Loading

«Бяседныя песні» – так называецца спеўнік застольных беларускіх песень, выдадзены сёлета культурніцкай кампаніяй «Традыцыя». Першым горадам, дзе прайшла яго прэзентацыя стаў Беласток. Змест спеўніка прадэманстраваў палескі фальклорны гурт «Каляжанкі» прайшоў у Беластоку.

Гурт «Каляжанкі»

Месцам для прэзентацыі зборніка народных песень арганізатары мерапрыемства, а гэта культурніцкая кампанія «Традыцыя», выбралі, на першы погляд, даволі незвычайнае – кавярню Cofix. Аднак дзякуючы менавіта такому выбару, мноства жыхароў і гасцей Беластока змаглі пачуць беларускія песні ў самым цэнтры горада – на Рынку Касцюшкі, дзе месціцца кавярня. Якраз там, гурт з беларускай Століншчыны разам з ініцыятарам стварэння спеўніка Сяржуком Доўгушавым, які граў на дудзе, пачалі імпрэзу, перамясціўшыся затым у саму кавярню.

Як распавялі нам стваральнікі, «Бяседныя песні» – працяг серыі спеўнікаў, якія выдае «Традыцыя». Да супрацы ініцыятар выдання кніжкі запрасіў Насту Някрасаву, праца якой палягала на пошуку запісаў, устанаўленні іх крыніц – адкуль паходзяць песні, хто іх спяваў – запісу са слыху нот, а потым укладанні спеваў у вызначанай паслядоўнасці. У кніжку аб’ёмам 80 старонак увайшлі 34 песні, якія ў Беларусі спявалі пры святочным стале па самых розных нагодах: вяселлі, хрэсьбіны, кірмаш альбо проста суседскія ці сямейныя ўрачыстасці. У выданні можна знайсці песні, якія добра вядомыя аматарам беларускай традыцыйнай музыкі. Ёсць таксама вядомыя і шырокай грамадскасці, такія як «Бывайце здаровы». Дарэчы, яе запісалі яшчэ ў 1939 годзе на студыі ў Маскве. Аўтар тэксту Адам Русак, а музыкі – Ісаак Любан. Цікава, што гэта песня ў спеўніку падаецца не толькі на беларускай мове, але і на ідышы лацінскімі літарамі. Дарэчы, акрамя кірыліцы, усе тэксты песень падаюцца на беларускай лацінцы. У зборніку песні з беларускага Палесся, з Панямоння, Паазер’я, Цэнтральнай Беларусі, а таксама з польскага Падляшша – то бок геаграфічны арэал вельмі вялікі. І гэта бачна па тэкстах, якія захоўваюць асаблівасці рэгіянальнага вымаўлення.

Каб знайсці песні, укладальніцы трэба было многа працаваць у архівах, напрыклад, архіве Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, архіве Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, архівах этнамузыколагаў, штосьці запісалі раней самі стваральнікі спеўніка, калі ездзілі ў этнаграфічныя экспедыцыі.

Гісторыя стварэння гэтай кніжкі, якую, дарэчы, можна было купіць на прэзентацыі, пачынаецца з таго, што быў выдадзены дыск з бяседнымі песнямі, распавёў Радыё Ўнэт Сяржук Доўгушаў.

— Спачатку была гісторыя, што з «Традыцыяй» мы выдалі дыск бяседных песень. Гэта быў 2018 год. Там былі пададзеныя яскравыя прыклады бяседных беларускіх песень. Людзі слухалі, але ў мяне была ідэя, каб гэта і спявалася, каб гэта быў спеўнік, дзе тэксты ёсць і ноты. Я доўга не ведаў, як рэалізаваць гэту ідэю, але зоркі супалі. Мы паразмаўлялі з Настай Некрасавай, а яна з’яўляецца галоўнай укладальніцай, таму што менавіта яна рабіла расшыфроўкі тэкстаў, нот. У нас гэта зацягнулася на паўгода. Большую частку песень мы знаходзілі ў архівах. Хацелася прадставіць самыя яскравыя прыклады беларускіх бяседных песень.

— Колькі ад моманту ўзнікнення ідэі да моманту яе рэалізацыі прайшло часу?

— У нас быў апошні спеўнік калядных песень, які выходзіў у 2020 годзе. Была думка адразу: «А які будзе наступны спеўнік?». І вось з таго моманту гэта ўсё цягнулася, планавалася, я думаю, якія песні. Амаль два ці тры гады. Зараз спеўнік выйшаў, мы актыўна яго прэзентуем. Будзем у Познані, у Варшаве, і не толькі ў Польшчы. І адразу наступная думка: «А які будзе наступны спеўнік?». І я ўжо магу адказаць, што ў наступным спеўніку будуць мужчынскія песні. Мы аднойчы таксама выдавалі гэтыя песні як зборнік, альбом і можна пачуць, як спявалі беларускія мужчыны. Але добра каб было і з тэкстамі, і з нотамі, каб працягвалася мужчынская спеўная традыцыя.

І варта адзначыць, што дзякуючы менавіта гурту «Каляжанкі», які складаецца з некалькіх жанчын з розных вёсак Столінскага раёну, прэзентацыя мела надзвычайны каларыт. Арганізатары зрабілі так, што спяваў не толькі гэты калектыў, якому падпяваў ці падыгрываў Сяржук Доўгушаў, але і госці кавярні, для якіх былі адмыслова падрыхтаваныя тэксты песень кірыліцай і лацінкай.

Што ж тычыцца ўласна дзейнасці калектыва, які ўзнік у 2015 годзе, то пра яго нам распавяла ініцыятарка стварэння гурта Ірына Ляшкевіч.

— Неяк спантанна атрымалася. Мне пазванілі і спыталі: «Можа ты б сабрала якіх-небудзь жанчын для таго, каб паехаць у Польшчу. Дарэчы, першы выступ наш быў таксама ў Польшчы, у Седліцах. Трэба было паспяваць там на кірмашы. А я да гэтага была кіраўніком дзіцячага гурта і цэлы час збірала гэтыя песні мясцовыя. Сапраўды, не ўсе песні можна даць спяваць дзецям. І ў мяне столькі назапашвалася гэтага матэрыялу, што я прапанавала сваёй адной калезе, потым да нас далучылася другая. Практычна да 2019 года гурт троху мяняў свой склад. Толькі два чалавекі заставаліся нязменнымі. Ну і цяпер нас чатыры дзяўчыны, якія спяваюць.

— Вы не часта сустракаецеся цяпер, чаму?

— Я з’ехала. Я пераехала год таму. І я жыву вельмі далёка нават ад Варшавы і ад Беластоку. Год мы не бачыліся і спаткаліся ў чэрвені першы раз пасля гадавога такога перапынку на фестывалі Soncahraj. Зараз другі раз дзяўчаты да мяне прыехалі і я вельмі шчаслівая ўбачыцца з імі і паспяваць разам».

Ірына Ляшкевіч

А скончылася прэзентацыя таксама як пачалася – на галоўнай плошчы Беластока, дзе «Каляжанкі» пелі, танцавалі і да іх далучаліся ўсе ахвотныя.

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.