Loading

Яшчэ да нядаўняга часу сцвярджалася, што ў Беларусі да 1917 года не было сваёй прафесійнай музыкі і з’явілася яна ў нас толькі дзякуючы «старэйшаму брату». У той час, як у беларускай культуры заўсёды былі свае музычныя арыстакраты, выдатныя выканаўцы і кампазітары.

У нашым топ-5 сабралі імёны беларускіх кампазітараў, якіх варта ведаць кожнаму беларусу.

1. Напалеон Орда

Заснаваў беларускую школу фартэпіяннага мастацтва, напісаў адзін з лепшых падручнікаў па гісторыі музыкі, быў «на кароткай назе» з Лістам, Шапэнам і Вердзі.

Знакаміты летапісец беларускай архітэктуры і заснавальнік беларускай фартэпіяннай школы нарадзіўся ў 1807 годзе ў вёсцы Варацэвічы Пінскага павета. Пасля ўдзелу ў паўстанні 1831 года гэты таленавіты мастак, музыка, кампазітар, літаратар, скульптар, педагог (які маштаб асобы!) мусіў іміграваць у Францыю і пад чужым імем з’ехаў у Парыж.

Там Напалеон Орда вельмі хутка стаў вядомым у шырокіх колах еўрапейскай інтэлігенцыі. У Парыжы ён сустракаўся з Вердзі, Лістам, Расіні, Берліёзам, браў у іх урокі. Разам з Шапэнам музіцыраваў на імпрэзах у дамах Плятэраў і Чартарыйскіх і прымаў удзел у літаратурных вечарынах, дзе суправаджаў ігрой на фартэпіяна паэтычныя імправізацыі Адама Міцкевіча.

Хутка опусы Напалеона Орды загучалі са шматлікіх еўрапейскіх сцэн – у Францыі, Германіі, Польшчы. Неўзабаве беларуса нават запрасілі стаць дырэктарам Італьянскай оперы ў Парыжы, якой ён кіраваў да рэвалюцыі 1848 года, а калі Аляксандр II абвясціў амністыю для ўдзельнікаў паўстання, 49-гадовы Орда кінуў сям’ю, забяспечанае жыццё і вярнуўся на радзіму.

Сёння складана адназначна сказаць, кім больш быў Напалеон Орда – мастаком або музыкам. Яго малюнкі – бясцэннае адлюстраванне мінулых стагоддзяў, аднак у свеце яго ведалі больш як кампазітара. Ён пісаў паланэзы, мазуркі, вальсы, накцюрны. Нагадаем, ён лічыцца заснавальнікам беларускай школы фартэпіяннага мастацтва, а яго «Граматыка музыкі» шмат дзесяцігоддзяў была адным з лепшых падручнікаў па тэорыі музыкі.

2. Станіслаў Манюшка

Самы вядомы беларускі кампазітар, класік польскага мастацтва і аўтар першай у гісторыі беларускамоўнай оперы, якую ён напісаў на пару з «экстрэмістам» Дуніным-Марцінкевічам.

Станіславу Манюшку было наканавана стаць адным з самых вядомых беларусаў і адначасова сусветна знакамітым класікам польскай оперы. Аўтар шматлікіх песень, опер і балетаў нарадзіўся 5 мая 1819 года ў фальварку Убель. У Мінску прайшло яго творчае юнацтва і менавіта там, у 1852 годзе, адбылася прэм’ера оперы «Сялянка», якую Манюшка напісаў у творчы тандэме з Вінцэнтам Дунінам-Марцінкевічам.

Пазней Станіслаў Манюшка працаваў у Вільні як арганіст касцёла Святога Яна, а потым пераехаў у Варшаву, дзе стаў класікам польскай оперы. Сёння імя Станіслава Манюшкі з’яўляецца адным з найвялікшых у гісторыі Беларусі і Польшчы і адначасова рэпрэзентуе гэтыя дзве культуры ды аб’ядноўвае іх. Зрэшты, польскія даследчыкі як ні стараліся, але так і не знайшлі ў операх Манюшкі ўплываў польскага меласу – творы кампазітара прасякнутыя ліцвінскім фальклорам і часта натхнёныя ўражаннямі, якія ён атрымаў у сваім дзяцінстве і юнацтве, праведзеным на Беларусі.

3. Ян Давід Голанд

Немец, які закахаўся ў Нясвіж, напісаў для Радзівілаў свае лепшыя творы і пасля падзелаў Рэчы Паспалітай яшчэ 23 гады пражыў у Вільні.

Ян Давід Голанд сваю кар’еру пачынаў у Гамбургу, у пачатку 1780-х пераехаў у Варшаву, і ўжо там Караль Станіслаў Радзівіл запрасіў яго ў Нясвіж. Так Голанд стаў прыдворным кампазітарам і капельмайстрам Нясвіжскай капэлы Радзівілаў.

