Loading

Уласныя вершы і пераклады сусветна вядомых хітоў другой паловы ХХ стагоддзя ўпершыню прадставіў журналіст тэлеканала «Белсат» Аляксей Дзікавіцкі, які паходзіць з Пінска. Усе творы напісаны на палескай гаворцы, што робіць новую кнігу «Світумузыка», як і папярэднюю «Оньдэ», цікавай з’явай ў літаратуры на неўнармаванай мове беларускіх палешукоў.

Прэзентацыя кнігі адбылася ў межах праекта Beer&History, які рэалізуецца ў беластоцкім пабе Beer4you. Першае, што адразу адзначыў для прысутных Аляксей Дзікавіцкі, народжаны ў 1973 годзе, ён не перарос тую музыку, у прыватнасці, heavy metal, якой захапляўся ў маладосці. І менавіта таму яму вельмі хацелася перакласці на палескую гаворку словы ўлюбёных ім песень. Але першая частка кнігі, якая даволі невялікая па памерах і выдадзеная накладам у 300 экземпляраў, аддадзена пад вершы. Вершы на палескай гаворцы, бо ні на якой іншай мове, нават беларускай, яму пісаць іх не атрымліваецца, сцвярджае Дзікавіцкі. А палеская говорка аўтару вядома з дзяцінства, якое ён правёў у бабульчынай вёсцы пад Пінскам, і да сямі гадоў толькі па-палеску і размаўляў.

Аляксей Дзікавіцкі

Аўтар прачытаў шмат розных вершаў. Сярод іх лірычныя, натхняльныя, сумныя. Апошні, паводле яго, быў напісаны зусім нядаўна і стаў рэфлексіяй на здарэнне на расійска-украінскай вайне, калі палоннага ўкраінскага салдата Аляксандра Мацыеўскага расстрэльваюць расійскія акупанты, пасля яго слоў «Слава Украіне». Кадры таго расстрэлу абыйшлі сусветныя медыя, а Мацыеўскаму было прысвоена званне Героя. Гэты верш Дзікавіцкі прысвяціў абаронцам Украіны.

Сітуацыя ў Беларусі таксама не засталася на сустрэчы па-за ўвагай паэта, які з 2001 года жыве і працуе ў Польшчы. Ён узгадаў пра палітычных зняволеных, у прыватнасці, журналістаў «Белсату», якіх рэжым Лукашэнкі пакараў за іх прафесійную дзейнасць. З роднымі зняволеных журналістаў, як адзначыў Дзікавіцкі, маральна яму вельмі цяжка камунікаваць.

«З бацькам адной з нашых дзяўчын, якая сядзіць у турме, я падзяліўся такой думкай, што калі іду ў Варшаве пасля працы ці ў выходныя, заходжу ў кавярню, бяру сябе піва ці марожка ці каву, я часта думаю, што яна, ваша дачка, не можа вось так, а я магу. Мне сорамна і нават кавалак у горла не лезе. Мы пагаварылі і ён ёй гэта перадаў. І вось, што наша каляжанка адпісала зусім нядаўна нам у лісце: «Ён там казаў пра марожка і каву, то перадай, каб ніколі пра гэта не думаў, пра дрэнныя рэчы, а толькі радаваўся тым добрым хвілінам і гадзінам, якія мы разам правялі як калегі. А яшчэ перадай, што я люблю фісташкавыя і сметанковыя лёды. І вось калі будзеш ісці міма кавярні, то замоў гэта за мяне і з’еш. І яшчэ чырвонае Савіньён. І выпі, калі хочаш. Выпі гэта за мяне і з’еш гэта за мяне», – распавёў жарналіст «Белсата»

У другой частцы сустрэчы Аляксей Дзікавіцкі прадставіў пераклады слоў вядомых амаль для кожнага песень.

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.