Loading

У Львове адкрылася выстава беларускага фотамастака Яўгена Ацецкага з назвай «Пад ударам». Яна распавядае пра тое, як тылавы горад змяняўся пасля пачатку паўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну.

Адкрыццё выставы адбывалася без прысутнасці аўтара фатаграфіяў Яўгена Ацецкага, які зараз знаходзіцца не ва Украіне. Але, як паабяцалі арганізатары, аўтар абавязкова яшчэ пабудзе на сваёй выставе, правядзе аўтарскія экскурсіі і выступіць на закрыцці.

Тым не менш, падзея ў Львоўскім палацы мастацтваў выклікала цікавасць у жыхароў горада і адкрыццё сабрала ў адной з залаў палацу некалькі дзясяткаў гледачоў.

Суарганізатарка выставы Анісія Казлюк, пачынаючы цырымонію адкрыцця каротка распавяла пра аўтара і тое, чаму ён прысвяціў свае працы.

«Гэта выстава беларускага фатографа, беларускага палітычнага эмігранта Яўгена Ацецкага, які пачаў жыць у Львове як раз з пачаткам актыўнай фазы вайсковых дзеянняў і ён фіксаваў амаль штодня тое, як горад адаптуецца да такой знешняй пагрозы».

На трох дзясятках фотаздымкаў прадстаўленыя самыя розныя моманты жыцця Львова пасля 24 лютага 2022 года. Тут і ўшанаванні загінулых каля мемарыялу Нябеснай сотні, сярод партрэтаў на якім і партрэт беларуса – Героя Украіны, Міхася Жызьнеўскага, і кадры з Львоўскага вакзала з чэргамі людзей каля цягнікоў, калі праз Львоў людзі ўцякалі ад бамбёжак і ракетных абстрэлаў, і пляценне маскавальных сетак, і акцыя з дзіцячымі вазочкамі па колькасці загінулых на той момант ад расійскай зброі ўкраінскіх дзетак. І пахаванні загінулых герояў на мемарыяльным цвінтары Марсава поле, і цалкам сабе «мірныя» мінакі на бульвары каля Опернага тэатру, якія слухаюць вулічных музыкаў.

Анісія Казлюк адзначыла, што, рыхтуючы выставу, арганізатары сутыкнуліся з нечаканымі праблемамі – ім адмаўлялі розныя выставачныя пляцоўкі, калі даведваліся, што гэта будзе выстава фотатвораў беларуса.

«Увогуле, гэта ўсё адбываецца ў межах стыпендыяльнай праграмы Free Belarus Center, якая тры месяцы падтрымлівала 10 адабраных удзельнікаў, якія знаходзяцца ва Украіне, з іх праектамі. І адным з праектаў было правядзенне выставаў беларускіх мастакоў ва Украіне. Іх павінна было быць тры. Вось гэта – першая. Таму што мы сутыкнуліся са складанасцю, што не хочуць месцы даваць, дзе праводзіць, што не хочуць куратары супрацоўнічаць з беларусамі. Людзі проста не адказвалі, альбо пераставалі адказваць, калі камунікацыя ўжо была. Адна з перапісак: нас папрасілі трохі распавесці пра мастака, мы распавялі, і людзі перасталі адказваць. У некаторыя месцы я ездзіла разам з арганізатарам у саму галерэю, і без цікаўнасці ставіліся да таго, што мы ім прапаноўвалі. А тут нас прынялі без пытанняў. Нам адразу прапанавалі запоўніць папяровую заяўку пра тое, што мы просім надаць нам памяшканне на пэўныя даты, бясплатна, абсалютна станоўча да нас паставіліся, падказалі, дзе можна надрукавацца, падказалі, што мы можам з 28-га ўжо пачынаць тут мантаваць. То бок, тут нас прынялі абсалютна станоўча і без аніякіх праблем».

Арт-куратарам выставы стаў львоўскі мастак Андрый Рыбка. Спадар Андрый распавёў нам, што спачатку і ён вагаўся ці брацца за арганізацыю фотавыставы, а таксама пра тое, як ён разумее беларускую сітуацыю.

«Адпаведна пэўных падзеяў, якія адбываліся… ну, то бок, мы кожны нейкі перыяд бегаем у бомбасховішчы, і гэтыя самалёты ўзлятаюць у Беларусі. Адпаведна, вядома ж, што ў любога нармальнага чалавека ёсць нейкія рэфлексіі проста на гэтыя падзеі, ёсць нейкая абраза, ёсць агрэсія і гэтак далей. Таму гэтыя пачуцці складана перадаць. І калі ты бачыш навіны, гэтыя падзеі, адпаведна, ты і рэагуеш. Але не ўсе людзі гэта падтрымліваюць у Беларусі. І таму з беларускага боку мы не бачым, скажам, такіх актыўных дзеянняў, таму што, на мой погляд, у іх захавалася гэтая чалавечнасць. І таму пачатковая абраза, яна на вагах пераважвала. Ведаеце, усім трэба нейкі час каб адпусціць нешта, пераасэнсаваць і не абражацца. Зразумела, што большасць беларусаў ёсць гуманныя людзі і я маю надзею, што яны такімі застаюцца і будуць заставацца. Бо, калі разглядаць такую гістарычную антрапалогію, то я не памятаю, каб беларусы на кагосьці нападалі. Яны проста зараз у складанай сітуацыі. І я гэтую сітуацыю таксама называю акупацыяй. Акупацыяй мясцовай уладай тых дэмакратычных, насамрэч, інстытуцыяў, якія яны ўжо ператварылі ў далёка не дэмакратычныя і ў негуманнае стаўленне да чалавека».

Юрась – адзін з прысутных на адкрыцці выставы беларусаў, які прыехаў у Львоў амаль у той жа час, што і Яўген Ацецкі. Спадар Юрась пагадзіўся з бачаннем аўтара таго, што адбывалася ў першы год паўнамаштабнай расійска-ўкраінскай вайны.

«Больш, усё ж-такі, супадае, бо яркіх колераў ты папросту не заўважаў. Гэта зараз ужо трошкі «мірнае» жыццё. Я сябе там убачыў нават на фотаздымку. І хачу сказаць, што па-сутнасці гэта класна. Гэта нават, я б сказаў, такая больш рэпарцёрская праца. Бо гэта добрая ілюстрацыя даф артыкула, як я бачу. Гэта адна фатаграфія можа расказаць сапраўды, як якісьці артыкул па пэўнай тэме. Гэта часціна, напэўна, і майго жыцця».

Выстава фотаработ Яўгена Ацецкага працягнецца да 17 траўня ў Львоўскім палацы мастацтваў за адрасам вуліца Мікалая Каперніка, 17. Уваход на выставу вольны.

Цалкам рэпартаж з адкрыцця выставы слухайце ў плэеры ніжэй:

Comments are closed.