Loading

У Башкартастане пачалі з’яўляцца заклікі сабрацца на акцыю пратэсту ў сталіцы рэспублікі. Да гэтага пратэсты праходзілі толькі ў невялікім горадзе Баймак за 400 км ад Уфы. Далучацца да акцый пратэсту запрашаюць і жыхароў іншых нацыянальных рэспублік Расійскай Федэрацыі. Пратэсты ў абарону башкірскага актывіста Фаіля Алсынава ўсё больш набываюць нацыянальную афарбоўку.

Наколькі моцнае жаданне нерасійскіх народаў Расіі вызваліцца з-пад імперскага прыгнёту нам пракаментавала чалец Лігі вольных нацыяў, намесніца прэм’ер-міністра Незалежнага ўраду Татарстана ў выгнанні Аіда Абдрахамава.

Апошнія падзеі ў Башкартастане, вядома ж, узрушылі ўвесь Ідэль-Урал. Я б нават сказала, што ўсе нацыянальныя рэспублікі ў Расіі і рэгіянальныя рухі. Што там адбываецца? Гэта адчайная барацьба башкірскага народа за аднаўленне справядлівасці і жаданне адстаяць аднаго з актыўных абаронцаў правоў башкірскага народу і прыроды ў тым ліку. Але ў чарговы раз мы бачым, што судовая сістэма Расіі паказала сваю праўладнасць і поўную адсутнасць прававой базы. 

Канкрэтны выпадак Фаіля Алсынава, якому напярэдадані быў вынесеы прысуд – за тое, што народ толькі дазволіў сабе выйсці на акцыю падтрымкі свайго супляменніка, суддзя прысудзіў яго да яшчэ больш суворага выраку, чым запытвала абвінаваўца. А вось тысячам людзей, якія выйшлі дзеля справядлівасці, адмовілі нават у звычайным дыялогу з прадстаўніком улады. 

Спыніць гэты тэрор супраць насельніцтва магчыма толькі, стварыўшы ўласную, вольную ад імперскай Масквы, дэмакратычную прававую дзяржаву. А вось застаючыся ў складзе так званай Расійскай Федэрацыі, народы не змогуць захавацца як этнасы, не змогуць захаваць прыроду, не змогуць абараніць свае правы. Ну а пасля асіміляцыі, вядома ж, нас чакае толькі поўнае знікненне ўсіх нерасійскіх народаў. Такая ж сітуацыя ва ўсіх нацыянальных рэспубліках. Тут без адрозненняў, як пад капірку, можна сказаць. 

Наколькі зараз у Расіі існуе нейкі ўнутраны рух супраціву нерасійскіх народаў? 

У нас ёсць там прыхільнікі незалежнасці, актывісты ёсць. Але на гэты момант у іх няма магчымасці дзейнічаць. Я лічу, што для нейкіх дзеянняў мусіць саспець сітуацыя як унутры, так і вонкава. Усё мусіць супасці. На гэты момант я не лічу, што сітуацыя ўнутры досыць нацятая і саспела, каб усе рэспублікі і ўсе актывісты выйшлі і адбылася дэкаланізацыя Расійскай Федэрацыі, да якой мы ўсе імкнемся, то бок – развал Расіі. 

Цалкам размову з Аідай Абдрахамавай слухайце ў плэеры ніжэй: 

Comments are closed.