзей, якія працавалі над праектам.
Асабістыя акаўнты расстраляных паэтаў з’явіліся ў сацыяльных сетках
Акаўнты жывыя, у іх час ад часу з’яўляюцца публікацыі. Гэта вынік валанцёрскай працы. Мы гатовы прадставіць акаўнты і інфармацыю для іх усім жадаючым, якія працягнуць іх весці.
Патрэба кнігі ўзнікла натуральна, таму што была неабходная нейкая кропка, якая аб’яднае плённую працу розных людзей. Першы наклад быў надрукаваны яшчэ ў Мінску невялікай колькасцю асобнікаў і хутка разышоўся толькі па тых, хто зрабіў папярэднія замовы. Зараз кніга была дапрацавана і выдадзена ўжо большым накладам.
Сяргей Будкін кажа, што далей праект будзе жыць сваім уласным жыццём. Ён не лічыць вартым неяк яго кантраляваць. Хацелася б, каб тэма мела працяг. Каб былі створаныя тэатральныя пастаноўкі, серыял пра тое, як паэты жылі, кахалі, ненавідзелі, адбівалі жонак, пісалі кляўзы і г.д. Таму да таго, што называецца «(Не)расстраляныя», можа далучыцца кожны жадаючы.
Будучыня праекта ў новай Беларусі
Пакуль тыя падзеі не прынятыя і на палітычным узроўні злачынствы не асуджаныя, праект будзе заставацца востра актуальным. Але і надалей яго важнасць не зменшыцца. Бо другі ўзровень яго ўплыву — прапрацоўка асабістых псіхалагічных і агульнаграмадскіх траўмаў. Бо паралелі мінулага і сучаснага відавочны. Шмат у каго родныя ў тыя гады былі рэпрэсаваныя, і гэты сямейны боль не быў правільна пражыты.
У 2017 годзе, калі праект пачынаўся, Макей фатаграфаваўся ў вышыванцы і здавалася, што ўсё будзе добра. А потым стала зразумела, што будзе толькі горш. Мы пабачылі, што гэтая траўма цягнецца за намі і беларусы-2020 перажываюць тое ж самае, што іх продкі амаль сто гадоў таму.
У тых, хто працаваў над праектам, таксама пачаліся арышты, вобшукі, допыты. Выдавец кнігі Андрэй Янушкевіч быў арыштаваны, а выдавецтва зачынена.
Тым, хто будзе пераасэнсоўваць рэпрэсіі 2020 у будучыні, трэба думаць над тым, што рабіць, каб не было трэцяга кола паўтарэння гісторыі. Таму вельмі важна ўспрымаць гэтую трагедыю як сваю і распавядаць пра яе на розных узроўнях.
Важна, каб у Беларусі, як і ў іншых развітых краінах, камунізм быў прыроўнены да нацызму і праўду пра той час выкладалі ў школах і ВНУ. Я лічу, што ў гэтую тэму варта ўвайсці кожнаму беларусу, які хоча, каб Беларусь жыла надалей і такія трагедыі больш не паўтараліся.
З 28 кастрычніка кніга «(Не)расстраляныя» выкладзена ў PDF-фармаце на сайце Камунікат. Там жа можна замовіць папяровы асобнік.
Comments are closed.