Loading

У Дзень Незалежнасці Украіны 24 жніўня на экраны некалькіх краінаў выйшаў украінскі мастацкі фільм «Доўбуш», які распавядае пра змаганне карпацкіх украінцаў за сваю свабоду ў пачатку 18-га стагоддзя праз лёс легендарнага героя Алэксы Доўбуша. Фільм ужо зараз называюць наймаштабнейшай падзеяй ва ўкраінскім кінематографе за апошняе дзесяцігоддзе. Пры гэтым, нягледзячы на тое, што здымкі фільма былі скончаныя яшчэ ў 2020 годзе, шмат якія сюжэты набылі актуальнасць пасля паўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў лютым 2022 года. Прэм’ерным паказе фільма, арганізаваны Тэрнопальскай кінакімісіяй прайшоў у гэтым абласным цэнтры. Пра тое, ці толькі прыгожая карпацкая легенда экранізаваная ў стужцы, чаму яна робіцца асабліва актуальнай цяпер і як павязвае народы былой Рэчы Паспалітай мы размаўляем з рэжысёрам карціны Алэсем Саніным.

— У маім трактаванні Алэкса Доўбуш не збіраўся быць ніякім апрышкам, не хацеў быў ніякім героем. Ён хацеў простага людскага шчасця на сваёй зямлі, з тым, каго любіць. І абставіны – выпадак, пачаў ламаць ягоны лёс. Ён спрабаваў выправіць і ўсё для гэтага рабіў. І яго прыклад натхніў іншых людзей бараніць уласную зямлю, змагацца за ўласную свабоду. І гэта для мяне было вельмі важна. Гэта быў мэсэдж фільму. Мы сёння ва Украіне вітаемся, кажам «Слава Украіне!», адказваем «Героям слава!». Вось, уласна, гэта і ёсць гісторыя пра герояў і пра славу.

Фільм называецца не «Алэкса Доўбуш», а «Доўбуш». Гэта гісторыя пра двух Доўбушаў, двух братоў, адзін з якіх дэкларуе барацьбу за свабоду, вельмі хоча быць героем, змагаецца за славу. Нават гвалтам сваім ён хоча дамагчыся, каб ягонае імя запомнілі людзі. А гэта не ўдаецца. Наадварот, людзі туляцца да брата, бачаць у ім зусім іншыя ўчынкі.

Я не спадзяваўся, што фільм стане сёння актуальным. Я здымаў сваю легенду. Я вывучыў горы дакументаў гэтага вельмі жорсткага часу. Людзі былі вельмі прыціснутыя законамі таго часу, шляхтаю. Шляхта ўвогуле лічыла, што яны не палякі, не ліцьвіны, яны ўвогуле сарматы. Яны лічылі, што іх паставілі на гэтай зямлі, каб кіраваць гэтымі смердамі. Зараз нам звыкла, што ёсць нацыянальныя дзяржавы. Тады не было гэтага. Быў кароль. Ён вельмі часта нават не быў мясцовым. У Польшчы на той момант былі саксонскія каралі. Пазней у нас Габсбургі ў гісторыі. І пад імі жылі адносна вольныя людзі – рамеснікі, а таксама былі сяляне, якіх адмыслова запрыгонілі, забралі ў іх волю і, уласна, супраць чаго яны паўставалі.

Таксама ў той час было станаўленне Расійскай імперыі, якая да таго была проста Маскоўскім княствам. Яны хацелі ўлады, і як толькі ў Польшчы памёр кароль, яны намагаліся ўсімі высілкамі, праўдамі-няпраўдамі пасадзіць свайго, падкуплялі шляхту. Вялізная колькасць дакументаў ёсць пра гэта. Яны раздзіралі гэтую Рэч Паспалітую. Вось гэтая ўмоўная дэмакратыя шляхты спачатку Рэч Паспалітую сабрала разам, а пазней яе вельмі лёгка было разарваць, бо кожны шляхціц хацеў быць каралём, кожны шляхціц хацеў быць гетманам, немагчыма было прыняць нейкіх рашэнняў. І на тле гэтага – вялізная вайна, якая выклікала гэтыя народныя паўстанні.

