Loading

Пісьменнік і гісторык Уладзімір Арлоў, які цяпер знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі ў Беластоку, стаў адным з 11 лаўрэатаў штогадовай прэміі маршалка Падляшскага ваяводства за дасягненні ў галіне мастацкай творчасці, пашырэння і аховы культуры. 5 снежня ў сядзібе Маршалкоўскай управы адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне беларускага літаратара.

Варта адзначыць, што рашэнне аб тым, хто сёлета будзе ўзнагароджаны прэміяй у памеры 10 тысяч злотых, было прынята на паседжанні праўлення Падляшскага ваяводства 15 лістапада. Атрымліваючы памятную статуэтку і адпаведнае пасведчанне, Уладзімір Арлоў паведаміў, што гэта ўжо трэцяя ўзнагарода, якой яго творчасць ушанавана ў Польшчы.

— Гэта трэцяя мая польская ўзнагарода. Я маю прэмію ад Гданьскай мэрыі «Еўрапейскія паэты свабоды». Маю срэбны медаль Gloria Artis за заслугі ў польскай культуры. Цяперашняя ўзнагарода мне асабліва дарагая, таму што атрымана тут на Падляшшы, якое дала мне і многім беларусам, у тым ліку, і беларускім творцам прытулак у гэты вельмі цяжкі час для нашай краіны, для ўсіх, хто служыў і працягвае служыць беларускай культуры, і ўсіх беларусацэнтрычных людзей.

— Уцёкі і жыццё ў вымушанай эміграцыі спрыяюць творчасці?

— У мяне было заўсёды так, што творчасці спрыялі найперш родныя мясціны, родныя сцены ў Мінску, у Полацку, у бацькоўскай кватэры, дзе цяпер жыве мая сястра, дзе мой улюбёны фатэль і стол, за якім я таксама нямала напісаў, як і ў Мінску. Безумоўна, новая экзыстанцыйная сітуацыя, якую я называю «У дарозе», надае новыя ўражанні, падказвае новыя сюжэты. Але гэта сітуацыя вельмі няпростая для творчай засяроджанасці. Тым не менш, у мяне напісана ўжо больш за сотню старонак новай кнігі. Я спадзяюся, што давяду гэтую справу да канца. Ну і тут ужо на Падляшшы, у Польшчы выйшла новая мая кніга «Айчына. Ад Агінскага да Багушэвіча». Я яе тут дапрацоўваў, рыхтаваў да друку. Часткова яна была зроблена ў Беларусі, большая частка, але кавалак працы быў і тут. І выйшла новае выданне кнігі «Імёны свабоды» амаль з 50 новымі героямі, пра якіх мае гэтыя кароткія гістарычныя партрэты былі таксама напісаныя ўжо не ў Беларусі. Я мяркую працягваць гэту кнігу, таму што з’яўляюцца новыя героі, чыё жыццё завяршылася, але яно было прысвечанае Беларусі.

У мяне журналісты не раз пыталіся пра творчыя планы, я думаю, што ўстрымаюся. Гэта традыцыйнае пытанне. Устрымаюся, каб не насмяшыць Бога, як кажуць, згадваючы сваю бабулю, добрую вядзьмарку, якая мяне вучыла яшчэ малога, што пра тое, што збіраешся зрабіць, ніколі не кажы, каб зрабілася.

Віншуючы спадара Уладзіміра і іншых узнагароджаных, Маршалак Падляшскага ваяводства Артур Касіцкі адзначыў, што грошай на культуру, якія выдатковае ваяводскае самакіраванне, з кожным годам усё больш.

— На культуру ў 2017 годзе мы выдавалі 60 млн злотых. У гэтым годзе на культуру выдаем ужо 140 млн злотых. У 2024 годзе плануем, каб гэта была сума 240 млн злотых.

Артур Касіцкі

Comments are closed.