Loading

«Калі вам абавязкова патрэбная ахвяра, вазьміце мяне» – так называецца артыкул, прысвечаны жанчынам у паўстанні 1863 года. Яго для часопісу «Sztuka. Мастацтва вельмі польскае» напісала Ала Пігальская. Свой тэкст беларуская даследчыца стварала на падставе дзённікаў Алены Скірмунт – мастачкі і скульптаркі з Піншчыны са знакамітага роду Скірмунтаў.

  • Што гэта была за жанчына?
  • Дзе можна ў Варшаве ўбачыць яе працы? (спойлер – у Нацыянальным мастацкім музеі )
  • І якое Алена Скірмунт мела дачыненне да паўстання 1863 года?

Пра гэта і не толькі Ала Пігальская распавяла ў эфіры Радыё Ўнэт. Слухайце аўдыё і чытайце ўрыўкі з артыкула нашай госці.

«Цяпер ужо не падлягае сумневу, што паўстанне 1863 года паспрыяла эмансіпацыі жанчын на тэрыторыі, якую тады называлі Літвой, – эмансіпацыі, якая адбывалася на тле прамысловай рэвалюцыі з выніклай урбанізацыяй».

Ала Пігальская

«Дзейнасць жанчын найменей задакументаваная і таму найменш вядомая. Гэта аб’ектыўныя чыннікі таго, што ўнёсак жанчын застаецца ў ценю нават праз 160 гадоў пасля паўстання. Барацьба жанчын адбывалася ва ўласных дамах, засценках і маёнтках, то-бок у прыватнай прасторы, найменей відавочнай для сучаснікаў і яшчэ меней – для нашчадкаў. Амаль адзінай крыніцай застаюцца крымінальныя справы (пераважна звесткі аб тых, хто трапіў пад рэпрэсіі) ці публікацыі ў газетах кшталту «Пецярбургскіх нататак», дзе высмейвалі грамадзянскі супраціў жанчын Літвы і Польшчы. Але нават гэтыя сціплыя крыніцы сведчаць, што ў паўстанні 1863 года бралі ўдзел і падпалі пад рэпрэсіі шмат нашчадкаў удзельнікаў паўстання 1830 года».

Алена Скірмунт

«Новая форма ўдзелу жанчын у барацьбе – выконваць заданні па дастаўцы паведамленняў і пошты па-за дзяржаўнай сістэмай. Звесткі пра кур’ерак таксама трапляюць да нас праз дакументацыю рэпрэсій. Кур’еркамі працавалі шмат дзяўчат, бо яны выклікалі менш падазрэнняў. Моднае і распаўсюджанае ў тыя часы крыналінавае адзенне вельмі пасавала да таго, каб у ім нешта хаваць: напрыклад, раздрукоўкі ці нават друкарскае абсталяванне! Але калі кур’ерак выкрывалі, то каралі нароўні з мужчынамі. Менавіта за гэта пазнала пераслед і Алена Скірмунт. Вядома, што яна была затрыманая пры перадачы данясення Рамуальду Траўгуту».

«Шлях да месца выгнання заняў каля месяца. Алена Скірмунт ехала з двума слугамі (Стэфаніяй і Язэпам), для сябе наймала воз, каб цярпець менш пакутаў у дарозе. Увесь шлях да Тамбова Алена змагалася за права не аплачваць «прагоны» свайму эскорту – расійскім жаўнерам».

«Актыўны ўдзел жанчын у пратэстах праз амаль 160 гадоў паказвае пераемнасць традыцыі, нават калі пра яе не расказана ў гістарычных даследаваннях ці мастацкіх творах. Пераемнасць не толькі ў актыўным удзеле і падтрымцы народнага руху, але і ў сціплым захаванні сведчанняў свайго ўдзелу».

Comments are closed.