Loading

У нядзелю ў Вільні  ўшанавалі памяць паўстанцаў 1863-1864 гг. У цырымоніі ўскладання вянкоў у капліцы могілак Росы прынялі ўдзел прэзідэнт Літвы Гітанас Науседа, прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, амбасадар Украіны ў Літве Пятро Бешта і лідарка дэмакратычнай Беларусі Святлана Ціханоўская.

фота: прэс-служба прэзідэнта Літвы

У сваёй прамове Ціханоўская адзначыла: «Тыраны могуць знішчыць помнікі, перапісаць падручнікі, закатаваць людзей у турмах, але ім ніколі не ўдасца знішчыць гераічны паўстанцкі дух. Гэты дух сёння жыве ў мільёнах беларусаў. У тых, хто выходзіў на вуліцы ў 2020-м. У нашых бясстрашных ваярах, якія бароняць Украіну. У нашых нязломных палітвязнях, якія праходзяць праз здзекі у лукашэнкаўскіх турмах. Ён жыве ў нашых партызанах. У сумленных выкладчыках і музыках. Мастаках і актывістах. І наш абавязак — давесці да канца справу, распачатую паўстанцамі».

Ушанаваць памяць паўстанцаў на могілкі Росы прышло шмат беларусаў. Бел-чырвона-белыя сцягі і партрэты Кастуся Каліноўскага былі паўсюль.

фота: прэс-служба С.Ціханоўскай

Пасля заканчэння афіцыйных мерапрыемстваў Святлана Ціханоўская пагаварыла з беларусамі і адказала на пытанні журналістаў. Яе асноўны пасыл да беларусаў–быць больш актыўнымі ў Літве.

«Я калі прыехала ў Літву, вельмі доўга не магла пачаць вучыць літоўскую мову. Мне здавалася, што гэта будзе такой здрадай: калі я пачну вучыць, то гэта значыць, што я тут надоўга хачу застацца. І нядаўна мне літоўцы расказалі, што, наадварот, гэта будзе павагай да Літвы, ніхто не будзе ўспрымаць гэта, быццам бы Вы хочаце тут застацца. І таму я заклікаю людзей вывучаць мову, каб больш удзельнічаць у літоўскіх мерапрыемствах. Трэба размаўляць з літоўцамі, казаць ім, што мы не маем ніякіх тэрытарыяльных прэтэнзій да іх, а ўсе гэтыя ўкіды — мэтанакіраваныя спробы нас пасварыць. Мы ўдзячны Літве, што яна прымае беларусаў, нягледзячы ні на што, і адносіны да беларусаў вельмі добрыя. Мы гэтыя пытанні ўздымаем і тлумачым на палітычным узроўні, але і голас беларусаў таксама павінен гучаць».

Спыталі ў Святланы Ціханоўскай, ці з’явіліся навіны пра яе мужа Сяргея.

«З сакавіка ў мяне няма ніякіх навін, тады быў апошнія раз адвакат у яго. І пасля было яшчэ відэа з Сяргеем. І больш ніякай інфармацыі. Я не ведаю, ці жывы ён, у якім ён стане. Вы разумеце, што Сяргей — гэта мой асабісты боль, але я думаю таксама пра Мікалая, Алеся, Віктара, Максіма, Машу. Яны ў падобнай сітуацыі:  ніхто нічога пра іх не ведае» .

 

Comments are closed.