Loading

21 студзеня ў Старамейскім доме культуры адбудзецца прэм’ера эратычна-камічнай п’есы Францішка Аляхновіча. Яго «Шчаслівы муж» апошні раз ішоў у Мінску ў 2012 годзе і яшчэ ніколі не ставіўся ў Варшаве.

Музычна-эратычную чытку рыхтуюць беларускія акцёры і музыканты – Вольга Каралёнак, Аляксандр Унуковіч, Маргарыта Яцкевіч, Сяргей Пукст, а таксама Алена Баярава, Данііл Ганчароў і рэжысёр спектакля Васіль Дранько-Майсюк, якія распавялі пра падзею ў нашым эфіры.

Алена Баярава, Данііл Ганчароў, Васіль Дранько-Майсюк у студыі Радыё Ўнэт

«Шчаслівы муж» – гэта лёгкі вясёлы музычны твор пра каханне, жарсці ды імкненне стаць кімсьці больш значным, чым ты ёсць. Галоўная гераіня – летуценная мяшчанка Магдалена, стомленая ад свайго малацікавага і прадказальнага мужа Гаўдэнта, вырашае закруціць раман з графам Мацальскім. Яна нават не здагадваецца, да якіх нечаканых вынікаў прывядзе гэтая авантура. Дарэчы, у аснове п’есы – рэальны факт з жыцця драматурга, калі ён, будучы маладым бедным артыстам, у адным мяшчанскім доме мусіў выдаваць сябе за графа.

Васіль Дранько-Майсюк, рэжысёр: «Мяне захапляе гэты матэрыял. Гэта адна з першых п’ес, дзе аўтар піша проста для таго, каб павесяліцца. Робіць камерцыйную гісторыю пра каханне, пра здрады, пра пошук. Гісторыю, дзе ёсць падманутыя мужы, псеўдаграфы і каханкі. У Аляхновіча ёсць іронія, ёсць эстрадная лёгкасць і ёсць эротыка. І гэта тое, чаго нам сёння сапраўды не хапае. Таму мы ўзяліся за гэтую п’есу».

Алена Баярава, артыстка: «У 2011 годзе Васіль, яшчэ будучы студэнтам, прынёс да нас у РТБД гэтую п’есу і адкрыў для нас Францішка Аляхновіча. Нам вельмі падабаўся гэты матэрыял, на яго хадзіў глядач, таму што радасці і смеху нам вельмі не хапае. Я ніколі не сустракала ў беларускіх аўтараў такой лёгкай драматургіі, такога гумару, сарказму ў тэксце. Аляхновіч – гэта наш Шэкспір. І ўсе яго рэчы прыкладныя, там што ён сам быў рэжысёрам, сам падбіраў акцёраў і сам ставіў. Ён ведаў, што такое тэатр».

Данііл Ганчароў, мастак: «Мяне спачатку засмучвала тое, што п’еса цалкам пазбаўлена нейкага палітычнага кантэксту. Аднак пасля я зразумеў, што калі беларусы вось так проста, вольна і шчыра выказваюцца з гумарам на сваёй роднай мове паводле сваёй роднай драматургіі – гэта, магчыма, і ёсць найвышэйшая з магчымых палітычных заяў. Мы жывыя, мы ёсць і мы не саромеемся сваёй спадчыны».

Прэм’ера музычна-эратычнай чыткі п’есы Францішка Аляхновіча «Шчаслівы муж» адбудзецца 21 студзеня.
Час: 19.00
Месца: Старамейскі дом культуры (Staromiejski Dom Kultury, Rynek Starego Miasta 2)
Уваход вольны

Comments are closed.