Насамрэч, сярод апрышкаў, і нават у загоне Алэксы, былі і валохі – гэта цяперашнія румыны, былі палякі – гэта, вядома, даволі шмат. Гэта ўсё людзі, якія ўцякалі ад войска, якіх лічылі там дэзертырамі, гэта нават была шляхта, якая разарылася. І ў мяне ў карціне ёсць персанаж – паляк Ян, які праз усю карціну ідзе разам з апрышкамі, які прыйшоў змагацца за сваю свабоду і за свабоду сваіх людзей.

Гэта вельмі падобна на тое, як зараз у нас ёсць Інтэрнацыянальны легіён, у якім ёсць расійцы, беларусы, якія дамагаюцца свабоды сваёй дзяржавы. Вы як ніхто гэта ведаеце. Гэта я кажу пра тое, што гісторыя, вайна, яна зараз паўплывала на лёсы ўсіх – на ваш лёс, на мой лёс. Ніхто не спадзяваўся, што зробіцца так, што найбліжэйшым нашым сябрам, суседам будзе Польшча. Нават калісьці мяне спыталі, я кажу: не тых братамі называлі.

Я разбіраўся з тым, што робіцца міфам. Мы жывем у час стварэння міфаў. Хочам мы, ці не. Мы з вамі бачым нейкія кадры, знятыя з нашаломных камераў на вайне, і мы бачым гэтых людзей, мы не разумеем, хто яны, мы самі для сябе ствараем міф.

Самы пачатак уварвання быў. Людзі стварылі міф, што існуе нейкі супер-пілот, якога немагчыма збіць. Мы гэта ведалі, мы ў гэта верылі. Напэўна, усе дарослыя людзі здагадваліся, што гэта так немагчыма, але хацелі верыць, бо людзям патрэбны гэты герой, які іх уратуе. Альбо мы зараз бачылі чалавека, якога вельмі доўга шукалі, хто гэта – чалавека, які пабачыў, што яго расстраляюць, але сказаў «Слава Украіне!».

Я, дарэчы, ведаю шмат беларусаў, якія надзвычайна рызыкуюць, выходзяць «у мінус», як яны называюць. Гэта апрышкі цяперашнія. Яны гэтыя рэйды робяць, каб паказаць, што ёсць людзі якія чыняць супраціў.

Яшчэ хачу сказаць, што мы надзвычай ацанілі ў сваёй карціне, калі мы запрасілі польскіх актораў на ролі польскай шляхты, як яны нам распавядалі пра гэта ўсё, наколькі ім гэта было важна. Для мяне вось гэты момант разумення Польшчай сваёй гісторыі, разумення, як гэта ўсё працуе, як гэта акрыляе і якія рэчы гэта дае ў будучыні, што мы павінны разам гэта рабіць, мы павінны разам гэта перажываць. Гэта, уласна, тэрыторыя мастацтва.

Палітыкі паміж сабой у барацьбе за ўладу заўжды прыдумаюць нешта, каб рассварыцца, каб атрымаць на гэтым нейкія дывідэнты і потым гэта забываецца. І толькі мастакі сшываюць гэтыя раны, якія калісьці былі, якія зноў пачынаюць крываточыць. І гэта для мене быў такі вялікі ўрок маіх польскіх калег.

Я думаю, што ў нас вельмі шмат супольнай гісторыі. У беларусаў, у літоўцаў, у палякаў – у нас ёсць вельмі шмат супольных рэчаў, якія не проста там гістарычныя, якія нам падабаюцца альбо не падабаюцца. Так, як мы будуем сваё грамадства, як мы ставімся да шмат якіх рэчаў – вялізная талерантнасць да людзей рознай веры, рознай культуры, калі гэты чалавек вызнае нашы законы, вызнае як мы жывем – усё, гэта найбліжэйшы сябар.

На жаль, Расія заўжды прыходзіла з хлебам-соллю, а заканчвалася заўжды крывавымі гісторыямі. Усе дамовы, якія яны падпісвалі – карысталіся нашай гасціннасцю, заўжды парушалі гэты закон. Заўжды гэта заканчвалася крывавымі гісторыямі і тыя дамовы не каштавалі паперы, на якой яны напісаныя.

А з Беларуссю – я разумею, у іх таксама вельмі цяжкая зараз сітуацыя. Але ўсё адно ёсць вельмі-вельмі шмат людзей, асабліва моладзі, якія не бачаць сябе без свабоды. І гэта ўжо час такі. Час прайшоў!

Цалкам размову з рэжысёрам Алэсем Саніным слухайце ў плэеры ніжэй:

Comments are closed.