Кампазітар напісаў шэраг паланэзаў, кантат і опер. Адна з іх – «Агатка, або прыезд пана» на лібрэта Мацея Радзівіла. Прэм’ера адбылася 17 верасня 1784 года і была прымеркавана да візіту ў Нясвіж караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Акрамя таго, гэта была адна з першых опер, якую стварылі і паставілі на Беларусі. Твор атрымаў вядомасць і больш за 40 гадоў (!) ішоў на сцэнах тэатраў Рэчы Паспалітай.

Другая опера Голанда «Чужое багацце нікому не служыць» з’явілася ў 1785 годзе і таксама мела вялікі розгалас, а некалькі гадоў таму нават была пастаўленая ў Вялікім тэатры Беларусі.

У Нясвіжы Голанд таксама пісаў балеты, вакальныя творы і клавірныя п’есы. У Радзівілаў кампазітар працаваў амаль 20 гадоў і нават пасля падзелу Рэчы Паспалітай і заняпаду магнацкіх дынастый не пакінуў краіну. Ян Давід Голанд пераехаў у Вільню і там яшчэ цэлых 23 гады выкладаў у Віленскім універсітэце, кіраваў хорам і аркестрам, працягваў ствараць музычныя опусы і напісаў сваё самае значнае тэарэтычнае даследаванне – падручнік «Акадэмічны трактат пра сапраўднае мастацтва музыкі».

4. Фларыян Міладоўскі

«Беларускі Моцарт», які стварыў адзін з лепшых прыватных аркестраў у Еўропе.

Фларыян Міладоўскі быў бліскучым піяністам-віртуозам, выключным дырыжорам, але галоўным яго пакліканнем стала кампазітарская творчасць. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя ён здабыў еўрапейскую вядомасць. Не апошнюю ролю ў гэтым адыграў у гэтым Станіслаў Манюшка, з якім Міладоўскі нарадзіўся літаральна ў адзін дзень. Разам яны займаліся музыкай у Дамініка Стэфановіча, а потым, атрымаўшы вядомасць, Манюшка вельмі актыўна дапамагаў свайму сябру і нават пазнаёміў з яго творчасцю Ферэнца Ліста. Геній еўрапейскага рамантызму вельмі высока ацаніў опусы Міладоўскага і ўключыў п’есу беларуса ў адзін з нотных зборнікаў.

Свой першы сольны канцэрт Фларыян Міладоўсккі сыграў, калі яму было ўсяго 10 гадоў! Гэтакі беларускі Моцарт, пра якога пісалі нават у прэсе. Карэспандэнт «Літоўскага кур’ера», напрыклад, адзначаў неверагоднае майстэрства, дакладнасць рытму, незвычайную смеласць і вялікую эмацыянальнасць маленькага віртуоза.

Даволі рана распачаў Фларыян Міладоўскі і сваю педагагічную кар’еру. З 14 гадоў ён даваў урокі фартэпіяна ў заможных віленскіх дамах, а ў 1836 маладога чалавека запрасіў да сябе ў Чырвоны двор Бенедыкт Тышкевіч. Фларыян вучыў музыцы яго дзяцей і стварыў пры двары аркестр, які неўзабаве стаў адным з лепшых прыватных калектываў у Еўропе!

Пасля паўстання 1863 года Фларыян Міладоўскі вымушана іміграваў у Францыю, дзе і згубіліся яго жыццёвыя шляхі. Вядома, што творчая спадчына Фларыяна Міладоўскага − гэта не менш як 50 твораў, сярод якіх камерныя, вакальныя опусы, духоўная музыка і нават оперы. На жаль, вялікая частка гэтых рукапісаў або не захавалася, або − расцярушаная па еўрапейскіх архівах і бібліятэках − калісьці яшчэ будзе знойдзеная.

5. Міхал Ельскі

Адмовіўся ад юрыдычнай кар’еры, зрываў авацыі ў Еўропе і ствараў разам з аднадумцамі Мінскае музычна-літаратурнае таварыства.

Міхал Ельскі нарадзіўся 8 кастрычніка 1831 года. Сям’я яго была шляхецкая, а род знакавы. У 14 гадоў Міхаіла аддаюць у гімназію ва Усходнюю Прусію, у горад Лаздэн, дзе ён атрымлівае свае першыя музычныя ўрокі. Па вяртанні дадому, на Беларусь, адукацыю сваю працягвае. Канцэртны поспех прыходзіць адразу! Як і захапленне музыкай, якая пераможа ўсё: Ельскі адмовіцца ад юрыдычнай кар’еры і цалкам прысвяціць сябе творчасці.

Міхал Ельскі зрываў авацыі ў Парыжы, Франкфурце-на-Майне, Берліне, Мюнхене і Кракаве. Кажуць, што рэпертуар музыканта складаўся з найбольш знакамітых скрыпічных твораў Баха, Паганіні, В’ётана. Іграў выканаўца і ўласныя опусы. Яго кампазітарская спадчына – каля 100 твораў. Самы папулярны і вядомы – Танец смерці для скрыпкі і фартэпіяна, які часта з’яўляецца абавязковым на прафесійных музычных конкурсах у Беларусі. Дарэчы, адно са спаборніцтваў носіць імя музыкі – Міжнародны конкурс выканаўцаў імя Міхаіла Ельскага.

Comments are closed.